Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытны саюз: страты і набыткі


Беларускія мытная і праваахоўныя органы заяўляюць пра праблемы, зь якімі яны сутыкнуліся пасьля далучэньня Беларусі да мытнага зьвязу з Расеяй і Казахстанам. У той жа час прадпрымальнікі атрымалі новыя магчымасьці ў сувязі з больш лібэральным мытным заканадаўствам.

"Спэцыялісты адзначаюць, што Беларусь ужо зараз недаатрымлівае ў бюджэт вялікія сумы грошай у выглядзе мытных і падатковых адлічэньняў з-за прыцягненьня ў эканамічны абарот тавараў трэціх краін, незаконна ўвезеных на яе тэрыторыю. Ёсьць усе падставы меркаваць, што магчымасьць свабоднага перасоўваньня гэтых тавараў у рамках мытнага саюзу можа пагоршыць праблему ", – адзначаецца ў паведамленьні прэсавай службы МУС Беларусі.

Новыя мытныя правілы шмат у чым больш лібэральныя за ранейшыя: раней можна было бязмытна ўвозіць тавараў на 1000 эўра і да 35 кіляграмаў вагі, зараз – на 1500 эўра і да 50 кіляграмаў вагі, раней не абкладаўся мытам увоз 2 літраў алькаголю, зараз – 3 літраў, раней без дэклярацыі можна было ўвезьці 3 тысячы даляраў, зараз – 10 тысяч (сьпіс зьменаў гл. на сайце мытнага камітэту Беларусі).

Зьмяніліся правілы ўвозу тавараў, купленых на распродажах, зараз іх мытная цана супадае з фактычнай.

Сваю ацэнку сытуацыі, якая склалася для прыватнага бізнэсу пасьля ўступленьня Беларусі ў мытны саюз, прапануе лідэр грамадзкага руху «За вольнае прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў:

Гарбачоў
: З увядзеньнем новых мытных правілаў адбылася пэўная лібэралізацыя, якая дае магчымасьць прадпрымальнікам весьці справы больш адкрыта. Гэта тычыцца ўсяго бізнэсу – ад дробнага да буйнога. Калі дробны бізнэс мог праводзіць 35 кіляграмаў бяз мыта, то зараз можа 50. Адпаведна аб'ём імпарту павялічыўся і дзяржава гэта адчувае. Свае склады ізноў пачалі разгружацца павольней, чым хацелася б.

Дазволены пэўны правоз электронікі бяз мыта, і прадпрымальнікі, якія займаюцца чаўночным бізнэсам у Польшчы, Літве ці Ўкраіне, пачалі павялічваць завоз гэтай прадукцыі – гэта тэлевізары, мікрахвалёўкі і іншае. Гэта таксама адбіваецца на нашай эканоміцы.Прадпрымальнікі карыстаюцца гэтымі магчымасьцямі, каб падняць свой бізнэс пасьля эканамічнага крызісу. Прадпрымальнікі, зразумеўшы новыя магчымасьці, пазначаюць на тавары, якія ўвозяць, не рэальную цану, а нашмат меншую, каб тавар абкладаўся меншым мытам. Сёньня стала менш карупцыйных стасункаў з мытнымі арганамі, ня трэба дамаўляцца.

Сёньня ў Астане (Казахстан) адбудзецца нарада кіраўнікоў МУС дзяржаваў-удзельніцаў мытнага камітэту: Анатоля Куляшова (Беларусь), Рашыда Нургаліева (Расея), Серыка Баймаганбетава (Казахстан).

Сярод тэмаў нарады – наступствы фармаваньня мытнага саюзу для крымінальнай сытуацыі ў краінах-сябрах саюзу.
У прыватнасьці, у МУС Беларусі не выключаюць, што разьвіцьцё інтэграцыйных працэсаў пацягне стварэньне новых злачынных схем з удзелам бізнэс-структур дзьвюх і больш краінаў, выкарыстаньнем фіктыўных дакумэнтаў. Паводле МУС Беларусі “актывізуюцца спробы незаконнага перасоўваньня празь мяжу тытунёвых і алькагольных вырабаў, сьпіртазмяшчальных вадкасьцяў, прызначаных для вытворчасьці таннай кантрафактнай алькагольнай прадукцыі. Магчыма арганізацыя каналаў нелегальнага вывазу вырабаў, якія ўтрымліваюць каштоўныя і дарагія рэдказямельных і каляровыя мэталы з тэрыторыі краін мытнага саюзу для рэалізацыі на тэрыторыі краін Эўразьвязу”.


Даведка: Што і колькі можна везьці ў Шэнгенскую зону?


Шэнгенская зона, унутры якой адменены памежны кантроль, на сёньняшні дзень уключае 25 эўрапейскіх дзяржаваў. Усе дзяржавы акрамя трох — Швайцарыі, Ісьляндыі і Нарвэгіі — належаць да Эўразьвязу. Тры сябры Эўразьвязу — Румынія, Баўгарыя і Кіпр — пакуль не абнятыя адзінымі мытнымі правіламі Шэгенскай дамовы.

Асобам, якія ўяжджаюць у Шэнгенскую зону, дазволена перавозіць з сабою бяз мытных аплатаў да 200 цыгарэтаў або 50 цыгараў ды 1 літар гарэлкі або 2 літры віна. Агульны кошт іншых тавараў, якія падпадаюць пад вызначэньне "падарункі" і не абкладаюцца мытам, не павінен перасягаць сумы 175 эўра.

Асобы, якія ўяжджаюць у Шэнгенскую зону або пакідаюць яе, не абавязаныя дэкляраваць мытнікам перавоз грошай і чэкаў, сума якіх меншая за 10 тысяч эўра.

Унутры Шэнгенскай зоны няма памежнага кантролю, але мытнікі маюць права праверыць ваш багаж у любым месцы зоны. Паміж краінамі Шэнгенскай зоны грамадзянам Эўразьвязу можна перавозіць аднаразова, бяз мытных дэклярацый і аплатаў, да 800 штук цыгарэтаў і 200 цыгараў ды да 10 літраў гарэлкі, 90 літраў віна і 110 літраў піва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG