Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яраш Малішэўскі – пра кнігі, аўтарам якіх трэба паставіць помнікі


Яраш Малішэўскі
Яраш Малішэўскі

На Лысай гары пад Менскам мусіць быць помнік Вядзьмаку-Лысагорскаму, а ля Гальшанскага замку – Уладзімеру Караткевічу, лічыць гісторык і краязнаўца Яраш Малішэўскі. Аргумэнты пра тое, дзе і каго зь беларускіх літаратараў трэба ўвекавечыць манумэнтальнымі выявамі, ён выклаў у сваім прыватным рэйтынгу.



Уладзімер Караткевіч. Чорны замак Альшанскі. Том 7. Збор твораў у 8 тамах. Менск, «Мастацкая літаратура», 1990

Пра гэты твор напісана ды прамоўлена ўжо гэтак шмат, што цяжка дадаць штосьці новае. Але з “пазыцыяў помніка” – чаму б і не? “Чорны замак…” павярнуў тысячы людзей да беларушчыны, расплюшчыў вочы на тое, хто мы і што мы. Твор, які выправіў нас у беларускі шлях.

Ля замку ў Гальшанах я і бачу помнік Караткевічу. Натуральна, можна пачуць запярэчаньне: “пры чым тут тутэйшы замак?” Маўляў, адукаваны чалавек мусіць ведаць, што Альшаны – месца, так бы мовіць, “зборнае”. Але ж ніхто і ня будзе адмаўляць, што адным з найгалоўных складнікаў для пісьменьніка ў гэтым сэнсе быў менавіта ён – замак у Гальшанах. І помнік, як я ўяўляю, будзе калісьці глядзець не на тыя руіны, што змушаюць сьціскацца кулакі, а на жывы замак. Дзе знойдзецца месца і музэю, і зданям, і легендам. І Караткевічу.


Міхась Стральцоў. Смаленьне вепрука. Выбранае. Менск, “Мастацкая літаратура”, 1974

Гэта, без сумлеву, твор, у якім увесь Стральцоў. У “Смаленьні…” сканцэнтраваныя такія моцныя пачуцьці, што ў ім нібы плывеш, адчуваючы колеры, пахі, гукі. Гэта нават цяжка дакладна растлумачыць, у гэтым мо і загадка апавяданьня. Яго можна перачытваць шмат разоў і штораз знаходзіць нешта новае. Некія найтанчшэйшыя, найдалікатнейшыя і адначасова пранізьлівыя адчуваньні. Код беларускасьці.

Тут – усё сапраўднае, ненадуманае, тое, што схавана ў беларуса дзесьці глыбока ўнутры. Тое, пра што сам часам ня ведаеш, а вось зьявіўся нейкі нібы камэртон і -- загучэла твая душа. Быццам сам растаеш ў тым стылым восеньскім паветры…

Штосьці агульнае знаходжу я і ў райцэнтры малой Радзімы Стральцова, Слаўгарадзе – месьце, дзе бачыцца помнік. Зямля, якую апаліў Чарнобыль, дзе адчуваньне пранізьлівасьці ёсьць асабліва моцным. Там, дзе сэрца шчыміць.

“Ідуць ужо халады, бяруцца прымаразкі – ападаюць інеем сырыя туманы”.


Васіль Быкаў. Сьцяна. Менск, “Наша Ніва”, 1997

“Сьцяна” прысьвечаная беларускай гісторыі мінулага стагодзьдзя. Кожны твор кнігі – жорсткая сытуацыя, у якой апынаецца чалавек. Гранічная, страшная, калі ад самога цябе ўжо нічога не залежыць. Загнананаму ў пастку чалавеку даецца адна магчымасьць: захаваць сваю годнасьць. Страшнае для Беларусі дваццатае стагодзьдзе, у якім апынаецца і чытач, робячы свой выбар. На старонках “Сьцяны” адвечная праўда – застацца чалавекам у самы жахлівы час.

Той помнік, пра які я думаю, – у Горадні, дзе Быкаў пражыў амаль чвэрць стагодзьдзя, дзе стварыў вялікую частку сваіх твораў. Быкаў стаўся для Горадні сваім, тым, без каго яна ўжо цяпер проста не ўспрымаецца. Сёньня, дарэчы, ідзе змаганьне за “вуліцу Быкава” з уладай, якой ён і сёньня – як костка ў горле.

“Дык, можа… перастанем быць дурнямі. Убачым пра сябе праўду. Нават і непрывабную, -- пісаў Быкаў у прадмове. Праўда ў гісторыі – функцыя адназначная, зь яе робяць урокі. З хлусьні ніякіх урокаў ня зробіш, апроч новай хлусьні.”



Францішак Савіч. Там блізко Піньска. Шляхам гадоў. Менск, “Мастацкая літаратура”, 1994


Ад беларускамоўнай творчай спадчыны гэтага чалавека нам застаўся толькі адзін верш. Нічога дзіўнага тут няма: калі ўлічваць спэцыфічны лёс Савіча, дык і тое – нямала. Магло б не ацалець і гэтага. Лёс Францішка Савіча ўжо сам па сабе варты прыгодніцкага раману, стужкі, сэрыялу… Па сутнасьці – “клясычны” лёс беларуса 19 стагодзьдзя, што трапіў у жорны акупацыйнае машыны, якая трушчыла забраны край і ягоны народ.

Жыцьцё Францішку было адмерана кароткае – тры дзясяткі гадоў, але падзеяў і прыгодаў – з коптурам. Сын уніяцкага сьвятара, студэнт, вязень, жаўнер, уцякач. Заснавальнік “Дэмакратычнага таварыства”. Змагар і паэт.

“Так, - прысягаем на Господа Бога…
Шчо на той землі не повстане нога,
Ані эта поганьска, ані гэта тыраньска-
Хоць ся вкорэніт як сіла шатаньска.”

Палесьсе, дзе за часамі расейскае акупацыі колькасьць помнікаў адно зьмяншалася, чакае іх -- новых. Родам Савіч зь Піншчыны. Так што помнік можа быць узьведзены ў сталіцы Палесься, дзё ён навучаўся ў павятовай вучэльні. Скажам, дзесьці ля велічных, добра знаёмых яму муроў езуіцкага калегіюму.


Францішак Вядзьмак-Лысагорскі. Сказ пра Лысую Гару. Менск, Выдавецтва ЦК КПБ, 1988

Вакол паэмы жарсьці віравалі ад моманту “самвыдатаўскага” зьяўленьня. Хто з майстроў пяра крыўдаваў, хто злаваўся, хто шчыра рагатаў, чытаючы пра сваіх суседзяў, знаёмых, а то і пра самога сябе. У свой час нямала паламалі дзідаў, высьвятляючы новыя падрабязнасьці пра аўтара. Ды гэта ня так і важна. “Сказ…” стаўся адной зь “першых ластавак” ў Беларусі, якая пасьля “вясёлых трыццатых” нават на самвыдатаўскі гумар не магла адважыцца.

Месца, пра якое вядзецца гаворка – само па сабе незвычайнае. Апрача многіх сучасных беларускіх клясыкаў, якія пісалі там творы, корпаліся ў градах, кулялі па чарцы, Лысая Гара – колішняя паганская сьвятыня. З валунамі, зусім маленечкім, але старажытным ледавіковым возерам, вялізнымі каржакаватымі дубамі. І вось помнік Ведзьмаку-Лысагорскаму там надта прыдаўся б. А якім ён будзе, тут ужо варта памаракаваць. Зноў жа – сходам?

“Аднак жа хопіць. Больш ні слова.
Мне адпачыць даўно пара,
Бывай жа, брація, здарова,
Да стрэчы, Лысая Гара!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG