Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бярозе зьнішчылі вежу польскага канцлягеру


У Бярозе мясцовыя ўлады зьнішчылі шасьцікутную бэтонную вежу былога польскага канцэнтрацыйнага лягера. Руйнаваньне помніка адбылося намаганьнямі мясцовай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, загад паступіў з райвыканкаму, і за некалькі дзён вежу разбурылі. Зь якой мэтай праводзіліся гэтыя працы — мясцовая адміністрацыя не камэнтуе. Да гэтага ў раёне былі зруйнаваныя Петрапаўлаўская царква, жылая забудова манастыра картузіянцаў, зьнішчаны стары парк.

Што да вежы, то будынак адносна добра захаваўся. У добрым стане былі асноўныя сьцены, на якіх трымалася пляцоўка з дахам, дзе знаходзіліся назіральнікі. Выключэньне складала толькі верхняя частка вежы. Акрамя іншага гэта было апошняе памяшканьне канцэнтрацыйнага лягеру, якое было пабудавана менавіта для канцлягера.

У рэгіёне гэта не адзінкавы выпадак руйнаваньня помнікаў чыноўнікамі. Так, напрыклад, у горадзе Высокае, што ў Камянецкім раёне, руйнуецца будынак сынагогі. Паводле гісторыкаў і краязнаўцаў, сынагога ў Высокім была пабудавана прыблізна ў пачатку XVII стагоддзя. Гэта цагляны будынак агульнай плошчай 176,2 квадратных мэтры да 1925 года быў малітоўным домам мясцовай габрэйскай абшчыны, а пасьля зрабіўся школай. Дзякуючы сваёй архітэктуры старая сынагога ня раз згадвалася ў працах краязнаўцаў. Цяпер будынак прададзены прадпрымальнікам, якія плянуюць стварыць тут аўтасэрвіс, або забаўляльную ўстанову. Прычым у мясцовым Бюро тэхнічнай інвэнтарызацыі камэнтуюць, што будынак сынагогі не 1607 года, а 1936-га. Ды і не сынагога гэта зусім, а, паводле тэхпашпарта, «цагляны будынак хлява».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG