Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Таму так і жывем – у хлусьні і галечы"


У эфіры "Званкі на Свабоду"! У пацярпелых ад сьпёкі рэгіёнах сяляне вязуць яблыкі на нарыхтоўчыя пункты і сутыкаюцца зь перашкодамі. Чаму ня ўсе могуць здаць сабраны ўраджай? Якая ідэалёгія цяпер у беларускім войску? На якіх каштоўнасьцях будуць выхоўваць маладых беларускіх салдат?

Іван Галковіч са Сьветлагорску хацеў здаць яблыкі ў нарыхтоўчую кантору, але ад яго запатрабавалі розныя даведкі. Сп.Галковіч з гэтай нагоды кажа:

“Пазваніў у Сьветлагорскі райзах —кантору, якая займаецца нарыхтоўкамі. Кажу: як вам здаць яблыкі? Нейкую даведку трэба, што ў мяне ёсьць участак, што я маю права. Я ў лесе, там столькі яблыкаў расьце, там ніякіх даведак няма. Дык я кажу: што вы робіце? Забярыце, я вам прывязу, толькі плаціце грошы. Калі ўкраў, то злавіце і пакарайце. Яблыкаў, як гною ў гародзе, а пакуль даведку вазьму — дык і яблыкі пагніюць.

Палітык Юрась Беленькі камэнтуе гэтую сытуацыю:

Юрась Беленькі
"Дзяржава, калі яна зацікаўленая ў тым, каб быў эканамічны росквіт, мусіць стварыць такія эканамічныя ўмовы, якія б найбольш стымулявалі выраб прадуктаў, захаваньне гэтых прадуктаў, іх якасьць, давядзеньне да спажыўца, стымулявалі б гандаль як унутраны, так і зьнешні.

Тыя органы, якія мусяць сачыць, каб суб'екты гаспадараньня выконвалі закон, плацілі падаткі, могуць узьдзейнічаць. Але, ну якую шкоду прынёс гэты гаспадар? Што, ён мог атрымаць фантастычныя даходы? Канешне, не! Дзяржава ня мусіць рабіць нейкія захады. Гэта ж не здабыча нафты. Не цяпер: "Нясі даведку", а потым, калі раптам убачаць, што нехта сыстэмна пастаўляе і атрымлівае вялікі даход і не плаціць падаткі.

Чалавек прывёз на нарыхтоўчы пункт яблыкі, якія потым пойдуць на джэм ці сок. Гэта ж добра. Розьніца ў падыходах, у псыхалёгіі, філязофіі стаўленьня да эканамічнай сыстэмы".

Спадар Кавалёў — вайсковы пэнсіянэр. Ён патэлефанаваў на Свабоду, каб распавесьці, што ўчора, калі праводзіў унука ў войска, задумаўся пра тое, якая цяпер ідэалёгія ў беларускім войску. На якіх каштоўнасьцях будуць выхоўваць яго ўнука?

"Праводзіў унука ў войска, задумаўся, якая была ўстаноўка ў нашага генэралісімуса — кідацца пад натаўскія танкі, калі яны пойдуць на кармільцаў рэжыму, Ельцына і Пуціна. Цяпер на Ўсходзе — ворагі, бо ня хочуць рабіць беларускі эканамічны цуд. Доўга думаў і параіў унуку паглядзець тры сэрыі (а можа, будзе і працяг) расейскага кіно “Хросны бацька”.

Палітык Мікола Статкевіч таксама вайсковы пэнсіянэр. Служыў у войску і выкладаў у вайсковай вучэльні. Ён параўнаў тагачасную вайсковую сыстэму зь цяперашняй:

Мікола Статкевіч
"Ідэалёгія ў войску неабходная. Яна будуецца на ідэі патрыятызму. Самаадчуваньне войска залежыць ад гэтага. Каб усьведамляць сваю неабходнасьць, значнасьць у гістарычным кантэксьце.

Таму заўсёды ў войсках значную ўвагу надаюць вайсковай гісторыі дзяржавы. Адзінае выключэньне, якое я ведаю — гэта беларускае войска. Там якраз з улікам канцэпцыі асабістай дзяржавы галоўнымі ворагамі абвяшчаюцца тыя, хто зьяўляюцца асновай трываласьці любога войска — патрыёты Беларусі.

Чаму Лукашэнка будуе асабістую дзяржаву? Таму, што, калі будуюць незалежную дзяржаву, на ключавыя пасады ставяць яе патрыётаў, а ў нас іх вынішчаюць".

Слухачы Свабоды абмяркоўваюць палітычную і эканамічную сытуацыю ў краіне. Адзін са слухачоў каротка выказаў сэнс большасьці сёньняшніх званкоў:

Лукашэнкаўская ўлада і яго вэртыкаль ўсё зьядае з кулачка, прыкрыўшыся ад народу. Таму беларускі народ так і жыве. У хлусьні і галечы.

Вы слухалі званкі на "Свабоду". Нагадаю, што тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё “Свабода”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG