Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Д. Радкявічус. Пакуль літоўцы будуць “тутэйшымі”...


Хто такі “тутэйшы”? Першая рэакцыя – гэта характарыстыка, якая замацавалася ў грамадзкім, але неафіцыйным ужытку, у дачыненьні да жыхара ўсходняй ці, дакладней, паўднёва-ўсходняй Літвы. Працягваюцца дыскусія – паляк ён, ці беларус, ці – яшчэ банальней – дэнацыяналізаваны літовец. Прапануем Вашай увазе артыкул Даруса Радкявічуса ў часопісе Kelias.

Аднак усё больш здаецца, што вірусам “тутэйшасьці” прасякнута ўсе літоўская культурная спадчына. Яна расколатая на асобныя часткі, якія цяжка ўявіць сабе ў адной цэласьці. Мы тыцкаем пальцамі ў віленскіх літоўцаў, а тым часам усе мы ня маем культурных каранёў. Няважна, што на пачатку ХХ стагодзьдзя мы этнічна ачысьціліся, вызначылі новыя этнічныя межы літоўскасьці. І... сталі грамадзтвам паўжывёлаў або паўлюдзей.

Чалавек не нараджаецца духоўным. Такім ён становіцца жывучы і ўдасканальваючыся. Гэтак сама і нацыя сваю культурную, духоўную спадчыну можа набыць толькі доўгімі стагодзьдзямі перадаючы свой досьвед з пакаленьня ў пакаленьне.

Дзьвесьце гадоў акупацыі сфармавалі архетып, які пануе і дагэтуль: Літва – гэта маленькая краіна, якая ня можа мець уплыву ня толькі на сьвет, але і на суседзяў. Што паўтараюць нам цяперашнія лідэры краіны? Літоўцы мусяць быць прагматычнымі, прыстасоўваючыся да Realpolitik. Маўляў, Літва нічога ня можа зьмяніць, бо яна замалая, каб паўплываць на рашэньні Эўразьвязу. Было б яшчэ лепш, калі б сучасныя літоўцы з гэтым зьмірыліся, а сваё права на гэта дэлегавалі выключна лідэрам, якія гэтыя правы дэкляруюць.

І гэтыя ісьціны пануюць у апошняй паганскай краіне? З тысячагадовай гісторыяй?

Як замест літоўца зьявіўся тутэйшы


Таму і пануюць, што мы насамрэч нічога ня ведаем ні пра паганства, ні пра тую культуру. Нам тысяча гадоў толькі таму, што так пастанавілі хрысьціянскія летапісцы. Прадстаўнікі рэлігіі, якая была першай зьнішчальніцай літоўскай спадчыны, літоўскай этнічнай гісторыі і яе дахрысьціянскіх духоўных лідэраў.

Ці калі-небудзь паўставала пытаньне, чаму пачатак Літвы залежыць ад Квэдлінбурскіх аналаў? А можа пра Літву ведалі і раней – у дахрысьціянскай гісторыі? Хто з навукоўцваў, за выключэньнем цалкам ігнараванага “колам літоўскіх гісторыкаў” прадстаўніка літоўскай шляхты і міжваеннай інтэлігенцыі Чэславаса Гедгаўдаса, задаваўся гэтым пытаньнем?

Замінае той самы падсьвядомы страх, рэлігійнае табу, толькі гэтым разам перад гіерархамі веры, навязанай Літве агнём і мячом, і перад іх уплывам. Паганскія карані вынішчала царква, другі ўдар нанесла царская Расея. І так замест свабоднага Літоўца, які разумее сваю каштоўнасьць і мае глыбокія гістарычныя карані, зьявіўся пакорлівы, палахлівы тутэйшы, які ўсяляк імкнецца выжыць і ня ведае сваёй мінуўшчыны, гісторыі, ня мае духоўных лідэраў.

Можа таму Відунас, Стасіс Шалкаўскас шукалі культурныя карані літоўскасьці аж у Індыі? Дзесьці ж трэба знайсьці апору і энэргію для духоўнага адраджэньня, нацыянальнага абуджэньня, стварэньня нацыянальнай спадчыны.

Зь Літвы выкінулі Радзівілаў, Хадкевічаў, Пацаў

Літва – гэта краіна літоўскамоўных. Гэта сфармуляваная Ёнасам Басанавічусам гістарычная аснова сучаснай Літвы. Або трэцяя, пасьля Расейскай імпэрыі, форма культурнага генацыду. У праекце Басанавічуса паўнапраўнымі літоўцамі сталі тыя тутэйшыя, якія на той момант гаварылі або прынялі пазьней канкрэтны абраны Патрыярхам нацыі моўны дыялект. Прусы, яцьвягі, беларусы, украінцы былі выштурхнутыя за межы гэтага наватвору. Таго наватвору, які адкінуў традыцыйную шматэтнічнасьць Літвы і ня менш традыцыйную хрысьціянскую дзьвюхканфэсійнасьць.

Бізантыйскаму хрысьціянству тут месца не засталося. Наватвору, які ўпрыгожыў сябе нацыянальным сьцягам нейкіх афрыканскіх колераў. За межы гэтай дзяржавы былі выштурхнутыя нават Радзівілы, Хадкевічы і Пацы, бо яны не былі “сапраўднымі” літоўцамі, нават не аўкштайтамі, яны былі літвінамі. З духоўным выгнаньнем колішніх літоўскіх магнатаў, мелі на гэтых землях свае карані, зьніклі істотныя карані традыцыяў ВКЛ, інтэлект і магчымыя духоўныя лідэры.

Можна здагадвацца, што якраз пасьля гэтага ўзьніклі супярэчнасьці паміж народамі, якія стагодзьдзямі жылі тут – літоўцамі, габрэямі, палякамі і стракатага паходжаньня славянамі. А новы тутэйшы асяродак культуры Літвы, як і апошняя “паганская” спадчына шляхты ВКЛ і яе гістарычнай памяці, не пасьпеўшы як сьлед сфармавацца, былі канчаткова зьнішчаныя савецкай акупацыяй, дэпартацыяй ў Сібір, зьнішчэньнем гістарычных крыніцаў, стварэньнем савецкага чалавека і вывазам іншых “тутэйшых”, якія ня маюць гістарычных і культурных каранёў, у Малую і Вялікую Літву (цяперашнія Беларусь і Ўкраіну)!

Шматэтнічная шматмоўная Новая Літва

Мэнталітэт Літвы пашкоджаны, яе дух аслаблены і абмежаваным пабытова-вясковым сьветапоглядам і моўнай аднастайнасьцю. “Вясковы парадак” – гэта спадчына зьніклых плямёнаў і іх правадыроў. Больш перадавыя людзі раней ці пазьней ад яго адмаўляюцца, перабіраючыся ў больш мадэрныя гарады, дзе раней панавалі прадстаўнікі вандроўных народаў (габрэяў, армянаў). Можа зусім ня будзе недарэчным ацаніць у гэтым сьвятле працэсы масавай эміграцыі літоўцаў на Захад? Нашы людзі перабіраюцца ў сапраўдныя гарады: Лёндан, Дублін, Чыкага, Нью-Ёрк, якія маюць свой дух і сэрца, а не апусьцелую “жылплошчу” зьнішчаных раней традыцыйных гараджанаў.

Нават калі яе захоўваць, як этнаграфічны музэй, гэтая вёска памрэ, калі літоўскае грамадзтва зноў ня вернецца да шматэтнічнасьці, шматмоўя і нявыдуманай парадыгмы талерантнасьці. Менавіта такая паўнацэнная і вартая павагі ідэя была б цікавая ўсёй Эўропе. А не замкнёнасьць у вузкай клетцы выпадковай геаграфіі.

Страціўшы самі гэтую спадчыну, давайце дапаможам вярнуць яе хаця б сваім дзецям. Давайце вучыць у школе латыскую, польскую, беларускую, украінскую мовы. Нашы шматлікія ўнівэрсытэты маглі б быць адкрытыя прадстаўнікам народаў ВКЛ. А наша прэзыдэнт, ідучы за прыкладам сваіх папярэднікаў, магла б прадстаўляць у Эўропе інтарэсы культурнай спадчыны Вялікай Літвы, абвясьціўшы мэтай на будучыню інтэграцыю ўсіх гістарычна блізкіх народаў на Ўсходзе. І няважна, што сёньня яны небагатыя і неўплывовыя.

Ці мы сабе ўяўляем, якім культурным і інтэлектуальным цэнтрам магла б стаць Вільня і сучасная Літва? Працы хапіла б нават самым закасьцянелым прыхільнікам Realpolitik, цынікам геапалітыкі і закаранелым прагматыкам: яны ўжо цяпер маглі б пачаць падлічваць будучыя працоўныя месцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG