Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабода слова ва Ўкраіне пад пагрозай


Украінскае журналісцкае аб’яднаньне “Стоп цэнзуры” гатовае арганізаваць агульнанацыянальны мэдыя-страйк на знак пратэсту супраць ціску на тэлеканалы TVI і “Пяты канал”. Украінскае грамадзтва і журналісцкая супольнасьць занепакоеныя загадкавым зьнікненьнем харкаўскага журналіста Васіля Кляменц’ева.

У мінулую нядзелю журналісты TVI і “Пятага каналу” ўжо правялі папераджальны страйк. Гэтыя два тэлеканалы былі пазбаўленыя дадатковых частотаў вяшчаньня, якія яны нядаўна атрымалі. Пазбаўленьне адбылося паводле пазову тэлекампаніі “Інтэр”. Цікава адзначыць, што гэтая кампанія шчыльна зьвязаная з шэфам украінскай спэцслужбы (Службы бясьпекі) Валерам Харашкоўскім.

TVI і “Пяты канал” працягваюць вяшчаньне, але пазбаўленьне іх дадатковых частотаў разглядаецца многімі ва Ўкраіне, як наступ на свабоду слова. На думку кіраўніка TVI Мікалая Княжыцкага пэўныя колы з атачэньня прэзыдэнта, выкарыстоўваючы ціск на суд і сілавыя органы, спрабуюць манапалізаваць уладу і ператварыць Украіну ў бананавую аўтарытарную рэспубліку.

Украінскае журналісцкае аб’яднаньне “Стоп цэнзуры” рыхтуе агульнанацыянальны мэдыя-страйк у падтрымку калегаў з двух апальных тэлеканалаў.

Прэзыдэнт Віктар Януковіч, са свайго боку, на мінулым тыдні заявіў, што ніколі не дапусьціць вяртаньня цэнзуры. Аднак паводле намесьніцы кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ганны Герман, канфлікт вакол частот зьяўляецца пытаньнем бізнэсу, а не свабоды слова.

Пазачарговае пасяджэньне Вярхоўнай Рады, прысьвечанае пытаньням свабоды слова, ініцыюе дэпутацкая група "За Украіну». Аднак экспэрты ацэньваюць магчымасьць скліканьня пазачарговага пасяджэньня парлямэнту даволі скэптычна. Аднак ёсьць падставы меркаваць, што сытуацыя будзе ў цэнтры ўвагі дэпутатаў у пачатку працы новай сэсіі, якая пачнецца 7 верасьня.

Ня меншую занепакоенасьць ва Ўкраіне выклікае лёс галоўнага рэдактара харкаўскай газэты “Новы стыль” Васіля Кліменц’ева. Ён зьнік 11 жніўня. Газэта востра крытыкавала мясцовых чыноўнікаў, сам Кліменц’еў пісаў артыкулы пра намесьніка пракурара Харкаўшчыны Сяргея Хачатрана і пра кіраўніка абласной падатковай адміністрацыі Станіслава Дзенісюка. 9 жніўня Кліменц’еў разам з калегамі фатаграфаваў дом Дзенісюка, а таксама яшчэ трох герояў публікацыяў наступнага нумару газэты.

Апошні раз сьведкі бачылі Кліменц’ева 11 жніўня, як ён садзіўся у машыну BMW з невядомым мужчынам.

Пасьля двух дзён вышуку сьледчыя распачалі крымінальную справу па артыкуле – наўмыснае забойства. Фармулёўка выклікае зьдзіўленьне – Кліменц’еў пакуль ня знойдзены ні жывым, ні мёртвым, і пошук працягваецца. Але праваахоўныя органы ўхіляюцца ад адказу, чаму справа распачатая менавіта па такім артыкуле. Паведамляецца толькі, што сьледзтва разглядае розныя вэрсіі, у тым ліку і зьнікненьне з прычыны прафэсійнай дзейнасьці Кліменц’ева.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG