Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўдзельнічала Ларыса Геніюш ў ІІ Усебеларускім кангрэсе


9 жніўня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш — легенды беларускай паэзіі, грамадзянкі БНР, вязьня ГУЛАГу, ахвярнай хрысьціянкі і вольнага голасу любові да Зэльвы, Нёману, Беларусі, які ўвесь жнівень гучыць на хвалях «Свабоды». Штодня — невядомыя фатаздымкі, унікальныя аўдыёзапісы, гісторыі і апокрыфы з жыцьця паэткі.




Юрка Віцьбіч, Ларыса Геніюш, Кастусь Езавітаў, Натальля Арсеньнева, Аляксей Анішчык-Чэмер. Менск, 1944 г.
Улетку 2004 году ў Вільні мне давялося сустрэцца з апошнім пазасталым на той час у жывых дэлегатам ІІ Усебеларускага кангрэсу Аляксеем Анішчыкам-Чэмерам. Мы сядзелі ў яго застаўленай кніжнымі паліцамі невялічкай кватэрцы. Гаспадар час ад часу ўставаў з канапы і выцягваў з патаемнага закутка то рэдкі заходнебеларускі часопіс, то стосік старых фатаздымкаў, то аўтограф Натальлі Арсеньневай на кнізе “Сягоньня” (1944)…

Перад нашай сустрэчай я прачытаў зборнік матэрыялаў ІІ Усебеларускага кангрэсу, выдадзены Беларускай Цэнтральнай Радай у 1954 годзе. У ім сярод другіх дэлегатаў значылася і імя Ларысы Геніюш. Натуральна, мяне цікавілі і другія падрабязнасьці, якія ня трапілі ў стэнаграму кангрэсу. І Аляксей Анішчык-Чэмер ахвотна прыгадваў…

Пра тое, як яго 27 чэрвеня 1944 году ўразіў будынак менскага гарадзкога тэатру, аздоблены бел-чырвона-белымі сьцягамі, і вышкаленыя жаўнеры зь Беларускай краёвай абароны, якія несьлі варту вакол будынка і ў зале паседжаньняў.

Пра тое, як больш за тысячу чалавек пад аркестар прасьпявалі гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, і ў многіх прысутных на вачах заблішчалі сьлёзы.

Пра тое, як яго, аднаго з выступоўцаў, за крысо сьцягваў з трыбуны старшыня кангрэсу Яўхім Кіпель – за перавышэньне рэглямэнту...
На маё пытаньне, ці прысутнічала на кангрэсе Ларыса Геніюш, Аляксей Анішчык упэўнена адказаў – не. З паэткай ён сустрэўся ўжо пасьля заканчэньня кангрэсу – у Беларускім культурным згуртаваньні. Тут гаспадар пакорпаўся на адной з паліцаў і паклаў перада мной фатаздымак, на якім пазнаваліся Юрка Віцьбіч, Ларыса Геніюш, Кастусь Езавітаў, Натальля Арсеньнева і – мой суразмоўца.

Пра свой няўдзел у кангрэсе паэтка пісала і ў “Споведзі”. Дык чаму яе імя трапіла ў сьпіс удзельнікаў? Праўда, у тым жа зборніку матэрыялаў зьмешчаная справаздача мандатнай камісіі, дзе прыведзеная колькасьць дэлегатаў ад акругаў і замежных беларускіх згуртаваньняў. Апошніх налічвалася 16, у тым ліку з Варшавы, Рыгі, Лодзі, Кракава, Кёнігсбэргу, Вены і Бэрліну. З Прагі – не было нікога. Дык каго прадстаўляла на кангрэсе залічаная ў дэлегаты Ларыса Геніюш? Як яна ўвогуле трапіла ў прыфрантавы Менск з зацішнай Прагі ў чэрвені 1944-га?

За тыдзень да кангрэсу на стол нямецкага чыноўніка ў акупаванай Празе Франка легла тэрміновая тэлеграма за подпісам штурмбанфюрэра СС Андрэса, у якой паведамлялася: “Са згоды Генэральнага камісарыяту ў Менску 27 чэрвеня адбудзецца арганізаваны БЦР антыбальшавіцкі кангрэс, на якім будзе вырашана пытаньне аб аддзяленьні Беларусі ад СССР. У кангрэсе павінны ўзяць удзел сябры Беларускага камітэту ў Празе Міхал Забэйда-Суміцкі, Іван Геніюш, Ларыса Геніюш і Васіль Русак”.

Падобныя тэлеграмы былі разасланыя і ў другія замежныя гарады, дзе існавалі беларускія асяродкі. Лірычны тэнар Забэйда-Суміцкі быў на чарговых гастролях, лекара Геніюша прытрымалі на працы, а хатняя гаспадыня Ларыса Геніюш мусіла ехаць. У выпадку непадпарадкаваньня акупацыйным уладам яе чакала суровае пакараньне.

Паэтка прыехала ў Менск, але са спазьненьнем – кангрэс ужо закончыўся. Гэтае спазьненьне падаецца мне невыпадковым – Геніюш іранічна ставілася да кіраўніка БЦР Радаслава Астроўскага, які да паэткі адносіўся таксама без асаблівай прыязнасьці. Гэткія іх адносіны выглядаюць цалкам зразумелымі – Ларыса Геніюш прымала палітычны тастамэнт з рук другога прэзыдэнта, і канкурэнцыі ці кан’юнктуры тут быць не магло.

У Менску Ларыса Геніюш адпачывала з дарогі ў кватэры Натальлі Арсеньневай; тады ж яна пазнаёмілася з паэтамі Алесем Салаўём і Масеем Сяднёвым, з празаікам Юркам Віцьбічам. Апошні, разьвітваючыся, паказаў паэтцы сваю зрыхтаваную ў далёкую дарогу валізку, дзе сярод самых неабходных рэчаў ляжала кніга “Ад родных ніў”. Калегаў-пісьменьнікаў чакала пажыцьцёвая эміграцыя. Ларысу Геніюш – вяртаньне на радзіму ў закратаваным вагоне. Усяго праз чатыры гады…


Ларыса Геніюш. "Што ж, узьлятаць – дык бясстрашным арлом…"
Што ж, узьлятаць – дык бясстрашным арлом.
Жыць – дык толькі для ніваў, для весьніц.
Прад табою схіляю чало,
маладая, харошая песьня.

Калі зноў запытаецца хтосьць
аб жыцьці маім, болем зьнявечаным,
адкажу: глянь – мая маладосьць
ў юных песьнях, жывая і вечная.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG