Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Краіну замкаў і палацаў мы страчваем назаўжды"


У эфіры "Званкі на Свабоду"! Слухачы абмяркоўваюць крытычныя выказваньні расейскага ўраду наконт пазыцыі кіраўніка Беларусі ў пытаньні прызнаньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Частка тэлефанаваньняў тычыцца паставак беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі ў неўраджайны год у іншыя краіны.


Слухач абураецца абяцаньнем Аляксандра Лукашэнкі зрабіць віцебскі рэгіён адказным за пастаўкі сельгаспрадукцыі ў Татарстан. Сёлета з прычыны неспрыяльнага надвор'я шмат якія раёны не сабралі заплянаваны ўраджай збожжа, гародніны, дый бульбы ў Беларусі таксама будзе менш, чым на гэта разьлічвалі земляробы.

"Калі ўраджай бульбы ў Віцебскай вобласьці замацаваны Лукашэнкам за Татарстанам, то гэта паказвае яго стаўленьне да калгасных прыгонных Віцебскай вобласьці. Я думаю, што прадаваць трэба не таму, хто першы прыбяжыць у Менск па бульбу, а таму, хто больш дасьць. І ўвесьці вывазное мыта, тады і калгасьнікі ў Беларусі будуць лепей жыць!"

Камэнтуе гэтае выказваньне палітык Алесь Міхалевіч:

Алесь Міхалевіч
"Важна, каб Беларусь мела свае пазыцыі экспарту, каб наша краіна экспартавала сваю прадукцыю па рэальных сусьветных рынкавых коштах.

Калі гэта па рэальных коштах, то гэта добра. Калі ж гэта адбываецца па нейкіх дамовах і невядома якімі бартэрамі перакрываецца, то, вядома, Беларусь на гэтым страчвае. Трэба экспартаваць па цьвёрдай валюце".

Слухачы дзеляцца сваімі меркаваньнямі наконт прычынаў інфармацыйнай вайны расейскіх СМІ супраць Аляксандра Лукашэнкі, разважаюць пра тое, чаму беларуская ўлада адмовілася прызнаваць незалежнасьць.

У зьвязку з гэтым слухач "Свабоды" задае пытаньне:

"Скажыце, калі ласка, калі апазыцыя прыйдзе да ўлады, ці вы прызнаеце Паўночную Асэтыю і Абхазію?"

Адказвае на гэтае пытаньне палітык Вінцук Вячорка:

Вінцук Вячорка
"Незалежнасьць краін, якія раней былі паняволеныя Савецкім Саюзам і знаходзіліся пад савецкай уладай, — гэта каштоўнасьць і для народаў гэтых краінаў, і геапалітычная каштоўнасьць.

Абсалютна зразумела, што спроба Расеі адрэзаць ад Грузіі кавалкі яе тэрыторыі — гэта спроба перакроіць геапалітычную мапу нашага рэгіёну сьвету. Таму ні ў якім разе гэтыя імпэрскія замашкі не павінны быць ухваленыя і гэтыя ўтварэньні не павінны быць прызнаныя. Зрэшты, яны прызнаныя трыма вельмі далёкімі і дастаткова маргінальнымі краінамі сьвету".

Як ставіцца да былых сьвятых мясьцінаў у Беларусі, пераробленых на турмы? Ці засталіся яны сьвятымі? Разважае слухачка Свабоды:

"Белсат даў відэарэпартаж пра тое, як у Гародні намаганьнямі нашчадкаў ліцьвінаў ставяцца асьвечаныя крыжы на месцы пляцаў, дзе былі цэрквы і касьцёлы — існавалі раней, але ня вытрымалі войнаў і бальшавізму. Адна жанчына сказала, што гэта намоленыя месцы, стагоддзямі намоленыя нашымі продкамі. І да мяне прыйшла такая думка: а ці лічыць намоленым месца былога вялікага кляштару і рэштак касьцёла, дзе цяпер турма ў Глыбокім, найлепшая ў Беларусі? Найлепшая ў сэнсе — як крэпасьць.

Калі Напалеон у 1812 г. ішоў на Маскву, то, пабачыўшы касьцёл у Глыбокім, сказаў, што такі па прыгажосьці касьцёл ёсьць яшчэ толькі ў Парыжы. Толькі два такіх, вось так. Найбагацейшая і найцікавейшая гісторыя кляштару. А час абышоўся зь ім жорстка. Бальшавіцкая хеўра зусім яго апаганіла. Толькі фасад нагадвае касьцёл. Кляштар — цяпер астрог. Можа, засталося што ў малюнках Напалеона Орды ці Язэпа Драздовіча, ці яшчэ каго-небудзь. Напэўна, ёсьць людзі, якія дакладней маглі б сказаць пра гэта.

Я вяртаюся да пытаньня: намоленае ці ненамоленае гэтае месца ў Глыбокім? А калі памарыць, так бы мовіць, адкруціць гісторыю назад, і цяпер ішлі б сюды тысячы паломнікаў з усёй Беларусі і ня толькі, тысячы турыстаў! Гэта было б зусім іншае Глыбокае. Падобныя помнікі гісторыі хаваюцца і ў іншых гарадах і мястэчках Беларусі. Краіну замкаў і палацаў мы страчваем назаўжды.Але, можа, і ня так? Можа, маладыя і адданыя змогуць уратаваць памяць стагоддзяў? Бяз гэтай памяці няма будучыні беларускай".

Вы слухалі званкі на "Свабоду". Нагадаю, што тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG