Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці пікетаваць за Някляева можна толькі на стадыёне


Берасьцейкі гарвыканкам забараніў пікеты па зборы подпісаў за вылучэньне Ўладзімера Някляева дэлегатам IV Усебеларускага народнага сходу.

Заяўкі на правядзеньне такіх акцый 15 жніўня ў цэнтры гораду, каля ЦУМа і кінатэатра "Беларусь", падавалі мясцовыя актывісты грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Вуек ды Ігар Маслоўскі.

Як паведаміў БелаПАН І.Маслоўскі, у правядзеньні акцый адмоўлена на падставе таго, што яны былі заплянаваныя не на вызначаным для такіх мерапрыемстваў мясцовымі ўладамі месцы (стадыён "Лякаматыў").

Паводле слоў Маслоўскага, праводзіць такія акцыі на стадыёне, дзе практычна не бывае людзей, не мае сэнсу.

"Адмова ў пікетаваньні яшчэ раз паказала, што ў Берасьці фактычна немагчыма рэалізаваць права на свабоднае выказваньне сваёй думкі і на мірныя сходы, прадугледжанае артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, — заявіў Маслоўскі. — Падчас пікетаў мы хацелі ня толькі зьбіраць подпісы ды інфармаваць жыхароў Берасьця пра тое, што актывісты кампаніі "Гавары праўду!" маюць намер вылучыць лідэра кампаніі Ўладзімера Някляева дэлегатам будучага Ўсебеларускага народнага сходу. А таксама распавесьці пра тыя пытаньні, якім ён хацеў прысьвяціць сваё выступленьне на гэтым сходзе".

Як падкрэсьліў Маслоўскі, зараз актывісты працягваюць распачаты 2 жніўня ў абласным цэнтры збор такіх подпісаў па месцы жыхарства берасьцейцаў. Паводле зьвестак на 15 жніўня, іх ужо сабрана больш за 500.

"Паводле маёй інфармацыі, апрача Берасьця пікеты для збору подпісаў за вылучэньне Ўладзімера Някляева дэлегатам Усебеларускага народнага сходу таксама забаронены мясцовымі ўладамі ў Берасьцейскім, Камянецкім і Маларыцкім раёнах", — паведаміў Маслоўскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG