Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь першай зьнікне з эўрапейскай мапы нацыянальных дзяржаваў?


Прадстаўнік палітычнага аб'яднаньня "Айчыне і свабодзе / Усё для Латвіі" намесьнік віцэ-спікера сэйма Латвіі Дзінтарс Расначс лічыць, што Беларусь "першай зьнікне з эўрапейскай мапы нацыянальных дзяржаваў".


У інтэрвію латвійскаму выданьню Neatkariga rita avize, якое было перакладзена рэсурсам ІнаПрэса, Расначс пракамэнтаваў пляны латвійскіх уладаў увесьці адукацыю толькі на дзяржаўнай мове. "Мы не хочам апынуцца ў такой сытуацыі, у якой цяпер знаходзіцца Беларусь", — сказаў чыноўнік. Паводле яго слоў, "беларускую мову ведае 80% насельніцтва, а выкарыстоўвае толькі 20%". "Беларуская мова зьнікае, саступаючы месца расейскай мове", — заявіў Расначс. "Для нас гэты шлях ня хуткі, але, на жаль, мы таксама па ім ідзем... Нам трэба стварыць мэханізм, каб абараняць латыскую мову перш за ўсё ад уплыву расейскай мовы. Пакуль будзе жывая латыская мова — будзе жывая і латвійская дзяржава", — заявіў латвійскі чыноўнік. Паводле яго слоў, калі сытуацыя ня зьменіцца, то Латвію чакае шлях Беларусі. "Латыская мова будзе выкарыстоўвацца толькі ў глыбокай вёсцы", — лічыць Расначс.

Вось як пракамэнтаваў гэтую заяву старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

"Найперш, у нас розныя сытуацыі, а потым — яшчэ невядома, хто хутчэй з мапы зьнікне… Фармальна ён мае рацыю. Але фактычна ў Латвіі сытуацыя горшая, чым у нас, нягледзячы на тое, што ў іх адна мова. Там вельмі вялікі працэнт расейскамоўнага насельніцтва, якое ня хоча асымілявацца з латышамі. Для Латвіі як дзяржавы гэта вельмі небясьпечная зьява, таму што насельніцтва расейскамоўнае не зьбіраецца пераходзіць на латыскую мову, шлюбаў паміж расейцамі і латышамі амаль няма, таму гэта своеасаблівая пятая калёна, якая можа ўзарваць Латвію ў любы момант. Я там неаднойчы быў і сытуацыю ведаю. За савецкім часам увогуле ў Рызе па-латыску мала хто гаварыў. Латышоў было мала, а Рыгу засялілі ўсякім збродам савецкім. Ён там і застаўся, нікуды ж не падзеўся. Іхныя дзеці, нашчадкі жывуць. Таму я разумею гэтага палітыка, які так кажа. І яны правільна робяць, што трымаюцца за мову. Бо мова зьнікне — і латышы зьнікнуць.

Але ня думаю, што ён аб'ектыўны ў сваіх высновах. Па-першае, беларусаў намнога больш, чым латышоў, колькасна. Па-другое, у нас няма вось гэтай яскрава акрэсьленай расейскамоўнай пятай калёны, таму што расейцы ў нас не жывуць кампактна, асымілююцца зь беларусамі вельмі актыўна. І, я думаю, гадоў праз 50 этнічных расейцаў на Беларусі амаль не застанецца. То бок беларусы могуць нашмат больш актыўна асыміляваць расейцаў, адрозна ад латышоў. Дый мову сваю расейцы паступова забываюць, пераходзячы на трасянку. Ужо ў другім пакаленьні дзеці гэтых расейцаў размаўляюць на трасянцы. І калі прыяжджаюць у Расею, зь іх сьмяюцца".

А ШТО ДУМАЕЦЕ ВЫ? ЦІ ЗЬНІКНЕ БЕЛАРУСЬ З ЭЎРАПЕЙСКАЙ МАПЫ НАЦЫЯНАЛЬНЫХ ДЗЯРЖАВАЎ


Вы можаце выказаць свае меркаваньні ў камэнтарах да гэтага артыкулу.
XS
SM
MD
LG