Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакрэтныя пастаўкі беларускай зброі на Блізкі Ўсход


Ракеты С-300
Ракеты С-300
Расейскае выданьне «Новые известия» піша пра падазрэньні наконт сакрэтных паставак зброі зь Беларусі ў краіны Блізкага Ўсходу, ад якіх зброя трапляе ў рукі радыкальных груповак.

Учора ў Менску абверглі зьвесткі, распаўсюджаныя замежнымі СМІ, аб пастаўцы зэнітна-ракетных комплексаў С-300 зь Беларусі ў Іран. Ізраіль пакуль устрымліваецца ад афіцыйных заяваў з гэтай нагоды, хоць на закрытым пасяджэньні камісіі па замежных справах і абароне Кнэсэту ўжо абмяркоўвалася пытаньне аб беларускіх ваенных пастаўках іншай краіне – Сірыі, празь якую ўзбраеньні, як лічыць Тэль-Авіў, трапляюць у рукі радыкальнай ліванскай арганізацыі “Хэзбала”.

Шум вакол экспарту ўзбраеньняў у Іран справакавалі СМІ самой Ісламскай Рэспублікі. Так, іранскае інфармагенцтва Tehera паведаміла, што Тэгеран набыў дзьве зэнітна-ракетныя сыстэмы С-300 у Беларусі і дзьве «ў іншай дзяржавы». Рэакцыя Менску не прымусіла сябе чакаць – учора прадстаўнік Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту Ўладзімір Лаўранюк афіцыйна паведаміў: беларускі бок ня вёў з Тэгеранам перамоў па дадзенай тэматыцы і не пастаўляў у Іран ні комплексы С-300, ні іх кампанэнты. Паводле сп. Лаўранюка, краіна няўхільна выконвае свае абавязацельствы ў сфэры экспартнага кантролю.

Інфармацыя аб ваенных кантактах Менску з краінамі Блізкага і Сярэдняга Ўсходу, у першую чаргу з Іранам і Сірыяй, усплывае рэгулярна. Так, яшчэ ў красавіку ў Дамаску адбылося пасяджэньне сумеснай сырыйска-беларускай камісіі па ваеннаму супрацоўніцтву. Па дадзеных сырыйскіх СМІ, бакі тады "прыйшлі да пагадненьня па ўсіх пытаньнях супрацоўніцтва паміж ВПК і ўзброенымі сіламі дзьвюх краін». Але на сытуацыю зрэагаваў Вашынгтон.

Раней кангрэс ЗША прыняў законапраект «Аб уліку беларускіх паставак узбраеньняў». Амэрыканцы лічаць, што Беларусь на сёньня буйны пастаўшчык ракет, мінамётаў, супрацьтанкавых узбраеньняў і мін радыкальным палестынскім групоўкам і дзяржавам, якія ЗША абвясьцілі «спонсарамі тэрарызму», гэта значыць Ірану і Сырыі. Акрамя таго, Вашынгтон абвінавачвае Менск у экспарце гелікоптэраў Мі-24, гарматаў і бронетэхнікі ўраду Судану, танкаў – КНДР, ваенных самалётаў і авіяцыйных рухавікоў – таму ж Ірану.

Ізраільскі аналітычны цэнтар DEBKA, які спэцыялізуецца на ваеннай тэматыцы, паведамляе, што цяпер Дамаск вядзе зь Менскам перамовы па закупках усё тых жа С-300. Прычым у Ізраілі ўпэўненыя, што зброя, якую набываюць Тэгеран і Дамаск у Беларусі, потым трапляе ў рукі баевікоў «Хэзбала» і ХАМАС. А нядаўна кіраўнік аддзелу дасьледаваньняў упраўленьня разьведкі Ізраілю Ёсі Байдац выступіў на закрытым пасяджэньні Кнэсэту перад сябрамі камісіі па замежных справах і абароне.

Як стала вядома "Новым известиям", спадар Байдац абмеркаваў з дэпутатамі сырыйскія пастаўкі рэактыўных ракет расейскай вытворчасьці ліванскім радыкалам. Пры гэтым ён заявіў, што ўсё гэта ня варта разглядаць як кантрабанду. Па яго словах, гаворка ідзе аб афіцыйна арганізаванай акцыі, паколькі «пастаўка зброі ідзе з Сырыі і арганізавана ўладамі гэтай краіны». У выніку, па дадзеных кіраўніка камітэту, на сёньняшні дзень «Хэзбала» мае арсэнал, які складаецца зь некалькіх соцень ракет розных тыпаў.

У самім Менску незалежныя назіральнікі інфармацыю аб ваенным супрацоўніцтве паміж Беларусьсю і блізкаўсходнімі краінамі зьвязваюць з «фінансавымі цяжкасьцямі ўраду», якому «вельмі патрэбныя грошы». Так, былы намесьнік міністра замежных спраў, кіраўнік грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэй Саньнікаў заявіў "Новым известиям", што "катастрафічнае фінансавае становішча ў краіне прымушае Аляксандра Лукашэнку прадаваць усё, што заўгодна, маральных перашкодаў для гэтага ў яго няма».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG