Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жаночы твар беларускага чыноўніцтва


Натальля Пяткевіч, першы намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта
Натальля Пяткевіч, першы намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта
Выданьне “Заўтра тваёй краіны” зрабіла аналіз, колькі мужчын і жанчын працуюць у органах дзяржаўнага кіраваньня Беларусі.

У 2009 годзе органы дзяржкіраваньня ў Беларусі больш чым на 67% складаліся з жанчын. Аднак 80% кіраўнікоў і намесьнікаў – мужчыны.

Доля жанчын у органах дзяржкіраваньня тым вышэй, чым ніжэй узровень кіраваньня. Калі ў рэспубліканскіх дзяржорганах, па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, жанчын каля 58%, то ў раённых, гарадзкіх, пасялковых выканкамах іх удзельная вага дасягае ўжо 75% і больш.

Судовыя і юрыдычныя ўстановы таксама пераважна жаночыя – 74% і толькі мытныя органы маюць супрацьлеглую гендэрную структуру – 35% жанчын супраць 65% мужчын.

Нягледзячы на такую масавую прысутнасьць жанчын у органах дзяржкіраваньня, карціна мяняецца, калі глядзець у разрэзе пасадаў. 80% кіраўнікоў арганізацый і іх намесьнікаў – гэта мужчыны. На высокіх пасадах у органах дзяржкіраваньня працуюць больш за 60% усіх мужчын, занятых у гэтым сэктары. 10,7% займаюць топавыя пасады. І яшчэ 51% ад усіх занятых у сэктары дзяржкіраваньня мужчын працуюць начальнікамі ўпраўленьняў, аддзелаў, сэктараў, намесьнікамі, памочнікамі кіраўнікоў.

Гэты другі ўзровень, зрэшты, таксама нядрэнна прадстаўлены і жанчынамі. Тут суадносіны амаль набліжаецца да 50/50. І ўсё ж ад агульнай колькасьці працуючых жанчын у кагорту кіраўнікоў трапляюць менш за 40% усіх жанчын-служачых. Астатнія зьяўляюцца спэцыялістамі. І чым ніжэй узровень кіраваньня, тым вышэй удзельная вага жанчын. Часам яна даходзіць да 80%. Зрэшты, на месцах – у раённых і пасялковых органах кіраваньня – жанчыны складаюць аснову ўсяго кіруючага складу: тут і на чале арганізацый амаль 70% жанчын, а ў сярэднім зьвяне яны запаўняюць сабой 90%.

Не ганяюцца беларускія жанчыны таксама за навуковымі ступенямі і вышэйшымі пасадамі ў адукацыі. Хаця сярод прафэсарска-выкладчыцкага складу ВНУ іх у цэлым больш, чым мужчын (55/45), але вышэйшыя пасады занятыя ў асноўным мужчынамі. На канец 2009 году ў краіне было ўсяго 4 жанчыны-рэктара пры 52 мужчын на такой жа пасадзе. Прарэктары – на 78% мужчыны, дэканы факультэтаў і загадчыкі катэдраў – на 66-68%. Пры гэтым 80% усіх прафэсараў – гэта зноў-такі мужчыны. З дацэнтамі ўжо лепей, тут мужчын крыху больш за палову – 52%. А вось старэйшыя выкладчыкі, выкладчыкі, асыстэнты, выкладчыкі-стажоры ўжо на 65-70% жанчыны.

Затое жанчыны складаюць аснову кіруючага складу ў агульнаадукацыйных сэктары – тут 82% пасадаў дырэктараў і намесьнікаў дырэктараў школ займаюць жанчыны. Пры гэтым назіраецца характэрная асаблівасьць. Мужчыны рэдка ўзначальваюць пачатковыя або базавыя школы – дырэктарамі тут, па сутнасьці, зьяўляюцца толькі жанчыны (94%).

64% ад усіх мужчын, якія працуюць на кіруючых пасадах у адукацыі, зьяўляюцца дырэктарамі агульнаадукацыйных школ і на гэтай пасадзе яны па колькасьці набліжаюцца да дырэктараў-жанчын (45/55). Але нават калі мужчына дырэктар, як правіла, яго намесьнік – жанчына. Больш за 90% намесьнікаў дырэктараў базавых і сярэдніх школ складаюць жанчыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG