Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Кідаць бомбы на Чачню было лягчэй, чым тушыць пажары"


Агляд тэлефанаваньняў за 9 жніўня.


У Беларусі набліжаецца кампанія выбараў прэзыдэнта краіны. Падрыхтоўка патэнцыйных кандыдатаў да гэтай падзеі — тэма многіх тэлефанаваньняў на "Свабоду":

Мікола Чыбісаў: "Той палітык альбо кандыдат у прэзыдэнты, які балятуецца ў Беларусі і вядзе гаворку пра тое, што будзе адстойваць правы і аспрэчваць на плошчы фальшаваньне пасьля выбараў, на мой погляд, ужо рэжымам куплены!"

Слухачка зь Менску: "Трэба, каб пры абраньні прэзыдэнта яго паўнамоцтвы абмежавалі, а важнейшыя для краіны пытаньні вырашаў парлямэнт. Чалавек ня можа ўсё ведаць, і калі сеяць, і калі зьбіраць. На гэта ёсьць адмыслоўцы ў розных галінах. Узяўшы ўладу ў свае рукі, ён робіць тых, хто па вэртыкалі ўнізе, няздольнымі вырашаць нават дробныя пытаньні. Нават каб у Зэльве дошку павесіць, будуць чакаць, што скажа прэзыдэнт".

Андрэй, Салігорск: "Я ведаю, якія б выбары ні былі праведзены Лукашэнкам, яны будуць несправядлівымі. Але для таго, каб у іх хоць быў выгляд справядлівых, адкажыце, калі ласка, на пытаньне: як іх павінен правесьці Лукашэнка? Як я разумею, то ён, напэўна, павінен пайсьці ў перадвыбарны адпачынак, вызваліць сваю пасаду і потым удзельнічаць на роўных у выбарах. На які тэрмін ён павінен узяць адпачынак і як увогуле павінны праходзіць выбары?"

На пытаньне адказвае адзін з вылучэнцаў на пасаду прэзыдэнта краіны, актывіст у справе заснаваньня партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі:

"Для таго, каб гэтыя выбары ня толькі мелі справядлівы выгляд, але мелі шанец стаць справядлівымі, для гэтага Лукашэнка павінен сысьці ў адпачынак да канца свайго жыцьця. Я лічу, што Лукашэнка ня мае права браць удзел у гэтых выбарах, бо рэфэрэндум, на якім нібыта беларускі народ дазволіў яму пераабірацца на бясконцую колькасьць разоў, — ён ня быў прызнаны легітымным".

З прычыны сьпякотнага надвор'я надзвычайнае становішча з пажарамі склалася ў суседняй зь Беларусьсю Расейскай Фэдэрацыі. На гэтую тэму наступныя выказваньні слухачоў:

Спадар: "Добры дзень, "Свабода", ну што, спраўджваюцца мае прароцтвы? Я казаў, што разьдзьмуты Расеяй кіргіскі пажар — гэта пачатак вялікага расейскага пажару. Пакуль толькі на ўзроўні прыроды, прыроднай стыхіі. А наступным этапам будзе народны пажар. Жыве Беларусь".

Спадарыня: "Трохі злая рэмарка: кідаць бомбы на Чачню расейцам было лягчэй, чым тушыць свае прыродныя бязьлітасныя пажары".

Мікола Петрушэнка, г.п Коханава: "У мяне для радыёслухачоў вельмі прыемная навіна: наша апазыцыйная футбольная каманда "Наш дом" на чале з капітанам каманды заняла другое месца па футболе на першынстве Талачынскага раёну. І ўчора ж яны адразу пасьля апошняй гульні селі на аўтобус, паехалі ў Магілёў і ў поўным складзе футбольнай каманды скокнулі з парашутамі. Мне хочацца, каб мы павіншавалі гэтую здаровую беларускую моладзь, якая займаецца спортам. Бярыце зь іх прыклад!"

Тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG