Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Эхо Москвы": "Саюз зь Беларусьсю – пасьмешышча"


Нягледзячы на пажаравыбуховае становішча, расейскія мэдыі не забываюцца пра беларускую тэматыку. У пятніцу чытачам прапанаваная чарговая порцыя антылукашэнкаўскіх матэрыялаў.

"Независимая газета" друкуе аналітычны матэрыял на падставе дасьледаваньня службы Гэлапа: кожны пяты грамадзянін Беларусі гатовы назаўсёды зь яе зьехаць. Паводле гэтага паказьніку намінальны саюзьнік Расеі апярэджвае нават праблемны Кіргізстан. Такім чынам, робіць выснову выданьне, беларусы разьвеялі міт пра свой "росквіт". Як піша газэта, для шмат каго ў Расеі такія настроі падаюцца дзіўнымі: у вачох бальшыні расейцаў Беларусь выглядае краінай, надзвычай прывабнай для жыцьця — стабільная, з разьвітай сацыяльнай сыстэмай. Уцякаць кудысьці нібыта няма падставаў. Аднак, працягвае "Независимая газета", самі беларусы не падзяляюць захапленьняў адносна ўмоваў жыцьця ў сваёй краіне.

Як і абяцала рэдакцыя "Новай газеты", сёньня атрымаў працяг распачаты на гэтым тыдні сэрыял "Эвангельле ад лукавага". Частка другая ідзе з падзагалоўкам "Гісторыя вялікай хлусьні ў падзеях і цытатах. Лукашэнка і Расея пры Пуціну". Аўтарка Ірына Халіп канстатуе: "Беларускі эканамічны цуд шмат гадоў трымаўся на халяўных расейскіх нафце і газе. Узамен Расея атрымлівала гарачыя запэўніваньні ў вечнай любові. Няма халявы — няма любові. Усё вельмі проста…" Але ці рэальна такімі публікацыямі зьмяніць стэрэатып пра Беларусь? Не сакрэт, што многія расейцы ставяцца да Аляксандра Лукашэнкі з большым даверам, чым да свайго кіраўніцтва:

"Я думаю, можна. Калі зьяўляецца адзін дакумэнтальны фільм, які выходзіць на экраны пасьля нейкіх палітычных падзеяў, пасьля нейкіх канфліктаў, то гэта і ўспрымаецца як інфармацыйная вайна. Але калі пачынаецца сэрыя матэрыялаў, тэлесюжэтаў, радыёперадачаў, і ўсе яны займаюцца не прапагандай, як той "Хросны Бацька", а даюць аб'ектыўную інфармацыю, даюць расклад таго, як і што ў рэальнасьці адбываецца ў Беларусі, як яно адбывалася раней, хто такі Лукашэнка — гэта надзвычай эфэктыўна і добра".

У праграме "Крэдыт даверу" на радыёстанцыі "Эхо Москвы" прэзыдэнт Расейскай фінансавай карпарацыі Андрэй Нячаеў, адказваючы на пытаньне — ці можна спадзявацца, што Расея створыць з Украінай такі ж саюз, як з Беларусьсю — сказаў наступнае:

"Ведаеце, не хацелася б, каб з Украінай, як і зь любой іншай дзяржавай, быў створаны такі ж саюз, як зь Беларусьсю. Таму што гэта, натуральна, не саюз, а нейкае пасьмешышча. І нашы ўлады зараз гэта нібыта канчаткова асэнсавалі, і вось зараз ідзе актыўная інфармацыйная кампанія супраць спадара Лукашэнкі на вядучых расейскіх каналах і ў вядучых друкаваных СМІ, яўна інсьпіраваная зьверху. Давайце называць рэчы сваімі імёнамі — саюз не задаўся. Ніводная задача, якая ставілася, ня выкананая. Калі гэтая ідэя ўзьнікла, яна дэ-факта вырашаная не была. Адзінай валюты няма, адзінай эканамічнай прасторы няма… Ну, а ці ёсьць у нас магчымасьць палепшыць эканамічныя адносны з Украінай (дый палітычныя таксама) — то, безумоўна, так".

У сваім блогу на сайце "Эхо Москвы" патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў таксама закранае тэму саюзных стасункаў: "Без праекту "саюзнай дзяржавы" мы б урэшце разабраліся са сваімі адносінамі, раней прыйшлі б да разуменьня таго, што неабходна захоўваць, а з чым трэба тэрмінова разьвітацца — перш за ўсё, з ідэалёгій сумеснай барацьбы з усім сьветам. Але зьявіўся "саюз", якім фактычна кіруе Лукашэнка. З дапамогай Барадзіна ён пераўтварыў яго ва ўпыра, якія нішчыць усё жывое. Абмяркоўваючы кошты на нафту, шматгадовыя газавыя скандалы, нерэалізаваную адзіную валюту, ніхто ня ўзгадвае, што "саюзная дзяржава" пад мудрым кіраўніцтвам Лукашэнкі канчаткова зьнішчыла інтэлектуальныя і культурныя сувязі Расеі і Беларусі".

Адзін з кіраўнікоў старэйшага расейскага выданьня "Известия" Ўладзімер Мамантаў ня бачыць асаблівых падставаў для замірэньня Масквы і Менску. Але не выключае гэтага ў агляднай будучыні:

"Як кажуць у такіх выпадках, вочы баяцца, а рукі робяць — нягледзячы на тое, што цяпер такія вось складаныя адносіны, супярэчлівыя падчас, і дзяржаўны лад іншы, і розныя мэханізмы кіраваньня, і некаторыя прынцыпы, погляды на жыцьцё, на сьвет, на далейшае разьвіцьцё, у тым ліку Мытнага саюзу, сьветабудову і што заўгодна. Усё роўна існуе такое паняцьце, як "трэнд", ёсьць такое паняцьце, як агульныя інтарэсы, урэшце рэшт. Я, напрыклад, насамрэч лічу, што мы адзін народ, толькі нас жыцьцё разьвяло. І гэтае разуменьне рана ці позна пераможа. Мне здаецца, што гэта і Аляксандар Рыгоравіч у глыбіні душы разумее. Ці нехта, хто будзе на месцы Лукашэнкі, альбо той, хто будзе на месцы нашых цяперашніх кіраўнікоў. Гэтыя рэчы раней ці пазьней прыйдуць у некаторую адпаведнасьць".

Ці можна чакаць, што ў інфармацыйнай вайне Менск разродзіцца асымэтрычным адказам? У інтэрвію "Народнай волі" колішні кінапрапагандыст Юрый Азаронак, які пасьля звальненьня з БТ працуе на праваслаўным канале "Саюз", не хавае, што маральна гатовы, каб адэкватна адрэагаваць на фільм НТВ "Хросны Бацька". Аднак невядома, ці зробіць хто Азаронку, зь якім у свой час разьвіталіся з-за ягоных шкодных звычак, такую замову.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG