Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Наш прэзыдэнт – проста цуд. Толькі грошай замала"


Паводле апытаньня службы Гэлапа, кожны пяты жыхар Беларусі гатовы назаўжды пакінуць краіну, а кожны трэці — працаваць за мяжой. Як вы лічыце — чаму? Што на гэтую тэму думаюць гарадзенскія мінакі?

Сталы спадар: "Рэч у тым, што заробкі нізкія. Напрыклад, я працую тут у выканкаме, у нас ёсьць машыністкі, сакратаркі, яны пяцісот тысяч не атрымліваюць. Нават я, загадчык гаспадаркі выканкаму, таксама атрымліваю каля пяцісот тысяч. Гэта вельмі мала, хочацца зарабіць болей. Вось чаму і зьяжджаюць людзі".

Малады спадар: "Папросту ў Беларусі грошай не заробіш, цэны такія, усё дорага. Грошай папросту не хапае".

Пэнсіянэр: "Мы самі нікуды ня можам зьехаць, таму што нам ужо па шэсьцьдзесят два гады, мы старыя людзі. Каб былі маладыя, таксама зьехалі б, а так — ня можам".
Я — камандзір падводнай лодкі, і нікому не патрэбны, куды ні пойдзеш: усё, узрост не падыходзіць


Спадарыня: "З аднаго боку, усе кажуць — Беларусь, Горадня — і чыста, і добра, спакойна, утульна. Але матэрыяльны бок ва ўсіх цярпіць. Не ўладкавацца на працу. Вось мая дачка — сорак гадоў ёй, і ня можа нідзе ўладкавацца, таму што патрэбны толькі маладыя. Дый аплата якая? За гэтыя грошы — за трыста-чатырыста тысяч — нічога ня купіш. Цяпер у краму пайшоў — і нічога не застанецца. А так усё цудоўна, наш прэзыдэнт папросту цуд, я сапраўды і Беларусь люблю, і ягоную ўсю палітыку люблю. Толькі грошай замала, адзіная прычынка".

Спадар: "Я скончыў вучылішча ваеннае, акадэмію. Мой досьвед прыдаўся б, але я не патрэбны нікому, таму што мне шосты дзясятак ідзе. А я — камандзір падводнай лодкі, і нікому не патрэбны, куды ні пойдзеш: усё, узрост не падыходзіць, вось гэта трэба прыбраць. Я — капітан першага рангу".

Спадар: "Ня ведаю, асабіста я за мяжу не зьбіраюся, таму што там трэба працаваць. А тут я не працую, і мне добра… Цэнзура забракуе тое, што я сказаў. А таму, што я не працую і ня буду працаваць, а за мяжой трэба працаваць, так што я нікуды не паеду адсюль".

Спадарыня: "Нізкі ўзровень жыцьця, заробкі ўвогуле мізэрныя".
я вымушана была, іншага выйсьця не было, бо мы ўжо галадалі, сабачую ежу елі, я шчыра кажу


Малады спадар зь немаўлём: "Заробкі зусім маленькія, няма разьвіцьця ніякага. Заводы стаяць на каленях, не падымаюцца. Маладым няма дзе ўладкавацца. Пасылаюць на пяць год у калгас адпрацоўваць, а далей што? Ніякага прасьвету".

Ягоная жонка: "Цяпер маладым дарогі нікуды зусім няма. Калі хочаш кудысь трапіць, трэба мець дзесьці знаёмых. У нас у дзяржаве няма таго, як раней было: ты прыйшоў — і ты забясьпечаны працай. Таму хочацца ўсім зьехаць, бо яны ведаюць, што будуць хоць нейк зарабляць, хоць нейкія грошы. Мы з сужонкам — дызайнэры па спэцыяльнасьці, для нас тут ніякай пэрспэктывы няма. Напэўна, каб была магчымасьць, таксама зьехалі б".

Спадарыня: "А я сама езьдзіла. У мяне муж загінуў, пэнсію прызначылі вельмі мізэрную. Дзьве дзяўчынкі гадаваліся — абуць, апрануць іх было практычна немагчыма. А потым вучоба пачалася, а потым замуж сталі выходзіць, і я вымушана была, іншага выйсьця не было, бо мы ўжо галадалі, сабачую ежу елі, я шчыра кажу. І такое было, таму што майго заробку не хапала".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG