Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Тэгеране вырашылі не псаваць дачыненьні зь Менскам


Паведамленьне іранскага агенцтва “Фарс” пра тое, што Беларусь прадала Ірану зэнітна-ракетныя комплексы S-300, было прыбранае з сайту агенцтва.

4 жніўня на сайце паўафіцыйнага іранскага інфармацыйнага агенцтва “Фарс” зьявілася інфармацыя пра тое, што Іран мае ў сваім распараджэньні 4 ракеты S-300 тыпу “зямля-паветра”.

“Фарс” спасылаецца на спэцыяльную праграму пра іранскія збройныя сілы, якую ў траўні 2009 году паказаў лібанскі тэлеканал “Аль-Манар”, які зьвязаны з радыкальнай ісламісцкай групоўкай “Хізбала”. У праграме, між іншага, былі паказаныя ракеты S-300 з лягатыпам Іранскай рэвалюцыйнай гвардыі. Аналітык “Аль-Манару” пры гэтым нібыта згадаў, што чатыры ракетныя комплексы былі набытыя Іранам у Беларусі.

“Фарс” паведаміў таксама, што ў міжнародным друку раней зьяўляліся паведамленьні пра тое, што Іран купіў у Беларусі два ракетныя комплексы S-300 і зьбіраецца купіць яшчэ два ў неназваных краінаў. Канкрэтныя крыніцы гэтай інфармацыі не падаваліся.

Аналітык іранскай службы нашага радыё – “Радыё Фарда” – Хусэйн Арыян паведаміў, што спэкуляцыі наконт удзелу Беларусі ў продажы Ірану комплексаў S-300 цыркулюць ужо даўно: “Ужо раней выказваліся меркаваньні, што Расея спрабуе выкарыстоўваць Беларусь як пасярэдніка для перадачы S-300 у Іран, каб не выклікаць незадавальненьня з боку ЗША і Ізраілю”.

Пазьней 4 жніўня інфармацыю агенцтва “Фарс” перадрукавала агенцтва Associated Press. Неўзабаве згаданая інфармацыя на сайце www.farsnews.net зьнікла, хоць яе ўсё яшчэ можна знайсьці ў кэшы пашуковікаў, а таксама на іншых сайтах, якія пасьпелі яе перадрукаваць.

Хусэйн Арыян кажа, што зьнікненьні апублікаванай на сайце агенцтва “Фарс” інфармацыі здараліся і раней. З сайту прыбіраліся матэрыялы, якія кіраўніцтва Ірану лічыла непажаданымі. “Прычына таго, што яны прыбралі з сайту паведамленьне са згадкай пра Беларусь, можа быць у тым, што ў Іране, магчыма, падумалі, што гэта можа нанесьці шкоду сяброўскім дачыненьням паміж Тэгеранам і Менскам”, - лічыць аналітык “Радыё Фарда”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG