Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як кніга Ларысы Геніюш у космас трапіла


9 жніўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш — легенды беларускай паэзіі, грамадзянкі БНР, вязьня ГУЛАГу, ахвярнай хрысьціянкі і вольнага голасу любові да Зэльвы, Нёману, Беларусі, які ўвесь жнівень гучыць на хвалях «Свабоды». Штодня — невядомыя фатаздымкі, унікальныя аўдыёзапісы, гісторыі і апокрыфы з жыцьця паэткі.



Як кніга Ларысы Геніюш у космас трапіла


Ларыса Геніюш у Гудзевічах. 1970-я гады

У Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музэі налічваецца больш за пятнаццаць тысячаў экспанатаў. Ёсьць сярод іх і ўнікальныя, на якія зайздросьліва касавурацца экскурсіі музэйных работнікаў з Горадні і Менску. Прыкладам, у Гудзевіцкім музэі зьберагаецца адзіны ў сьвеце беларускамоўны глёбус, выраблены яшчэ ў даваенны час для адной з заходнебеларускіх гімназій.

Надоўга спыняюцца наведнікі і ля экспазыцыі, прысьвечанай Ларысе Геніюш. Сярод аўтографаў і фотаздымкаў паэткі іх увагу нязьменна прыцягвае кніга “Невадам зь Нёмана” з дарчым надпісам першага беларускага касманаўта Пятра Клімука. Гэты экспанат мае сваю гісторыю.

Гудзевіцкі музэй быў створаны настаўнікам мясцовай школы Алесем Белакозам прыканцы 60-х гадоў. Ён ад пачатку выклікаў нараканьні мастоўскага і гарадзенскага начальства за “нацыяналістычныя ўхілы” ў экспазыцыі. Але заснавальнік музэя аказаўся ня зь ліку палахлівых і ў піку начальству разьмясьціў у адным з музэйных пакояў стэнд Ларысы Геніюш. Што выглядала натуральным – у Гудзевіцкай школе паэтка вучылася, на тутэйшых могілках пахаваны яе дзед Павал Міклашэвіч.

Але на двары стаяў 1973 год, і ініцыятыва Белакоза была кваліфікаваная ўладай як антысавецкая дывэрсія ў савецкай школе.

У Гудзевічы тэрмінова прыехала адмысловая камісія і вырашыла ўсё і ўсіх зьняць: Белакоза – з працы, а геніюшаўскі стэнд – з экспазыцыі. Адміністрацыя школы паступіла больш мудра – няхай непакорлівы настаўнік спачатку экспазыцыю пераробіць, а потым піша заяву на звальненьне. Белакозу нічога не заставалася, як пагадзіцца. На пераробку далі два тыдні.

Так сталася, што акурат у тыя дні вярнуўся з ваколземнай арбіты Пятро Клімук – у арэоле заслужанай славы. Да героя-земляка і вырашыў зьвярнуцца па дапамогу Алесь Белакоз. За ноч ягоная жонка Вера выткала гальштук зь беларускім арнамэнтам і іменным надпісам. Алесь Мікалаевіч да каштоўнага падарунка далучыў кнігу “Невадам зь Нёмана” і тэрміновая поштай адправіў усё ў Зорны гарадок.

Праз два тыдні расчулены касманаўт прыслаў падзячны ліст, абяцаў прыехаць у Гудзевічы, а на дасланай кнізе напісаў: “Вучням Гудзевіцкай школы з пажаданьнем любіць радзіму і шанаваць родную мову. 11.09.73. П. Клімук”.

Кніга, што вярнулася з Зорнага гарадка, адразу набыла статус каштоўнага экспаната і ўпрыгожыла сабою тую самую экспазыцыю, якая выклікала гнеў начальства. У Гудзевічы панаехала карэспандэнтаў, прымчалася здымачная група абласнога тэлебачаньня. Мастоўская раённая газэта “Зара над Нёманам” на першай паласе дала сэнсацыйны матэрыял “Падарунак касманаўта”, зь якога вынікала, што кніга Ларысы Геніюш пабывала ў космасе.

Ці трэба казаць, што пасьля такога павароту падзеяў недатыкальным зрабіўся ня толькі ўвесь музэй, але і ягоны стваральнік. Ніхто з начальнікаў ужо нават і не заікаўся пра ягоную дывэрсію. Наадварот, на пэдагагічных нарадах Алеся Белакоза хвалілі за ўкараненьне новых мэтадаў пазашкольнага выхаваньня. І калегі-настаўнікі паважна ўздыхалі: “Ну і Белакоз – ужо да космасу дабраўся!”

Калі Ларыса Геніюш дачулася, якую ахоўную грамату займеў Гудзевіцкі музэй, яна прысьвяціла касманаўту прачулыя радкі:

Хлопча палескі, з харошых найлепшы,
што вылецеў к сонцу з дрымотных балотаў.
Скуль мне узяць дасканалыя вершы,
вартыя гэтак далёкіх палётаў?

Дзякуй, што наш ты з палескае вёскі,
слаўна ўзьляцеў і шчасьліва вярнуўся.
Дзякуй, што ў сэрцы адданым, сыноўскім,
насіў ты і носіш імя Беларусі.

На жаль, Пятро Клімук так і не прыехаў у Гудзевічы. А легендарная кніга зь ягоным надпісам і сёньня знаходзіцца ў музэйнай экспазыцыі. Што праўда, Гудзевіцкі музэй мог бы яе значна пашырыць, паколькі мае ў сваіх фондах некалькі соцень экспанатаў з зэльвенскай хаты Ларысы Геніюш.


Ларыса Геніюш. "Мова чыстых, спрадвечных славян…"
Мова чыстых, спрадвечных славян,
Белы, тонкі зямлі нашай кужаль,
Старых кнігаў і граматаў здань,
Мова замкаў і прадзедаў мужных.

То з Скарынаю выйдзеш у сьвет,
У статут правы злучыш на дзіва,
То задушаць, затопчуць твой сьлед,
Мова сёлаў і мова архіваў.

Ўсенародная скрыня дабра,
Жыцьцядайная сэрцаў крыніца,
Не дамо мы цябе адабраць,
Над табой не дазволім глуміцца.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG