Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Шклове зьявіцца лядовы палац


Будоўля ў Шклове
Будоўля ў Шклове
У 15-тысячным Шклове будзе лядовы палац. Месца для аднаго з найменшых у краіне комплексаў (усяго на 280 месцаў) днямі пачалі рыхтаваць на беразе Дняпра побач з лыжаролернай трасай і пляцоўкай, на якой прызямляецца прэзыдэнцкі верталёт.

Нават па беларускіх мерках Шклоў мае статус дробнага гораду, што, аднак, ад сярэдзіны 1990-х не перашкаджае яму далучацца да выгодаў цывілізацыі. У пазаштатным некалі гарадку цяпер да дзяржаўных сьвятаў узводзяцца аб’екты, якія, на задуму чыноўнікаў, набліжаюць правінцыю да цэнтру.
Будынак ратушы, дзе месьціцца гімназія

Да «Дажынак-2000» цалкам абнавілі цэнтар гораду, збудавалі аўтавакзал і Дом культуры, адрэстаўравалі ратушу з гандлёвымі радамі, дзе зараз месьціцца гімназія. Дарэчы, раней тут была школа, у якой выкладалі і вучыліся знакавыя для Шклоўшчыны асобы: Аляксандар Лукашэнка, Уладзімер Канаплёў, Васіль Раінчык.


Пляцоўка для верталёта Лукашэнкі
У напамін пра Дзень беларускага пісьменства, які адзначаўся ў Шклове ў верасьні 2007-га, вітрыны мясцовага ўнівэрмагу дагэтуль упрыгожаныя партрэтамі знакамітых беларускіх асьветнікаў. Але галоўны здабытак — не духоўны. Тры гады таму на беразе Дняпра пачала функцыянаваць ці ня першая па-за межамі Менску лыжаролерная траса. Калісьці тут быў стадыён, дзе ганяў мяч Лукашэнка. Аднак потым ён «здрадзіў» мячу дзеля канькоў, і тэрыторыю перапрафілявалі. Тут жа — пазначаная адмысловымі знакамі пляцоўка: на ёй прызямляецца верталёт кіраўніка дзяржавы, калі той прылятае на малую радзіму. Ужо праз год Лукашэнка зможа ня толькі катацца на роліках, але і гуляць у свой улюбёны хакей: лядовы палац маюць здаць да наступнай зімы.

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты, жыхар Шклова Рыгор Кастусёў ня мае адназначнага адказу на тое, ці патрэбен гораду такі будаўнічы размах. І прызнаецца, што аб’ектыўным ацэнкам перашкаджае элемэнт патрыятызму:
Такая будоўля ў далейшым абернецца для гораду вялікімі стратамі на яго эксплюатацыю. Шклоўцы, на жаль, да канца не разумеюць, якім цяжарам гэта ляжа на бюджэт гораду, на бюджэт раёну.

«Я ўсё ж шклаўчанін, жыву ў гэтым горадзе, і для мяне таксама ня ўсё роўна, як будзе выглядаць Шклоў. Мне хацелася б, каб ён выглядаў лепш, бо ўсё ж я застаюся патрыётам свайго гораду. У вялікай ступені, канечне, у такіх мерапрыемствах шмат паказухі. Тут можна розныя ацэнкі рабіць, і з гэтага боку я стаўлюся да гэтага як да нэгатыўных спраў. Але калі адкінуць палітычную афарбоўку тых жа „Дажынак“, калі адкінуць многія моманты, якія я лічу нацягнутымі, то будаўніцтва і рамонт Шклова і першых гарадоў, у якіх праводзіліся „Дажынкі“, у вялікай ступені далі штуршок для іншых месцаў — якімі павінны стаць нашы гарады, у першую чаргу гарады малыя… Ну, а тое, што ў Шклове зараз будуецца лядовы палац, то я да гэтага стаўлюся крыху з гумарам. Зразумела, што такая будоўля ў далейшым абернецца для гораду вялікімі стратамі на яго эксплюатацыю. Шклоўцы, на жаль, да канца не разумеюць, якім цяжарам гэта ляжа на бюджэт гораду, на бюджэт раёну».

Турыстычная база ў Шклове
Літаральна за сотні мэтраў ад будучага лядовага палаца вядзецца будаўніцтва новага моста праз Дняпро. Празь яго можна трапіць у яшчэ адно сьведчаньне «абранасьці» Шклова. Падчас свайго дэпутацтва і пазьнейшага сьпікерства ў Палаце прадстаўнікоў былы шклоўскі міліцыянт Уладзімер Канаплёў паспрыяў, каб на самым высокім пункце Шклоўшчыны з традыцыйнай назвай «Лысая гара» ўзьвялі турысцкую базу. Мясцовыя кажуць, што першапачаткова стылізаваны пад абарончую крэпасьць комплекс будаваўся для былых землякоў, якія аселі ў Ізраілі. Шклоў здаўна лічыўся габрэйскім мястэчкам, і яшчэ пры канцы ХІХ стагодзьдзя габрэі складалі блізу 78% усіх жыхароў гарадку. За савецкім часам шмат габрэяў ад’ехалі на гістарычную радзіму і сувязь з малой радзімай страцілі. Аднак прапагандысцкія візыты Канаплёва ў Ізраіль плёну ня мелі, і цяпер комплекс збольшага пустуе.

Не адмовіш шклоўцам і ў самаіроніі: у 2007-м на цэнтральнай плошчы зьявіўся помнік агурку. Шклоў здаўна лічыцца неафіцыйнай сталіцай гэтай гародніннай культуры. Іншая скрайнасьць — адкрыцьцё ў гарадзкім парку помніка расейскаму военачальніку графу Сямёну Зорычу. Фаварыт імпэратрыцы Кацярыны ІІ з 1778 да 1799 году быў правіцелем Шклова, заснаваў тут кадэцкі корпус і прафэсійны тэатар. З горадам наўпрост зьвязаная і яшчэ адна гістарычная асоба: з 1773 году Шклоў быў ва ўладаньні яшчэ аднаго ўлюбёнца Кацярыны — Рыгора Пацёмкіна. Менавіта пры ім квітнелі так званыя «пацёмкінскія вёскі», мэта якіх была адна — пусьціць пыл у вочы. Што пры бліжэйшым разглядзе можна пабачыць і зараз.
Помнік графу Зорычу

Самі ж шклоўцы ў сваім штодзённым існаваньні прывязаныя да двух горадаўтваральных прадпрыемстваў, якія знаходзяцца пад асабістай апекай Аляксандра Лукашэнкі. Гаворка пра папяровую фабрыку «Спартак», якая мае ўжо больш чым 100-гадовую гісторыю, і наноў збудаваны завод газэтнай паперы. На абодвух прадпрыемствах працуе больш чым па 600 чалавек, але парадаваць высокага апекуна землякам няма чым — нягледзячы на шматмільённыя дзяржаўныя ўліваньні.

Наладзіць поўнае імпартазамяшчэньне газэтнай паперы замінае недасканалая вытворчасьць. Работнікі расказваюць, што набытае ў Расеі абсталяваньне несумяшчальнае з камплектуючымі, якія чамусьці набывалі ў ЗША. У выніку шклоўская папера ў друкарскіх машынах рвецца і ад яе, як могуць, адмаўляюцца ня толькі недзяржаўныя, але і афіцыйныя друкаваныя выданьні.

Фабрыка «Спартак» арыентуецца перадусім на выпуск гофракартону і папяровай асновы пад шпалеры, што не дае падставаў рапартаваць пра шырокі асартымэнт прадукцыі. Праўда, неўзабаве тут плянуецца наладзіць італьянскую лінію для вытворчасьці двухслойных папяровых ручнікоў і туалетнай паперы. Днямі на гэтыя мэты фабрыка атрымала зь бюджэту яшчэ больш за 40 мільёнаў даляраў. Паказальна, што праектная магутнасьць новай вытворчасьці — 60 тон туалетнай паперы штомесяц. Як кажуць «спартакаўцы», такой колькасьці беларусам самім не «пераварыць», таму давядзецца прасоўваць лішкі на замежныя рынкі. Праўда, пры сьціплым досьведзе вядзеньня маркетынгу прадпрыемства рызыкуе затаварыцца спэцыфічнай прадукцыяй на гады.

Шпацыр па Шклове
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:36 0:00
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG