Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кубілюс пра будаўніцтва АЭС: "Недастаткова толькі мяшаць бэтон"


"Пляны суседзяў усё яшчэ застаюцца надта няяснымі". Такую выснову зрабіў прэм'ер-міністар Літвы Андрус Кубілюс пасьля наведваньня будаўнічай пляцоўкі беларускай АЭС непадалёк ад мяжы з Літвой.

Паводле Кубілюса, нейкая падрыхтоўка ў Астравецкім раёне вядзецца, але беларусы не змаглі яго пераканаць у тым, што ўсе пляны будуць поўнасьцю рэалізаваныя.

"Падрыхтоўчыя працы мы быццам бы бачылі, але гэта ўсё яшчэ пачатковы этап, і нельга сказаць, што праца ў разгары, і яе не спыніць", - сказаў BNS пасьля наведваньня месца будаўніцтва АЭС А.Кубілюс.
недастаткова толькі мяшаць бэтон і будаваць самі рэактары - ня менш важна забясьпечыць нагляд за бясьпекай


Ён выказаў спадзяваньне, што посьпех літоўскага праекту па будаўніцтву новай АЭС можа памяняць пляны і Беларусі, і Расеі, якая мае намер пабудаваць АЭС у Калінінградзкай вобласьці.

"Мне пакуль пляны суседзяў не зусім ясныя", - сказаў Кубілюс.

"Мы бачылі намаганьні суседзяў у сэнсе канкурэнцыі, ці стараньні прадэманстраваць нейкую будаўнічую паказуху. Суседзі будуюць электрастанцыю паблізу нашых межаў, нібы нацэльваючыся на нашы рынкі. Мы ўжо ў лістападзе будзем мець стратэгічнага інвэстара, і мне здаецца, што калі нашы пляны будуць пасьпяхова рэалізоўвацца, то суседзям свае пляны давядзецца карэнным чынам памяняць", - сказаў А.Кубілюс.

"Мы зьвярнулі ўвагу беларусаў, што недастаткова толькі мяшаць бэтон і будаваць самі рэактары - ня менш важна забясьпечыць нагляд за бясьпекай і юрыдычную рэглямэнтацыю, кантроль з боку МАГАТЭ", - сказаў прэм'ер Літвы.

Кубілюс, якія зрабіў велапрабег па Беларусі, сказаў, што ў Астравецкім раёне бачыў два аб'екты, зьвязаныя з будаўніцтвам АЭС - тэрыторыю для будаўніцтва і пляцоўку для самой АЭС.

"Магчыма, на самой пляцоўцы плошчы пад АЭС немаленькія, зямля выраўнена, але вельмі многа тэхнікі мы там ня бачылі, так што ня вельмі ясна, як многа гэтыя працы будуць пашырацца і ажыцьцяўляцца. Апроч таго, уяўляецца дзіўным інжэнэрным рашэньнем плян будаўніцтва АЭС на ўзгорку ў 10 кілямэтраў ад ракі Нёман. Між тым нашы пляны і тэхнічныя рашэньні не выклікаюць ніякіх пытаньняў", - сказаў Кубілюс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG