Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія дэмакраты заклікаюць выбраць адзінага кандыдата


Рэгістравалі ўдзельнікаў канфэрэнцыі на падворку грамадзкага цэнтру “Кола”
Рэгістравалі ўдзельнікаў канфэрэнцыі на падворку грамадзкага цэнтру “Кола”
У Магілёве ў мясцовым грамадзкім цэнтры “Кола” сёньня адбылася абласная канфэрэнцыя дэмакратычных сіл. 59 яе дэлегатаў заклікалі вядомых апазыцыйных прэтэндэнтаў на прэзыдэнцтва аб’яднацца й вылучыць адзінага кандыдата.

На сходзе дэмакратаў рэгіёну прысутнічалі шасьцёра зь іх – Яраслаў Раманчук, Алесь Міхалевіч, Аляксандар Мілінкевіч, Юры Глушакоў, Рыгор Кастусёў і Віталь Рымашэўскі.

На канфэрэнцыі дэлегаты падвялі вынікі выбараў у мясцовыя саветы. Далі ацэнку свайму ўдзелу ў іх. Абралі новы кіроўны орган кааліцыі аб’яднаных дэмакратычных сіл рэгіёну – раду. Туды ўвайшлі вылучэнцы дваццаці арганізацыяў.

Вызначаліся дэлегаты і з пэрспэктывамі ўдзелу ў прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Вылучэньне адзінага кандыдата на прэзыдэнцтва ад дэмакратычных сіл закраналася амаль кожным выступоўцам.

Эдуард Брокараў
“Адзіны кандыдат патрэбны. Людзі з дэмакратычнымі поглядамі змогуць тады згуртавацца вакол зьдзяйсьненьня адной мэты. Калі дэмакраты пачнуць супернічаць паміж сабой, то гэта будзе толькі на карысьць правячаму рэжыму, бо людзей гэтых да жалю ня так многа”, мяркуе актывіст з Горак Эдуард Брокараў.

Актывіст свабоднага прафсаюзу Беларускага з Магілёва Юры Новікаў мае іншае меркаваньне:

“Галоўная праблема ня ў тым, будзе ці ня будзе адзіны кандыдат. Галоўная праблема, што выбараў няма. Каб кандыдаты цяпер аб’ядналіся вакол адной канкрэтнай справы. Напрыклад, вылучэньне людзей ва ўчастковыя й абласныя камісіі. Калі ім разам удасца вылучыць у гэтыя камісіі людзей, тады можна казаць, што будуць нейкія выбары”.

Вылучэнец на кандыдата ў прэзыдэнты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук заявіў магілёўскім дэмакратам, што ня супраць стаць адзіным кандыдатам, але гатовы й саступіць іншаму прэтэндэнту:
Калі мы цяпер не пачнём кансалідацыю, то Расея так ці гэтак прызначыць нейкага чалавека ...

“У нас унікальны гістарычны шанец. Калі мы цяпер не пачнём кансалідацыю, то Расея так ці гэтак прызначыць нейкага чалавека. Аднак нас потым, дэмакратаў, да перамоваў не дапусьцяць. Пасьля выбараў будзе вялізны абвал. Прадуць алігархі, альбо бандыты й скупяць прадпрыемствы пад корань”.

Патэнцыйны прэтэндэнт на кандыдата ў прэзыдэнты Алесь Міхалевіч ня бачыць панацэі ў адзіным дэмакратычным вылучэнцы. Пра гэта ён і заявіў дэлегатам магілёўскай канфэрэнцыі
Гэта могуць быць два-тры кандыдаты, але якія возьмуць увесь электарат ...

“Усе мы дужа засумавалі па перамогах. Нам трэба мець тых кандыдатаў, якія здолеюць зрабіць так, каб людзі ў іх паверылі. Гэта могуць быць два-тры кандыдаты, але якія возьмуць увесь электарат, які не падтрымлівае Лукашэнку”.

Лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч ня супраць адзінага кандыдата:
Яднацца варта паводле вартасьцяў ...

“Яднацца варта паводле вартасьцяў. Безыдэйнае аб’яднаньне не працуе. Ідэя, што мы ня любім рэжым – гэта замала для людзей. Людзі хочуць ведаць, а што будзе пасьля. Для мяне ўсё проста – незалежнасьць, дэмакратыя, шлях у Эўропу. Калі нейкі чалавек будзе адпавядаць гэтым крытэрам, то даю слова, што я здымуся пад гэтага чалавека”.

Вылучэнец на прэзыдэнцкае крэсла ад партыі "Зялёныя" Юры Глушакоў заклікаў магілёўскіх дэмакратаў не зацыклівацца на ідэі адзінага кандыдата:
пойдзем на выбары некалькімі калёнамі ...

“Калі мы нават і пойдзем на выбары некалькімі калёнамі, то можа быць будуць ўцягнутыя ў гэты працэс яшчэ больш людзей і мы атрымаем значна лепшы вынік, чым калі будзем выстаўляць нейкага штучнага адзінага, тым больш калі згоды на гэты конт няма”.

Яраслаў Раманчук
Юры Глушакоў
Аляксандар Мілінкевіч
Алесь Міхалевіч

Вынікі канфэрэнцыі, на правах арганізатара, падвёў вылучэнец на прэзыдэнцтва ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

Рыгор Кастусёў
“Праца аб’яднаньня яна ў вялікай ступені вызначана. Мы ўсё адно будзем працаваць разам па фармаваньні камісіяў, назіраньні выбарчага працэсу. Будзем разам рыхтаваць акцыі пратэстаў, у тым ліку плошчу. Паступова праца па выхадзе на адзінага яна скончыцца па этапе збору подпісаў”.


Канфэрэнцыю арганізавала кааліцыя дэмакратычных сіл Магілёўшчыны ўтвораная ў ліпені 2006 году. У яе склад уваходзяць абласныя арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная грамада", Партыі свабоды й прагрэсу, партыі левых "Справядлівы сьвет", Партыі працы, партыі "Надзея" а таксама Свабодны прафсаюз Беларускі і шэраг мясцовых кааліцыяў з рэгіёну. Кааліцыю стваралі для правядзеньня палітычных электаральных кампаніяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG