Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці актывізуе працу расейска-беларуская праваабарончая камісія?


Эла Памфілава
Эла Памфілава
Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў прыняў адстаўку Элы Памфілавай з пасады старшыні Рады пры прэзыдэнту па судзеяньні разьвіцьцю інстытутаў грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека. Пры актыўным удзеле Элы Памфілавай у 2005 годзе ў рамках Рады была створана расейска-беларуская праваабарончая камісія. У яе ўваходзілі прадстаўнікі Расеі і Беларусі. Як адаб'ецца адстаўка Памфілавай на далейшым лёсе гэтай камісіі?

У расейска-беларускую праваабарончую камісію ўваходзяць шэраг праваабаронцаў і журналістаў зь Беларусі. Тацьцяна Процька, якая раней узначальвала Беларускі Хэльсынскі камітэт, сустракалася з Элай Памфілавай, каб абмяркоўваць актуальныя тэмы. Як яна ацэньвае дзейнасьць сумеснай праваабарончай камісіі?

Тацьцяна Процька
"Цяпер у Расеі такая складаная сытуацыя, што правы чалавека — ня самае галоўнае ў палітыцы. Таму і Эла Памфілава ў адстаўку сыходзіць, якія б ні былі фармальныя прычыны. І многія іншыя людзі расчараваныя тым, што адбываецца. І як будзе працаваць камісія, ці не захочуць яе ўцягнуць у тыя палітычныя разборкі паміж кіраўніцтвам Беларусі і Расеі, — цяжка сказаць".

Паводле Тацьцяны Процькі, карысьць была найперш ад таго, што гэтая камісія ў прынцыпе была ўтвораная, аднак "кіраўніцтва ні Расеі, ні Беларусі не было зацікаўлена ў тым, каб грамадзянская супольнасьць брала актыўны ўдзел у разьвіцьці абедзьвюх дзяржаваў".

Сябра камісіі, вядомы журналіст Павел Шарамет адзначае, што адстаўка Элы Памфілавай прынцыпова не адаб'ецца на працы расейска-беларускай праваабарончай камісіі.

Павал Шарамет
"Вядома, Эла Памфілава прыкладала максымум намаганьняў, каб гэтая беларуска-расейская камісія існавала. Тым ня менш маторам гэтай камісіі быў заўсёды Караганаў. А Караганаў застаецца сябрам гэтай Рады, і я думаю, што гэта пытаньне больш палітычнае, чым праваабарончае. Таму я не чакаю нейкіх нэгатыўных наступстваў".

Паводле Паўла Шарамета, сумесная праваабарончая камісія эфэктыўна працавала два-тры гады таму:

"Апошнім часам камісія крыху прытармазіла сваю дзейнасьць. У асноўным мы займаліся пытаньнямі расьсьледаваньня выкраданьняў людзей, аказаньнем юрыдычнай дапамогі грамадзянам Беларусі, расейцам, якія пацярпелі на тэрыторыі Беларусі. Было ж некалькі высланых людзей — Суздальцаў і прадпрымальнікі. Апошнія месяцы камісія прытармазіла сваю працу, бо цяжка грамадзкім камісіям дамагацца справядлівасьці ў такіх таталітарных краінах, як Беларусь. Але зусім магчыма, што з улікам выбараў і палітычных абставінаў, якія мяняюцца, камісія актывізуецца".

Палітоляг Сяргей Караганаў запэўніў, што расейска-беларуская праваабарончая камісія, хоць і працавала апошнімі гадамі менш інтэнсіўна, але працавала і будзе працягваць сваю дзейнасьць. Адносна адстаўкі Элы Памфілавай ён сказаў:

Сяргей Караганаў
"Шкада, што яна сышла. Я спадзяюся, што прэзыдэнт ня прыме яе адстаўкі. Яна чалавек, адданы грамадзкаму дабрабыту і справе абароны правоў чалавека. І, вядома, яе сыход — гэта страта для ўсіх".

Эла Памфілава сёньня падала просьбу аб адстаўцы і пакуль ня стала тлумачыць журналістам прычыны сваёй адстаўкі. Пераемнікам на сваю пасаду яна парэкамэндавала эканаміста Аляксандра Аўзана. У інтэрвію РИА Новости спадар Аўзан адзначыў, што сыход Памфілавай ускладняе ўсю далейшую дзейнасьць Рады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG