Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік ААН пахваліў Беларусь за стаўленьне да ўцекачоў


Антоніё Гутэрэс - вярхоўны камісар ААН па справах уцекачоў
Антоніё Гутэрэс - вярхоўны камісар ААН па справах уцекачоў
У Менску зьявіцца прадстаўніцтва Ўправы Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў. Пагадненьне на гэты конт падпісалі МУС Беларусі і Вярхоўны камісар ААН у справах уцекачоў Антоніё Гутэрэс, які знаходзіцца ў Менску.

Управа Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў і афіцыйны Менск дамовіліся пра супольныя праекты, якія маюць на мэце паляпшэньне сытуацыі з уцекачамі ў Беларусі, іх статусу і ўмоваў інтэграцыі ў краіне, працэдуры наданьня прытулку, барацьбу з гандлем людзьмі, кіраваньне межамі. Антоніё Гутэрэс разьлічвае ў гэтых справах на супрацоўніцтва зь іншымі міжнароднымі арганізацыямі і грамадзянскай супольнасьцю:

"У Беларусі пазытыўныя адносіны да абароны ўцекачоў, палітыка ўраду спрыяльная для ўцекачоў і стаўленьне грамадзтва выключна талерантнае. Гэта для нас вельмі важна ў момант, калі, на жаль, у шмат якіх частках сьвету мы назіраем усплёск ксэнафобіі".

У сьвеце цяпер налічваецца 15 мільёнаў уцекачоў, а яшчэ 27 мільёнаў чалавек — перамешчаныя асобы ў межах сваіх дзяржаў. З 1997 году ў Беларусі папрасілі прытулку 3,5 тысячы грамадзян з 48 краін сьвету. На гэты момант уцекачамі прызнаныя 819 іншаземцаў, 70 працэнтаў якіх прадстаўляюць Аўганістан.

Апошняя катэгорыя асабліва хвалюе Антоніё Гутэрэса:

"У нас цяпер вялізная занепакоенасьць рэзкім ростам непаўналетніх мігрантаў з Аўганістану, якія складаюць большую частку ўцекачоў у Эўропу і іншыя часткі сьвету. Некаторыя зь іх сталіся ахвярамі ў руках кантрабандыстаў пры вельмі драматычных абставінах".

Спадар Гутэрэс ня змог адказаць, як шмат беларускіх грамадзян папрасілі палітычнага прытулку ў сьвеце. Ён зазначыў толькі, што любы грамадзянін зь любой краіны, уключна зь Беларусьсю, можа папрасіць палітычны прытулак у любой іншай краіне, і ўлады апошняй абавязаныя разгледзець іх просьбы ды ўхваліць рашэньне, зыходзячы з тых прычын, якія выклікалі такую просьбу:

"Мы ніколі не палітызуем гэтае пытаньне, мы перакананыя, што прытулак павінен давацца людзям зь любых краін сьвету ў любой дзяржаве. Гэта адно з асноўных палажэньняў Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека — права прасіць прытулку".

Аляксей Бягун, кіраўнік дэпартамэту па грамадзянству і міграцыі МУС РБ
Паводле начальніка Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксея Бегуна, сёлета за 6 месяцаў 90 іншаземцаў зьвярнуліся па статус уцекача. Ці быў сярод іх зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў, які знаходзіцца ў Беларусі зь сям'ёй пад абаронай А. Лукашэнкі, спадар Бягун адказаць ня змог:

"Нацыянальнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а таксама Канстытуцыя гарантуюць неразгалошваньне пэрсанальных зьвестак асоб, якія зьвяртаюцца ў кампэтэнтныя органы з просьбай аб наданьні статусу ўцекача, для гэтага патрэбная іх згода. Таму я не магу казаць, ці зьвяртаўся былы прэзыдэнт Кіргізстану ў кампэтэнтныя органы Беларусі з хадайніцтвам аб наданьні статусу ўцекача і ў якой стадыі знаходзіцца разгляд яго заявы".

Аляксей Бягун, сярод іншага, паведаміў пра дазвол на працаўладкаваньне ў Беларусі 600 грамадзянаў Кітаю, якія будуць рэалізоўваць 2 інвэстыцыйныя праекты — шматфункцыянальныя комплексы "Лябяджы" і так званы "Чайнатаўн". МУС матываваў дазвол тым, што ў Беларусі не хапае будаўнікоў для гэтых аб'ектаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG