Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Дзень незалежнасьці адзначалі ў рэгіёнах


20 гадоў таму Вярхоўны Савет Беларусі прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце, якая абвясьціла "поўны дзяржаўны сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, самастойнасьць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцнасьць яе законаў, незалежнасьць рэспублікі ў зьнешніх стасунках".

Пра тое, як сёньня адзначалі Дзень незалежнасьці ў рэгіёнах Беларусі.


МАГІЛЁЎШЧЫНА

Дваццацігадовыя віншавалі сваіх раўналеткаў з Днём незалежнасьці

Віншавальныя паштоўкі да дня Незалежнасьці
Дваццацігодзьдзе дэклярацыі сувэрэнітэту Беларусі адзначалі сёньня ў Магілёве й у райцэнтры Бялынічы.

У Бялынічах дваццацігадовыя мясцовыя актывісты віншавалі сваіх аднагодкаў. Пра тое, як гэта адбывалася, апавядае адна з удзельніц сьвяточнай акцыі — Яўгенія Мяцеліца:

"Нагадалі мы ім, што ёсьць вось такое сьвята, што дваццаць год таму была падпісаная Дэклярацыя аб незалежнасьці й што яны ўжо нарадзіліся ў вольнай краіне. Падаравалі мы ім торбы, кніжкі, буклеты "Гавары праўду". А таксама спэцвыпуск газэты "Гавары праўду". У ёй сабраныя матэрыялы дваццацігадовай даўніны, у якіх згадвалася гэтая падзея".

Павіншавалі маладыя бялынінцы й рэдакцыю мясцовай раёнкі "Зара над Друцьцю". Увечары ў мясцовым парку грамадзкія актывісты плянуюць правесьці вечарыну, прысьвечаную сёньняшняму юбілею.

У абласным цэнтры з гадавінай дэклярацыі спачатку віншавалі чыноўнікаў гарадзкой і выканаўчай улады, БРСМ, а таксама журналістаў дзяржаўных газэт:

"Падарылі кніжкі нашага беларускага паэта Ўладзімера Някляева зь ягонымі вершамі, а таксама віншавальную маленькую паштоўку пра сёньняшняе сьвята. У гэты дзень адкрылася новае жыцьцё для беларусаў. Мы хочам, каб чыноўнікі не забывалі гэтую дату", — патлумачыў наведваньне гарвыканкаму й аблвыканкаму актывіст "Гавары праўду" Алесь Паплыка.

Пасьля віншаваньня чыноўнікаў актывісты "Гавары праўду" выйшлі зь віншавальнымі паштоўкамі на вуліцы Магілёва. Гаворыць актывістка, удзельніца віншаваньня Аксана Закрэўская:

"Мы каля дзьвюх тысяч паштовак раздалі і плянуем яшчэ раздаваць жыхарам нашага гораду, студэнтам, моладзі. 27 ліпеня 1990 году Беларусь сапраўды стала незалежнай краінай. Гэты дзень мы можам сьмела лічыць пачаткам сучаснай Беларусі".


ГОМЕЛЬ

Учора і сёньня жыхароў Гомелю віншавалі сьвяточнымі паштоўкамі

Яшчэ напярэдадні ў Гомелі міліцыя затрымлівала актывістаў, якія раздавалі мінакам віншавальныя паштоўкі ад імя Каардынацыйнай рады Аб'яднаных дэмсілаў Гомельшчыны. Сярод затрыманых былі Васіль Палякоў, Юрась Глушакоў, Уладзімер Няпомняшчы і журналістка Ларыса Шчыракова.

Сёньня Васіль Палякоў паведаміў "Свабодзе", што міліцыянты ўтрымлівалі актывістаў па 2—3 гадзіны. Ці будуць пасьля гэтага адміністрацыйныя пакараньні, пакуль невядома. Суразмоўца кажа і пра сёньняшні дзень:

"Мы загадзя плянавалі акцыю на два дні. Так што і сёньня яшчэ раздавалі віншавальныя паштоўкі мінакам. Дарэчы, учора міліцыянты ня ўсіх здолелі затрымаць. Так што мы сваю задачу ў асноўным выканалі".

ВІЦЕБСК

Бел-чырвона-белы сьцяг на вуліцы Камуністычнай

Угодкі абвяшчэньня Дэклярацыі аб незалежнасьці Беларусі былі адзначаны ў Віцебску зьяўленьнем бел-чырвона-белага сьцяга на адным з жылых дамоў па вуліцы Камуністычнай, якраз насупраць Смаленскага кірмашу.

Сьцяг лунаў у людным месцы, і яго адразу заўважылі дзесяткі мінакоў. Віцебскі сябар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Сяргей Каваленка распавёў, што сьцяг зьявіўся адмыслова да сёньняшняй даты:

"Бел-чырвона-белы сьцяг зьявіўся сёньня ў гонар незалежнасьці беларускай нацыі. Мы абвяшчаем акцыю "Ўздымі сьцяг!" Каб нашы нацыянальныя сьцягі зьяўляліся па ўсіх кутках Беларусі. А яшчэ сёньняшні сьцяг зьявіўся з нагоды вызваленьня з-за кратаў Алега Сургана".

Алег Сурган разам з братам Тарасам
Алег Сурган
, асуджаны на 6 месяцаў зьняволеньня за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга ў верасьні мінулага году, якраз сёньня выйшаў з глыбоцкай турмы. Афіцыйная прычына арышту актывіста — супраціў міліцыянтам падчас затрыманьня.

Паўгода аднадумцы падтрымлівалі Алега Сургана лістамі, а сёньня разам з братам, Тарасам Сурганам, яго сустрэлі каля турмы. Начальнік карнай установы папярэдзіў, каб не было мітынгаў, і загадаў зьяжджаць дахаты як мага хутчэй: зазвычай зьняволеных вызваляюць каля 11-й гадзіны, а Алег Сурган быў вольны ўжо а палове на 9-ю раніцы.

Дэмакратычныя актывісты Віцебску зьбіраюцца правесьці сёньня ўвечары сход, прысьвечаны ўгодкам прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, а таксама канцэрт барда Георгія Станкевіча. Пра гэта распавёў старшыня абласной суполкі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў:

"Мы вырашылі, што такі фармат найменш верагодна можа скончыцца прыцягненьнем да адміністрацыйнай адказнасьці тых, хто зьбярэцца адзначыць угодкі прыняцьця дэклярацыі пра сувэрэнітэт. Людзі зьбяруцца разам, адкажуць на пытаньні віктарыны, пасьпяваюць пад гітару, паглядзяць адно на аднаго"…

Віцебская суполка Партыі БНФ падавала ў гарвыканкам заяву на правядзеньня агульнагарадзкога сьвяткаваньня, але ўлады яго забаранілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG