Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран асуджае санкцыі Эўразьвязу


Рада бясьпекі ААН галасуе за санкцыі супраць Ірану
Іран заявіў, што санкцыі Эўразьвязу не дапамогуць міжнароднай супольнасьці ўзнавіць перамовы наконт іранскай ядзернай праграмы і ня зьменяць намеру Тэгерану разьвіваць гэтую праграму.

Прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Ірану таксама сказаў, што Тэгеран разглядае санкцыі Брусэлю як "чарговы варожы крок" і што ініцыятары гэтых санкцый адчуюць "адмоўныя наступствы".

26 ліпеня Рада па замежных справах Эўразьвязу зацьвердзіла сьпісак эканамічных санкцый супраць Ірану, якія ідуць значна далей, чым санкцыі, ухваленыя ў мінулым месяцы Радай бясьпекі ААН.

"Зразумела, што для дзяржаваў-экспартэраў рашыцца на такія санкцыі нялёгка, — пракамэнтаваў учарашняе рашэньне Эўразьвязу
Зразумела, што для дзяржаваў-экспартэраў рашыцца на такія санкцыі нялёгка.
міністар замежных справаў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле. — Але была б значна горш дазволіць Ірану атрымаць ядзерную зброю".

Эўрапейскія санкцыі датычаць у першую чаргу энэргетычнага і транспартнага сэктараў Ірану.

У прыватнасьці, Эўразьвяз забараніў сваім чальцам прадаваць і дастаўляць Ірану абсталяваньне і тэхналёгіі для пошукаў, здабычы і перапрацоўкі прыроднага газу.

Санкцыі таксама забараняюць эўрапейскім кампаніям страхаваць і перастрахоўваць іранскія прадпрыемствы, якія займаюцца перавозкамі. Гэты захад паўплывае на эфэктыўнасьць імпарту бэнзіну і іншых прадуктаў нафтаперапрацоўкі Іранам (на сёньняшні дзень Іран імпартуе каля 40 адсоткаў паліва, паколькі краіне не хапае сваіх нафтаперапрацоўчых здольнасьцяў).

У дадатак санкцыі Эўразьвязу накладаюць на сваіх чальцоў абавязак сачыць за дзейнасьцю іранскіх банкаў у Эўропе і выдаваць дзяржаўныя дазволы на апэрацыі, кошт якіх перасягае 40 тысяч эўра.

Урэшце, Эўразьвяз забараніў эўрапейскім лётнішчам прымаць грузавыя перавозкі з Ірану і адпраўляць іх у Іран, за выняткам абмежаванага аб’ёму грузаў на борце пасажырскіх самалётаў.

Неўзабаве пасьля ўхваленьня Радай па замежных справах Эўразьвязу дадатковых санкцый супраць Ірану, прадстаўнік Тэгерану ў Міжнародным агенцтве па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) заявіў, што Іран гатовы вярнуцца за стол перамоваў аб сваёй ядзернай праграме без папярэдніх умоваў.

У гэты самы дзень, што і Эўразьвяз, санкцыі супраць Ірану ўвяла Канада, забараняючы сваім кампаніям інвэставаць у энэргетычны сэктар Ірану.

У чэрвені санкцыі супраць Ірану ухваліла Рада бясьпекі ААН, ужо чацьвёрты раз у сваёй гісторыі. Гэтыя апошнія санкцыі ААН закранаюць больш як 40 іранскіх арганізацыяў, прадпрыемстваў і асобаў, у тым ліку зьвязаных з уплывовым Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі.

Міжнародная супольнасьць падазрае, што Іран, у рамках сваёй праграмы узбагачэньня ўрану для энэргетычнага сэктару, тайна распрацоўвае ядзерную зброю.
XS
SM
MD
LG