Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін сьпяваў са шпіёнамі


Пуцін на зьлёце байкераў у Крыме
Пуцін на зьлёце байкераў у Крыме
Уладзімер Пуцін сустрэўся з 10 расейскімі разьведчыкамі, якія нядаўна былі абмененыя на 4-х асобаў, што былі асуджаныя ў Расеі па абвінавачваньні ў супрацы з амэрыканскай разьведкай. Пуцін расказаў журналістам, што сьпяваў з разьведчыкамі, што вярнуліся ў Расею, савецкія песьні.

У чэрвені амэрыканскія службы бясьпекі арыштавалі 10 расейскіх разьведчыкаў-нелегалаў. Іх заданьнем было інтэгравацца ў амэрыканскае жыцьцё, завесьці карысныя сувязі і чакаць сыгналу для пачатку агентурнай працы. Некаторыя зь іх былі закінутыя ў Амэрыку больш за 10 гадоў таму. Асаблівую ўвагу амэрыканскіх мэдыяў прыцягнула расейская шпіёнка-прыгажуня Ганна Чапмэн.

У гэтыя выходныя прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін узяў удзел у зьлёце байкераў у Крыме. Падчас гутаркі з журналістамі ён паведаміў пра сваю сустрэчу з разьведчыкамі, якія былі абмененыя на 4-х асобаў, што адбывалі турэмнае зьняволеньне ў Расеі як амэрыканскія агенты.

Вэб-сайт прэм’ера Расеі падае стэнаграму гутаркі з журналістамі:

Пытаньне:
Уладзімір Уладзіміравіч, можна Вас папрасіць пракамэнтаваць сытуацыю з высылкай расейскіх разьведчыкаў з ЗША. Вы зь імі не зьбіраецеся сустракацца?

Пуцін:
Я зь імі сустракаўся.

Пытаньне: Вы нам больш нічога ня скажаце?

Пуцін: Вы мяне больш ні пра што не пытаеце.

Пытаньне:
Пра што вы гаварылі?

Пуцін: Пра жыцьцё.

Пытаньне:
Кажуць, Вы зь імі караоке сьпявалі?

Пуцін: Сьпявалі, але не караоке, а пад жывую музыку.

Пытаньне: А што сьпявалі, не скажаце?

Пуцін: "З чаго пачынаецца Радзіма". Я не жартую, сур'ёзна. І іншыя песьні такога ж прыкладна зьместу.

Пытаньне: Ганна Кушчанка была на сустрэчы? Чапмэн?

Пуцін: Была. Вы ведаеце, тут камэнтаваць асабліва няма чаго. Дзьмітры Анатолевіч ужо пра гэта сказаў, што гэта вынік здрады, а здраднікі заўсёды дрэнна сканчаюць. Яны сканчаюць, як правіла, ці ад п'янкі, ці ад наркотыкаў – пад плотам. Вось нядаўна адзін прыкладна так і скончыў сваё існаваньне недзе там за мяжой, і незразумела нават дзеля чаго.

Пытаньне: Гэта значыць, Вы ведаеце здраднікаў пайменна?

Пуцін: Канешне!

Пытаньне: І не зьбіраецеся іх караць нейкім чынам?

Пуцін: Я лічу, што гэта некарэктнае пытаньне. Гэта не вырашаецца ў працэсе прэсавай канфэрэнцыі. Але спэцслужбы жывуць па сваіх законах. І гэтыя законы добра вядомыя ўсім супрацоўнікам спэцслужбаў. Што тычыцца гэтых людзей, то магу вам сказаць, што гэта вельмі цяжкі лёс – кожнага зь іх!

Вы толькі ўявіце. Па-першае, трэба асвоіць мову на ўзроўні роднай мовы. Думаць на ёй, гаварыць на ёй, выконваць тое, што загадана заданьнем ў інтарэсах сваёй Радзімы на працягу многіх-многіх гадоў, не разьлічваючы на дыпляматычнае прыкрыцьцё, падвяргаючы штодзённа небясьпецы сябе і сваіх родных, якія нават ня ведаюць пра тое, чым займаюцца, напрыклад, іх бацькі.

Пытаньне: А далей яны чым будуць займацца ў Расеі?

Пуцін: Яны будуць працаваць, упэўнены, што будуць працаваць на годных месцах. Не сумняюся, што ў іх будзе цікавае, яркае жыцьцё.

Пытаньне: Наколькі высока Вы ацэньваеце іх працу?

Пуцін: Гэта не мая задача. Гэта павінны рабіць спэцыялісты, іх кіраўнікі, канчатковы спажывец інфармацыі падобнага роду і Вярхоўны Галоўнакамандуючы – Прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі.


Невядома, каго меў на ўвазе Пуцін, калі казаў пра здрадніка, які нядаўна сумна скончыў сваё існаваньне. Магчыма, ён меў на ўвазе Сяргея Трацьцякова, афіцэра расейскай разьведкі, які працаваў пад прыкрыцьцём пасады прэсавага аташэ місіі ААН. Ён перайшоў на амэрыканскі бок у 2000 годзе, у мінулым месяцы ён памёр ад сардэчнага прыступу. Таксама ня выключана, што расейскі прэм’ер меў на увазе яшчэ аднаго сябра расейскай шпіёнскай сеткі – Крыстафэра Мэтсаса. Ён быў вызвалены пад заклад і загадкава зьнік.

Ці трэба разглядаць дэпартаваных з ЗША разьведчыкаў як герояў ці як няўдачнікаў?

Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў сказаў журналістам, што гэтае пытаньне не абмяркоўвалася падчас сустрэчы прэм’ера з разьведчыкамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG