Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Напэўна, у Расеі далі адмашку на зьмену Лукашэнкі"


"Расейскі прэм’ер Уладзімір Пуцін заявіў, што паміж Расеяй і Беларусьсю няма інфармацыйнай вайны. Ці пагаджаецеся вы з такім сьцьвярджэньнем?" Адказвалі гарадзенскія мінакі.


Малады спадар: "Вялікая палітыка — яна была і ёсьць, што б там ні казалі. Мы ўсё бачым, што адбываецца насамрэч. У нас у прэсе, у іх у прэсе ёсьць адпаведныя заявы. Але на самым высокім узроўні ня хочуць сварыцца, паказваць гэта ўсё".

Спадар: "У Беларусі з Масквой былі заўжды напятыя адносіны гістарычна. Увогуле, мы абсалютна розныя людзі. І я адзінае думаю, што ў нас з гэтага саюзу шмат чаго не атрымаецца. Нам трэба жыць сваім розумам, сваёй працай, і тады ўсё будзе нармальна. І не спадзявацца на Расею абсалютна, я так думаю".

Спадарыня: "Кожны са свайго пункту гледжаньня, як кажуць, перадае тую інфармацыю, якая для яго цікавая і можа зацікавіць народ. А ў нас свае меркаваньні…"

Спадар-расеец: "Мы думаем, што няма вайны, што ўсё будзе добра і палітыкі ставяцца адзін да аднаго цудоўна, не зважаючы на тое, што нехта ў сродках масавай інфармацыі штосьці кажа… Усё добра, мы ў Беларусі, нам усё падабаецца, мы з Тулы". (Фільм "Хросны бацька" па НТВ яны не глядзелі.)

Спадар: "Напэўна, у Расеі далі адмашку на зьмену Лукашэнкі, вось і ўсё. Раней адмашкі не было, а цяпер далі. Тэлеканал сам па сабе нічога ня вырашыць, выпусьціў толькі гэты фільм, а вырашана ў верхніх эшалёнах. Каго яны намячаюць — невядома, але што ім надакучыў Лукашэнка — гэта так… У нас такі харошы народ, я ня думаю, што ім павінен кіраваць чалавек, каторы "вырас на вершах Быкава", разумееце?"

Спадар: "Мне здаецца, такія вядомыя палітыкі, як прэзыдэнты Беларусі і Расеі, свае прыватныя справы, адносіны высьвятляюць, амбіцыі асабістыя. Нічога іншага тут няма".

Спадар: "Расея хоча дамагчыся, каб Лукашэнку ня выбралі прэзыдэнтам, гэта іхняя галоўная думка… Хай каго-небудзь раскруцяць, кандыдата дастойнага, у Беларусі і пакажуць яго нават па той жа Расеі. Але няма, назавіце мне прозьвішча — хто ў нас можа сярод народу за пару месяцаў набраць папулярнасьць? Што рабіць? Значыцца, інфармацыйная вайна будзе".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG