Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія СМІ: працяг атакі на Лукашэнку


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка
Беларуская тэма застаецца адной з найбольш запатрабаваных у расейскіх СМІ. Многія найбуйнейшыя тэлеканалы і газэты за апошнія дні адзначыліся новымі матэрыяламі пра Беларусь і яе кіраўніцтва.

У эфіры дзяржаўнага каналу "Расея" кіраўнік расейскага ўраду Ўладзімер Пуцін выказаў сваё бачаньне прычынаў мэдыя-вайны паміж Масквой і Менскам. Пуцін заявіў, што Беларусь, як і раней, хоча атрымліваць ад Расеі танныя рэсурсы, але пры гэтым ігнаруе ўзятыя на сябе абавязаньні:
Паўтараю яшчэ раз: калі старгаваліся, падпісалі паперку — выконваць трэба ...

"Калі гаворка ідзе пра грошы, пра аб'ёмы паставак энэргарэсурсаў, усім хочацца атрымаць нешта на халяву ад Расеі. А калі не атрымліваецца, то ўзьнікае раздражненьне. У той жа час магу вам сказаць, што мы павінны ўлічваць законныя інтарэсы нашых партнэраў. Я лічу, што мы так і робім. Мы ж дамовіліся з нашымі калегамі ў Беларусі, падпісалі кантракт у 2007 годзе. І мы ня просім нічога лішняга па-за рамкамі гэтага кантракту. Мы просім толькі аднаго: выконваць падпісаныя намі дамоўленасьці, больш нічога ня трэба. Але калі нам кажуць: давайце мы ў гэтым годзе заплацім меней, а ў наступным годзе заплацім удвая больш, то мы пагаджаемся. А ў наступным годзе нам кажуць: не, давайце ўсё пакінем, як было ў пазамінулым годзе. Ну, ведаеце… Паўтараю яшчэ раз: калі старгаваліся, падпісалі паперку — выконваць трэба. Толькі гэтага мы і хочам".

Шмат якія расейскія газэты надрукавалі інтэрвію з патэнцыйным кандыдатам у прэзыдэнты Яраславам Раманчуком, які разам з Анатолем Лябедзькам і Аляксандрам Дабравольскім меў шэраг сустрэчаў з расейскай палітычнай элітай. У артыкуле "Бацька ў загоне", зьмешчаным у газэце "Московский комсомолец", прыводзіцца рэпліка Раманчука адносна сур'ёзных абвінавачаньняў у фільмах каналу НТВ "Хросны Бацька": "Неадэкватнасьць беларускага боку відавочная. На такія сур'ёзныя абвінавачаньні трэба рэагаваць па сутнасьці, абвяргаць іх, калі яны хлусьлівыя. Але Менск адказвае ў духу "сам дурань", што яшчэ больш пераконвае людзей у праўдзівасьці паказанага. У Беларусі няма магчымасьці супернічаць з Расеяй на інфармацыйным полі. Гэтая бітва для Лукашэнкі загадзя прайграная".

Разам з тым аглядальнік газэты "Московский комсомолец" Аляксандар Мінкін лічыць, што цяперашняе высьвятленьне адносінаў паміж суседзямі вядзе ў тупік:

Аляксандар Мінкін
"Я думаю, што нічога асаблівага з гэтага супрацьстаяньня ня будзе, гэта толькі амбіцыі кіраўнікоў — і нашых, і вашых. З улікам, што ўлады і ў нас, і вас ня вельмі разумныя, дык яны, на жаль, псуюць адносіны з суседзямі. На жаль, таму што з суседзямі трэба мець добрыя стасункі. Гэта выгадна. А дрэнныя адносіны нікому ня выгадныя. Вось і ўсё. Калі б улады былі разумныя, яны б стваралі вакол сябе сяброўскае кола, асабліва што да бліжэйшых суседзяў. Рабілі б сабе добрых, надзейных партнэраў, сяброў".

Пра візыт беларускіх апазыцыянэраў пішуць і расейскія "Известия": "З улікам рэзкага пагаршэньня адносінаў зь Менскам ня выключана, што Масква праводзіць маніторынг пераемніка Лукашэнкі, і гэтая сустрэча — магчымасьць асабіста пакантактаваць з кандыдатамі на прэзыдэнцкую пасаду". Прэзыдэнт адкрытага акцыянэрнага таварыства "Известия" Ўладзімер Мамантаў перакананы: матэрыялы беларускай тэматыкі патрэбныя дзеля таго, каб скасаваць старыя стэрэатыпы пра "вечна пакрыўджанае Крамлём беларускае кіраўніцтва":
сяброўства — сяброўствам, а "табачок врозь" ...

"Шмат чаго назьбіралася за час досыць складаных узаемаадносінаў, якія ў канчатковым выніку трэба неяк лячыць. Расея ўжо ня першы год спрабуе іх лячыць наступным чынам: роўнымі магчымасьцямі, роўным стаўленьнем да партнэра. Так, прыязным, сяброўскім. Але сяброўства — сяброўствам, а "табачок врозь". Народныя прымаўкі з гэтай нагоды ў галаву прыходзяць. Беларусь рэагуе, дарэчы, адэкватна. У тым сэнсе, што таксама гэтак жа ставіць пытаньні. Уздымае пытаньні пра даўгі, пра прыярытэтныя кірункі, пра ўзаемазалікі і г.д. Пры гэтым некаторыя пытаньні, якія ёй выгадныя, пэдалюе, а якія нявыгадныя — яна іх затушоўвае. А тое, што выгадна, яшчэ раз паўтару — наперад, на шчыт падымаецца".

Вялікі сюжэт прысьвяціў Беларусі расейскі незалежны тэлеканал RTVi. Разам з расповедам пра беларускія рэаліі гледачам было прапанавана прагаласаваць па пытаньні дня: "Ці лічыце вы Аляксандра Лукашэнку дыктатарам?" Абсалютная бальшыня тэлеаўдыторыі дала станоўчы адказ.

"Антырасейскія пары беларускага тэлеэфіру". Аналітычны матэрыял пад такой назвай друкуе "Независимая газета": "Лукашэнка ўжо даўно вядзе інфармацыйную вайну супраць Расеі — адрозна ад паўночнай суседкі, якая пачала яе толькі ў мінулым месяцы… Расейскія каналы, якія трансьлююцца ў Менску, даўно перакрываюць мясцовыя прапагандысты, адсякаючы любую непажаданую інфармацыю. Рэгулярныя візыты расейскіх журналістаў з расказамі пра "беларускі цуд", якія заўсёды будуюцца на супастаўленьні з расейскімі рэаліямі (прычым не на карысьць апошніх) — таксама інфармацыйная зброя Лукашэнкі, накіраваная супраць саюзьніка". Беларуская тэматыка — сярод асноўных на старонках газэт "КоммерсантЪ" і "Труд". Інтэрвію з крытыкай беларускіх уладаў даў сайту "Хартыя-97" вядомы расейскі публіцыст Мікалай Сванідзэ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG