Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Сурган выходзіць на волю


Алег Сурган быў дастаўлены ў суд пабітым
Алег Сурган быў дастаўлены ў суд пабітым
Актывіст Руху “Маладая Беларусь” зь Віцебску Алег Сурган павінен быць вызвалены 27 ліпеня з калёніі ў горадзе Глыбокае.

19 лютага 2010 году судзьдзя Кастрычніцкага суду ў Віцебску Яўген Буруноў вынес прысуд па справе віцебскага актывіста “Маладой Беларусі” Алега Сургана, якога судзілі за напад на міліцыянта.

Актывіст быў асуджаны на 6 месяцаў турмы і 2,5 мільёны рублёў на карысьць нібыта пацярпелага міліцыянта Сяргея Дудкевіча. Ад 28 студзеня 2010 году Сурган знаходзіўся ў сьледчым ізалятары.

3 верасьня 2009 году Алега і яго малодшага брата Тараса Сургана міліцыянты затрымалі на прыпынку грамадзкага транспарту каля мэдычнага ўнівэрсытэту, дзе быў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг. У Кастрычніцкім РАУС на Алега склалі пратакол аб тым, што ён супраціўляўся міліцыянтам, а аднаго зь іх, лейтэнанта Сяргея Дудкевіча, укусіў за палец. Паводле Алега Сургана, першапачаткова складзены пратакол аб вывешваньні бел-чырвона-белага сьцяга некуды зьнік. А ў другім было запісана, што ён знаходзіўся ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане й нецэнзурна лаяўся, а таксама абражаў супрацоўнікаў міліцыі.

Алег Сурган сьцьвярджае, што ў пастарунку міліцыянты яго зьбівалі і катавалі. Тарас Сурган выклікаў брату «хуткую дапамогу», калі ўбачыў ягоны стан. Мэдыкі зафіксавалі ўшыбы галавы й рук.

Паводле артыкулу 364 крымінальнага кодэксу Алегу Сургану пагражала ад 3-х да 6-ці год абмежаваньня волі. У мінулым ён быў двойчы асуджаны, і цяперашні інцыдэнт расцэньваўся як рэцыдыў крымінальнага злачынства. Таму пракурор патрабаваў пасадзіць Алега Сургана на 3 гады ў калёнію строгага рэжыму, – нагадвае прэс-служба «Маладой Беларусі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG