Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі экспэрт: Дзякуючы Менску Кітай бярэ пад каўпак захад Расеі


Расейскі палітоляг Юры Салазобаў абвінаваціў Менск у падрыве нацыянальнай бясьпекі Расеі. Беларускі экспэрт Аляксандра Алесін называе гэтыя заявы чарговым накатам у рамках цяперашняй інфармацыйнай вайны паміж Беларусьсю і Расеяй і нагадвае, што Расея сама прадала вельмі шмат вайсковых сакрэтаў Кітаю.

"Паміж Беларусьсю і Кітаем існуюць законныя пагадненьні аб разьмяшчэньні сыстэмы сотавай сувязі, а гэта сыстэма двайнога прызначэньня. Яны выдатна знаходзіць нізкалятучыя цэлі кшталту крылатых ракетаў, марскія, паветраныя аб'екты. Іх здольнасьць значна вышэйшая, чым у тых жа станцыяў, якія зараз маюцца на ўзбраеньні расейскай арміі ў Беларусі" – заявіў расейскі палітоляг Юры Салазобаў.

"Пад каўпаком Кітаю будзе уся тэрыторыя Ўсходняй Эўропы і ўся заходняя частка Расеі, і гэта ўжо некалькі гадоў вельмі непакоіць расейскіх ваенных экспэртаў. Сыгналь пра гэта паступае даўно, але, відаць, з-за асаблівых палітычных дачыненьняў, гэта ўсё не агалошвалася, на гэта было прынята заплюшчваць вочы" – заявіў Салазобаў.

Гэтыя выказваньні мы папрасілі пракамэнтаваць беларускага ваеннага экспэрта Аляксандра Алесіна

Алесін: Расейцы самі прадалі Кітаю нашмат больш сакрэтаў

Алесін: З гэтай вэрсіяй некаторыя расейскія экспэрты важдаюцца ўжо некалькі гадоў. Сама па сябе сотавая сувязь ня можа быць элемэнтам электроннай выведкі, неабходная яшчэ прымальнае абсталяваньне. Сэнс пасіўнай радыёлякацыі ў тым, што сыгналь сотавай станцыі прымаецца нейкім адмысловым прымачом. Можна знаходзіць паветраныя цэлі, якія пралятаюць над тэрыторыяй Беларусі, але сам радыёлякатар сабе не выдае. З улікам досьведу вайны ў Сэрбіі, у Іраку, -- гэта дазваляе захаваць сыстэмы СПА ад процірадыёлякацыйных ракет.

Якая тут дапамога можа быць Кітаю, я зусім не разумею. Хутчэй гэта дапаможа Расеі.

Карэспандэнт: Расейскі палітоляг Юры Салазобаў таксама кажа: "Ёсьць пагадненьні, якія ўражваюць, паміж беларускімі і кітайскімі ваеннымі ў шэрагу вельмі далікатных галінаў узбраеньня, у тым ліку супрацьпаветранай абароны і найноўшых сродкаў узбраеньня". І далей заяўляе, што ў Кітаі могуць зьявіцца комплексы, вельмі падобныя на С-300.

Алесін: Кітай сам вырабляе копіі С-300. Яны закупілі іх у Расеі і пасьпяхова скапіравалі. Яны і Су-27 і МІГ-29 скапіравалі. Самі расейцы прадалі Кітаю значна больш усялякіх сакрэтаў.

Дарэчы, Беларусь як сувэрэнная дзяржава мае права заключаць дамовы на продаж сваёй інтэлектуальнай прадукцыі, у тым ліку і ў ваеннай сфэры.

А гэтыя заявы – чарговы накат у рамках цяперашняй інфармацыйнай вайны паміж Беларусьсю і Расеяй . Усе гэтыя факты ня новыя. Гэты Салазобаў ужо гады тры важдаецца з гэтай тэмай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG