Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія камуністы абараняюць Лукашэнку


"КПРФ асуджае палітыку уладаў Расіі адносна Беларусі, якая так відавочна супярэчыць нацыянальным інтарэсам краіны, патрабуе спыненьня злосных нападак на Беларусь і яе кіраўніцтва і аднаўленьня жыцьцёва важных для Расіі добрасуседзкіх адносінаў з гэтай братэрскай рэспублікай", — гаворыцца ў заяве старшыні ЦК КПРФ Генадзя Зюганава, разьмешчанай 22 ліпеня на партыйным сайце.

"Чарговы "газавы канфлікт" кіраўніцтва Расіі з Беларусьсю перайшоў у стадыю інфармацыйна-прапагандысцкай вайны, — гаворыцца ў заяве. — У апошні час шэраг расійскіх СМІ дапусьцілі вострыя, а часам і зьневажальныя выпады супраць прэзыдэнта Беларусі А. Г. Лукашэнкі. І гэта пры тым, што Беларусь застаецца самым надзейным стратэгічным саюзьнікам Расеі, а беларускі народ зьяўляецца братэрскім".

"Відавочна, што дзеяньні расейскіх уладаў адносна Беларусі дыктуюцца зусім не інтарэсамі стратэгічнай бясьпекі, як гэта афіцыйна дэкляруецца", — заявіў Зюганаў.

"Беларусь у гэтых умовах застаецца адзіным надзейным саюзьнікам нашай краіны на заходнім стратэгічным напрамку. Менавіта Беларусь забясьпечвае абарону расейскіх межаў на тым шляху, на якім спрадвеку на Маскву ішлі заваёўнікі. Гэта асабліва важна сёньня, калі ў выніку так званай ваеннай рэформы Узброеныя сілы Расіі практычна разбураны", — лічыць лідэр расійскіх камуністаў.

"Насуперак здароваму сэнсу расійскае кіраўніцтва робіць усё, каб канчаткова разбурыць дружалюбныя адносіны з гэтай рэспублікай, — заявіў Зюганаў.

"Відавочна, што расейскія кіраўнікі ў сваёй антыбеларускай палітыцы кіруюцца клясавымі інтарэсамі заходніх партнэраў, якія люта ненавідзяць незалежную народную Беларусь і Лукашэнку, а таксама камэрцыйнымі інтарэсамі расейскай алігархіі, якая імкнецца захапіць сучасныя прадпрыемствы Беларусі, асабліва ў нафтагазавай галіне", — мяркуе Зюганаў.

На мінулым тыдні лідэр КПРФ у ліку іншых дэпутатаў Дзярждумы выказаў шкадаваньне ў сувязі з інтэрвію прэзыдэнта Грузіі беларускаму тэлебачаньню, аднак пры гэтым ён думаў, што Міхаіл Саакашвілі знаходзіцца ў Беларусі: "Што да прыёму Саакашвілі ў Беларусі — гэтае пытаньне да беларускага боку, я магу выказаць толькі шкадаваньне, што чалавека, у якога па локаць рукі ў крыві, прымаюць у братэрскай Беларусі, якую я вельмі люблю і паважаю".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG