Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі: Магу быць у Генуі, як дома


Мэр Генуі Марта Вінцэнзі і праваабаронца Алесь Бяляцкі
Мэр Генуі Марта Вінцэнзі і праваабаронца Алесь Бяляцкі
Муніцыпалітэт італьянскага гораду Генуя надаў старшыні Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесю Бяляцкаму ганаровае грамадзянства. На адмысловай цырымоніі ганаровае пасьведчаньне яму ўручыла мэр Генуі Марта Вінцэнзі. Што азначае гэтае грамадзянства і чаму яго надалі праваабаронцу зь Беларусі?



“Сярод ганаровых грамадзянаў Генуі — экс-прэзыдэнт Польшчы, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Лех Валэнса, экс-прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў, прэм’ер-міністар, прэзыдэнт Ізраілю, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Шымон Пэрэс. Алесь, што ж для вас азначае грамадзянства Генуі?”


"Яно азначае вялізную ўвагу італьянскай грамадзкасьці, у прыватнасьці муніцыпалітэту Генуі, да праблемаў з правамі чалавека, якія ёсьць у Беларусі. Яны вельмі ўстурбаваныя тымі масавымі парушэньнямі, якія ў нас адбываюцца цягам апошніх 15 гадоў. І яны хацелі неяк выказаць сваю салідарнасьць, падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі, праваабаронцам і незарэгістраванаму Праваабарончаму цэнтру "Вясна". Трэба была нейкая асоба, празь якую яны маглі перадаць ясны сыгнал і беларускай грамадзянскай супольнасьці, што яны падтрымліваюць наша змаганьне за дэмакратыю, і сыгнал беларускім уладам, што яны пратэстуюць супраць пэрманэнтных парушэньняў правоў чалавека ў розных галінах. Недарэмна ў гэтым акце, які мне далі пра ганаровае грамадзянства, гаворыцца, што яны ўстурбаваныя і праблемамі са сьмяротным пакараньнем, праблемамі з мэдыямі і зь іншымі грамадзянскімі і палітычнымі правамі, у якіх беларускія грамадзяне рэзка абмежаваныя. То бок гэта такі сымбалічны акт падтрымкі, салідарнасьці з той часткай беларускага народу, якая жадае дэмакратычных зьменаў".

“Як можа дапамагчы вам у вашай праваабарончай дзейнасьці грамадзянства Генуі?”
нельга трымаць 10 мільёнаў людзей у ярме, у палітычнай няволі ...

"Гэта таксама знак беларускім уладам, што мусяць адбыцца дэмакратычныя перамены ў нашым грамадзтве, што нельга трымаць 10 мільёнаў людзей у ярме, у палітычнай няволі, якая існуе ў Беларусі. Я згадваю хіба Юрыя Бандажэўскага, які стаў ганаровым грамадзянінам аднаго з францускіх гарадоў падчас знаходжаньня ў зьняволеньні. Таму гэта такая даволі рэдкая мера падтрымкі. Але яна дарэчы, улічваючы, што ў нас неўзабаве адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. Мы прагназуем эскаляцыю нэрвознасьці з боку ўладаў у дачыненьні да грамадзянскіх, палітычных, моладзевых актывістаў. Адпаведна — павелічэньне ўзроўню рэпрэсіяў. І мы, натуральна, будзем зьвяртацца да сваіх калегаў, сяброў на розных узроўнях, цяпер і да генуэскага муніцыпалітэту ў зьвязку з тымі праблемамі, якія ў нас могуць узьнікнуць з правамі чалавека ў перадвыбарчы і выбарчы пэрыяды".

“Ці азначае ваша далучэньне да сьпісу ганаровых грамадзянаў Генуі, што беларускія праваабаронцы становяцца больш вядомымі за межамі, чым у самой Беларусі?”


"Безумоўна, пэўны такі эфэкт ёсьць, улічваючы, што мы фактычна адрэзаныя ад афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі, вялікай аўдыторыі. Напрыклад, у "Вясны" ўжо няма рэгістрацыі сем гадоў. Улады вельмі мэтанакіравана стваралі вось такую рэзэрвацыю, у якую зьмясьцілі грамадзянскую супольнасьць, актывістаў, праваабаронцаў, адгарадзіўшы нас ад усяго іншага грамадзтва. І нас улады, пазбавіўшы рэгістрацыі, паспрабавалі ізаляваць ад грамадзтва. Але мы тым ня менш не здаемся. І сапраўды за мяжою, прынамсі ў некаторых краінах, вядомасьць пра беларускіх праваабаронцаў, можа, нават большая, чым у Беларусі".

“Як адбывалася цырымонія наданьня грамадзянства Генуі?”

"Працэдура адбывалася ў палацы Турсі, у гістарычным цэнтры Генуі. На гэтым мерапрыемстве прысутнічалі каля 200 асобаў, і наогул гэтым адкрываўся "Тыдзень правоў", які праводзіў муніцыпалітэт. Паўтары гадзіны гэта была размова пра Беларусь, пра Лукашэнку, пра правы чалавека, пра дачыненьні Беларусі з Расеяй, пра пэрспэктывы разьвіцьця Беларусі. Пасьля мэр Генуі зачытала ліст пра ганаровае грамадзянства і ўручыла пасьведчаньне. Гэта сымбалічнае грамадзянства. Кіраўніцтва муніцыпалітэту казала, што я магу быць у Генуі як дома і павінен пачувацца як грамадзянін, таму нашы праблемы — гэта і іхнія праблемы. Мы будзем падтрымліваць кантакты з генуэскім муніцыпалітэтам".

“Пасьля атрыманьня грамадзянства ці пазнавалі вас мінакі-генуэзцы?”

"Прынамсі, у гатэлі сапраўды ведалі, што тут зьявіўся ганаровы грамадзянін, і працаўнікі гатэлю бралі ў мяне аўтографы. Гэта было даволі нязвыкла, бо я не супэр-стар і не вядомы спартовец".

“Як часта вы мяркуеце наведваць Геную?”


"Па меры неабходнасьці. Адпачываць туды я езьдзіць ня буду, натуральна".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG