Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Маскву гэтак нэрвуе грузінска-беларускае пацяпленьне?


На гэтае пытаньне спрабуе адказаць у сваім артыкуле ў часопісе “Georgian daily” журналіст Давід Ібэры.

На пачатку ліпеня прэзыдэнты Грузіі і Беларусі, Міхаіл Саакашвілі і Аляксандр Лукашэнка сустрэліся ў Крыме падчас кароткай паездкі грузінскага лідэра ва Ўкраіну.

Паводле прэсавай службы прэзыдэнта Грузіі, Саакашвілі і Лукашэнка абмеркавалі "пытаньні двухбаковых адносін і эканамічнага супрацоўніцтва" і выказалі сваё задавальненьне з нагоды "паглыбленьня дыялёгу паміж дзьвюма краінамі".

Пазьней, 15 ліпеня, дзяржаўны тэлеканал Беларусі перадаў інтэрвію з прэзыдэнтам Грузіі – рызыкоўны крок для кіраўніка Беларусі, стасункі якога з Крамлём асабліва пагоршыліся ў апошнія месяцы.

Збліжэньне з Грузіяй - адказ Маскве


Для Лукашэнкі разьвіцьцё адносінаў з Грузіяй стала адказам на паклёпніцкую кампанію, якую Масква пачала супраць яго апошнім часам. У Крамлі раптам прыгадалі, "якія жудасныя рэчы" нібыта адбываліся ў Беларусі ў 90-я гады, і санкцыянавалі выхад у эфір дзьвюх дакумэнтальных прапагандысцкіх стужак, названых "Хросны бацька".

Для Тбілісі важна, што Менск па-ранейшаму падтрымлівае сувэрэнітэт Грузіі і яе тэрытарыяльную цэласьць, нават пад моцным ціскам Расеі. Яшчэ адным фактарам зьяўляецца зацікаўленасьць Грузіі ў разьвіцьці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва зь Беларусьсю і прыцягненьні беларускіх турыстаў у Грузію. Дзьве краіны, магчыма, неўзабаве падпішуць усёабдымнае пагадненьне аб эканамічным супрацоўніцтве і стварэньні сталай міжурадавай камісіі.

Рашэньне Беларусі кансультаваць сваіх грамадзян "па пытаньнях бясьпекі" пры наведваньні акупаваных Расеяй грузінскіх правінцый Абхазіі і Цхінвальскага рэгіёну (Паўднёвай Асэтыі) – яшчэ адна прычына для Тбілісі ўхваляць “сьмелую пазыцыю” Менску.

Расейскія камэнтатары рэзка адрэагавалі

Палітычныя аналітыкі і камэнтатары, блізкія да Крамля, а таксама расейскія палітычныя дзеячы рэзка адрэагавалі як на сустрэчу Саакашвілі і Лукашэнкі, гэтак і на інтэрвію Саакашвілі па беларускім тэлебачаньні.

Адзін з аналітыкаў заявіў агенцтву Regnum: "Відавочна, што Саакашвілі зьяўляецца цалкам непрымальным для Масквы ... і той факт, што Лукашэнка, які афіцыйна зьяўляецца саюзьнікам Расіі, правёў зь ім перамовы, дэманструе моцную незадаволенасьць Беларусі Масквой”. Іншы палітычны камэнтатар сказаў ў інтэрвію Regnum, што сустрэча Лукашэнкі з грузінскім лідэрам была" абсалютна бессэнсоўнай, асабліва з улікам глыбокай фізіялягічнай варожасьці, якую Ўладзімер Пуцін і Дзьмітры Мядзьведзеў дэманструюць у дачыненьні да Саакашвілі”

Барыс Грызлоў, старшыня Дзяржаўнай Думы Расеі, заявіў, што інтэрвію Саакашвілі на беларускім тэлебачаньні ня пойдзе на карысьць сувязям паміж Беларусьсю і Расеяй. "Тыя, хто дае магчымасьць Саакашвілі адчуваць сябе прэзыдэнтам ... ня могуць разьлічваць на паляпшэньне адносінаў з Расеяй”, – заявіў Грызлоў.

Пасьля ўварваньня Расеі ў Грузію ў жніўні 2008 году і акупацыі 20% тэрыторыі Грузіі, высокапастаўленыя расейскія службовыя асобы амаль ніколі адкрыта не называюць грузінскага лідэра прэзыдэнтам і, відаць, патрабуюць такога ж падыходу ад сваіх саюзьнікаў.

Грузія шукае новых саюзьнікаў


Паралельна з умацаваньнем сувязяў са Злучанымі Штатамі і Эўропай, Тбілісі актывізаваў свае дыпляматычныя намаганьні па дывэрсыфікацыі сваіх гандлёва-эканамічных адносінаў. Грузія мае намер адкрыць амбасады ў Бразыліі і Мэксыцы.

Пасьля таго, як Вэнэсуэла і Нікарагуа прызналі незалежнасьць акупаваных рэгіёнаў Грузіі, Тбілісі прыйшоў да высновы, што патрэбна больш дыпляматычных высілкаў у гэтай частцы сьвету. Але значэньне постсавецкай прасторы ня можа быць пераацэненае, калі ўлічыць традыцыйны ўплыў Масквы ў гэтым рэгіёне.

Хоць Грузія больш не ўваходзіць у СНД, яна імкнецца мець добрыя адносіны з асобнымі чальцамі СНД з мэтай як заручыцца падтрымкай свайго сувэрэнітэту, гэтак і разьвіваць эканамічнае супрацоўніцтва і прыцягваць інвэстыцыі ад багатых прыроднымі рэсурсамі краін рэгіёну. Гарызантальныя сувязі паміж Грузіяй і краінамі СНД раздражняюць Маскву, якая разглядае іх як пагрозу свайму традыцыйнаму ўплыву на яе былых савецкіх сатэлітаў.

Замест прызнаньня права Расеі на сфэры ўплыву, лідэр Беларусі адкрыта кінуў выклік Маскве, паціснуўшы руку галоўнаму ворагу Крамля прэзыдэнту Грузіі Міхаілу Саакашвілі, а затым паказаўшы інтэрвію зь ім па нацыянальным тэлебачаньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG