Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія дэмакраты хочуць пачуць кандыдатаў на прэзыдэнцтва


Дэмакраты Магілёўшчыны незадаволеныя тым, як адбываецца працэс вылучэньня кандыдатаў на прэзыдэнцтва ад апазыцыйных палітычных арганізацыяў. Кааліцыя дэмакратычных сіл рэгіёну вырашыла запрасіць усіх вядомых прэтэндэнтаў на сваю канфэрэнцыю і на ёй высьветліць, як кожны зь іх зьбіраецца дасягнуць мэты — перамагчы на прэзыдэнцкіх выбарах.

Рэгіянальныя актывісты цяпер у роспачы, прэзыдэнцкая кампанія іх мала цікавіць, зазначае сустаршыня аргкамітэту па стварэньні Партыі свабоды й прагрэсу Аляксандар Сілкоў:

Аляксандар Сілкоў
"Пакуль у Менску прэтэндэнты цягаюць адзін аднаго за чубы, у рэгіёнах чакаюць хоць нейкіх вынікаў ад гэтай барацьбы, бо ім жа працаваць. Цяпер назіраецца такое: калі нехта заяўляе пра свой удзел у прэзыдэнцкай кампаніі, то ў камэнтарах бачыш адзін-два водгукі. Людзей гэта не хвалюе. А вось паказалі "Хроснага Бацьку" — камэнтароў процьма. Для нас галоўнае, хто зь вядомых прэтэндэнтаў гатовы сапраўды ісьці на выбары, а хто проста вырашыў папіярыцца — пагрэцца".

Кіраўнік абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў кажа, што рэгіянальныя актывісты чакаюць, калі прэтэндэнты пачнуць гаварыць пра вылучэньне адзінага кандыдата.

Уладзімер Шанцаў
"Падзяліцца на дзесяць, дванаццаць кандыдатаў для многіх — гэта параза. Кідацца туды, дзе параза, — для іх незразумела, навошта гэта рабіць. Мы павінны прыкласьці надта вялікія намаганьні, каб прыйсьці да адзінага кандыдата, каб насельніцтва, убачыўшы яго, зразумела, што гэта альтэрнатыва Лукашэнку".

На канфэрэнцыі, якая мае адбыцца 31 ліпеня, прадстаўнікі палітычных арганізацыяў Магілёўшчыны падвядуць вынікі выбараў у мясцовыя саветы. Дадуць ацэнку ўдзелу ў іх. Пазытыўны досьвед стане апірышчам для правядзеньня перадвыбарчай прэзыдэнцкай кампаніі.

Кааліцыя дэмакратычных сіл Магілёўшчыны ўтвораная ў ліпені 2006 году. У яе склад уваходзяць абласныя арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная грамада", Партыі свабоды й прагрэсу, а таксама Свабодны прафсаюз Беларускі і шэраг мясцовых кааліцыяў з рэгіёну. У падрыхтоўцы канфэрэнцыі ўдзельнічаюць абласныя структуры партыі левых "Справядлівы сьвет", Партыі працы, партыі "Надзея". Кааліцыю стваралі для правядзеньня палітычных электаральных кампаніяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG