Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Лукашэнку будзе горш, але Крамлю ня стане лепш"


Чаго дамагаецца Масква інфармацыйнай атакай на А.Лукашэнку, стужкамі “Хросны бацька” і іншымі жорсткімі выступамі ў расейскіх СМІ? Гэта элемэнт кампаніі адхіленьня беларускага прэзыдэнта ад ўлады, гэта спроба зрабіць яго больш згаворлівым і ляяльным, гэта асабістая помста? Свае адказы на гэтыя пытаньні прапануюць расейскія палітолягі, зь якімі гутарыў Юры Дракахруст.

Генэральны дырэктар Агенцтва палітычных і эканамічных камунікацый Дзьмітры Арлоў

Дзьмітры Арлоў
Я мяркую, што Крэмль і расейская эліта ў цэлым зацікаўленыя ў максымалісцкім варыянце – у сыходзе Лукашэнкі, каб Беларусьсю кіраваў больш ляяльны Маскве дзяяч, а галоўнае – больш прадказальны, які б лепш разумеў, што азначае гульня па правілах, і які б не патрабаваў нічога, што выходзіць за межы міжурадавых пагадненьняў.

Але ў той гульні, якая цяпер ідзе паміж Масквой і Менскам, Маскве важна проста асадзіць Лукашэнку, даць яму зразумець, што ёсьць пэўны калідор рашэньняў,

Крэмль і расейская эліта ў цэлым зацікаўленыя ў сыходзе Лукашэнкі.
калідор энэргетычнай палітыкі, якую ён можа праводзіць. І мне здаецца, што гэтая лінія Масквы адносна пасьпяховая. Па мытным саюзе Беларусь не пайшла на тыя жорсткія рашэньні, пра якія казалі многія беларускія чыноўнікі.

Дракахруст: Але гэты інфармацыйны наступ адбываўся як раз пасьля таго, як Беларусь падпісала пагадненьне аб мытным саюзе.

Арлоў: Я мяркую. што для таго, каб рэжым Лукашэнкі быў адэкватны і ў перамовах, і ў цэлым ва ўзаемаадносінах з Масквой, яго трэба трымаць у тонусе ўвесь час, увесь час дэманстраваць, што ў Масквы ёсьць розныя мэханізмы ціску на Беларусь. Я ня думаю, што гэта нейкая асаблівая тэхналёгія. У расейскіх СМІ ёсьць пэўная інфармацыя і чаму б не цяпер, калі стасункі паміж Беларусьсю і Расеяй ня самыя станоўчыя, абнародаваць гэтыя зьвесткі?

Старшыня прэзыдыюму Рады па зьнешняй і абарончай палітыцы Сяргей Караганаў

Сяргей Караганаў
Мэта – падарваць пазыцыі Лукашэнкі, зрабіць на яго псыхалягічны і палітычны ціск. Іншая справа, што гэтая рэакцыя крыху спазьнілася, трэба было гэта рабіць і 10, і 15, і 5 гадоў таму. А зь ім увесь час гулялі. А ён паверыў у сваю няўразьлівасьць. Пэўна дарэмна. Але ён выдатна выжывае.

Дракахруст: Дык можа ён выжыве і цяпер?

Караганаў: Я не выключаю. што ён выжыве і цяпер. Ён паказаў, што ня варта недаацэньваць яго палітычныя здольнасьці і здольнасьць да выжываньня. Ён паказаў, што ён выдатны палітык,

Лукашэнка паказаў, што ён выдатны палітык, нягледзячы на ўсе свае дзівацтвы і дзяцей ў маршальскіх мундзірах.
нягледзячы на ўсе свае дзівацтвы і дзяцей ў маршальскіх мундзірах.

Дракахруст: А ці мае Крэмль уцямны плян, першым крокам якога зьяўляецца гэтая інфармацыйная атака?

Караганаў: Я ў Крамлі не засядаю, але я даўно казаў пра тое, што на яго трэба было рабіць значна большы ціск раней.

Дракахруст: Але гэта ціск, каб ён сябе, так бы мовіць, добра паводзіў, ці каб яго наступнік сябе добра паводзіў?

Караганаў: Я мяркую, што гэта для таго, каб ён сябе добра паводзіў, ці каб добра сябе паводзіў яго наступнік.


Дырэктар Інстытуту нацыянальнай стратэгіі Міхаіл Рэмізаў


Міхаіл Рэмізаў
Прасьцей адказаць на пытаньне пра матывы расейскага боку, чым пра яго мэты. Матывы больш-менш зразумелыя. Доўга назапашвалася раздражненьне паводзінамі беларускіх партнэраў і галоўнага партнэра. Ва ўладным істэблішмэнце Расеі яго даўно ня лічаць надзейным і дамоваздольным партнэрам. І гэтыя пачуцьці ўзаемныя.

Хутчэй за ўсё пасьля сустрэчы у Маскве 11 ліпеня, пасьля якой нават стрыманы Мядзьведзеў стаў дазваляць сабе выказваньні на мяжы фолу, гэтае раздражненьне выйшла на новы якасны ўзровень, што і прывяло да эскаляцыі інфармацыйна-прапагандысцкіх войнаў. Па сутнасьці, і газавая вайна была вытрыманая ў інфармацыйна-прапагандысцкім жанры.

А што да мэты, то тут усё больш складана. На мой погляд, адзіная мэта, якая можа дасягацца ў рэальнай палітыцы такімі дзеяньнямі, мэта, якая магла б быць цікавая Маскве – гэта стварэньне зоны ўразьлівасьці для Лукашэнкі ва ўнутранай палітыцы.

Ставіць рацыянальную мэту замены Лукашэнкі на кагосьці іншага Масква проста ня можа, бо ня мае адпаведных інструмэнтаў.
Зразумела, што гэтыя стужкі маюць пэўны рэзананс унутры рэспублікі, яны робяць становішча Аляксандра Рыгоравіча на ўнутрыпалітычнай сцэне больш уразьлівым і гіпатэтычна – больш лёгкім партнэрам у зьнешнепалітычных справах. Але насамрэч гэтая ўразьлівасьць ва ўнутранай палітыцы неабавязкова канвэртуецца ў большую згаворлівасьць адносна Масквы. Хіба не наадварот.

Лукашэнка – чалавек, які заўжды падкрэсьлівае, што зь ім ня варта будаваць адносіны з ужываньнем ультыматумаў і прапагандысцкіх войнаў. Рэакцыя аказваецца адваротнай.

Так што стварэньне зоны ўразьлівасьці для Лукашэнкі відавочнае, але гэта не ператвараецца ў інструмэнт умацаваньня Масквы. Лукашэнку будзе горш, але Крамлю ня стане лепш. І гэта не дазваляе ўспрымаць гэтыя канфлікты як рацыянальныя, як жорсткую, але рацыянальную палітычную гульню.

Часта кажуць, што мэтай гэтай гульні можа быць ледзь не скіданьне Лукашэнкі, але мне гэта падаецца абсалютна нерэалістычным, бо сур'ёзных альтэрнатываў дзейнаму прэзыдэнту ў рэспубліцы няма, уся сыстэма ўлады выбудаваная пад дзейнага кіраўніка дзяржавы.

Досьвед паказвае, што Масква не валодае тэхналёгіямі зьмены ўлады ў сумежных краінах. Гэта складаная справа. Я б сказаў, што і магчымасьці Вашынгтону часта перабольшваюцца ў сэнсе ўплыву на зьмену элітаў. А ў выпадку з Масквой гэтыя магчымасьці яшчэ меншыя.

Масква можа зрабіць вялікі ўплыў на прызнаньне ці непрызнаньне якасьці выбараў, на стасункі з новай элітай, але мяняць яе па сваёй волі Масква ня можа. Я ня веру, што апошняя зьмена ўлады ў Бішкеку была маскоўскай інсцэніроўкай. Фактар маскоўскай пазыцыі быў значным, але як адзін сярод іншых. Гэтак і тут – ставіць рацыянальную мэту замены Лукашэнкі на кагосьці іншага Масква проста ня можа, бо ня мае адпаведных інструмэнтаў. Таму застаецца лёгіка рабленьня ўзаемнай шкоды без істотнага выйгрышу для сябе. І гэта больш нагадвае лёгіку камунальнай сваркі, чым лёгіку вялікай палітыкі.

Галоўны навуковы супрацоўнік Інстытуту Эўропы Расейскай акадэміі навук Дзьмітры Фурман


Дзьмітры Фурман
Ня трэба шукаць складаных плянаў. Тут ня столькі плян, колькі рэакцыя, вынік раздражненьня адносна Лукашэнкі і яго палітыкі. На постсавецкай прасторы адбываецца прыкладна тое, што калісьці адбывалася на прасторы Варшаўскага пакту. Пагроза савецкай гегемоніі была дваістай: яна была ад народна-дэмакратычных рухаў, як у Польшчы, у Чэхаславаччыне ў 1968 годзе, але і ад моцных дыктатарскіх рэжымаў, якія менавіта з прычыны іх дыктатарскай сутнасьці не жадалі быць васаламі. Гэтак было з Альбаніяй, а самы яскравы прыклад – Чаўшэску.

У нас на постсавецкай прасторы для расейскай палітыкі ёсьць пагрозы ад народных рухаў ва Ўкраіне,

Тут ня столькі плян, колькі рэакцыя, вынік раздражненьня адносна Лукашэнкі і яго палітыкі.
у той самай Беларусі, у Грузіі. Але і зусім іншая пагроза – ад краін з моцнымі дыктатарскімі рэжымамі, якія не жадаюць таньчыць пад чужую дудку. Напрыклад, Туркмэністан часоў Ніязава, ды і цяпер – гэта аналяг сацыялістычнай Альбаніі. А Лукашэнка – гэта аналяг Чаўшэску.

Гэта выклікае раздражненьне, і прапагандысцкая кампанія супраць яго – гэта вынік гэтага раздражненьня. Я ня думаю, што ў нас ёсьць нейкія сур'ёзныя пляны па яго скіданьні, тым больш што ажыцьцявіць гэтыя пляны неверагодна складана.

Ёсьць і яшчэ адзін момант. У расейскім унутрыпалітычным жыцьці ўзьніклі вельмі лёгкія, але пэўныя лібэральныя тэндэнцыі, зьвязаныя з прэзыдэнтам Мядзьведзевым, але і ня толькі зь ім. А Лукашэнка – гэта ідэальны аб'ект для каляўладнай інтэлігенцыі і чынавенства безь вялікай рызыкі выплюхваць свае лібэральныя пачуцьці. Гэтак у свой час у СССР лібэральная частка істэблішмэнту любіла апісваць жахі рэжыму Мао Цзэдуна. Тут гэты элемэнт таксама прысутнічае, але ён дадатковы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG