Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мудраслоўе: У дарозе


Тацяна Валодзіна і Вячаслаў Ракіцкі
Тацяна Валодзіна і Вячаслаў Ракіцкі

Удзельнічае этнакультуроляг Тацяна Валодзіна Эфір 15 ліпеня 2010 году


Вячаслаў Ракіцкі: «Яшчэ ў дзяцінстве нас вучылі, што ісьці трэба дарогай прамой. І толькі наперад. Але я перакананы, што ніколі і ніхто, прынамсі, у гэтым сьвеце, не пазьбег пакручастай дарогі. Як гэтая думка адлюстравалася ў беларускім фальклёры, у мудраслоўі?

Тацяна Валодзіна: «Па крывой дарозе ўпярод не відаць» — адна з характэрных прыказак для сьветагляду беларусаў. Праўда, дарога бывае крывой і нават блытанай. Пойдзе чалавек блытанай дарогаю і трапіць у блуд. Нават словы блытаць, заблудзіцца і блуд — аднаго кораню. Пра чалавека, што жыве няпраўдаю, скажам — скруціўся, бо ішоў не наперад, а кругамі. Чалавека можна накіраваць на пуць ісьцінны, а можна зьбіць з тропу. Ёсьць чалавек путны, пуцёвы, а ёсьць бяспутны, хтосьці ідзе прамой дарогай, а хтосьці выбірае крывыя сьцежкі. Гэта маральныя алегорыі, тым ня менш яны паказваюць на сымболіку прамой дарогі як правільна абранай жыцьцёвай стратэгіі.



У дарозе
«Па пройдзенай дарозе лёгка ісьці»

«Ціха паедзеш — ліха нагоніш, хутка паедзеш — на ліха наскочыш»

«Усё жыцьцё — дарога, прасі Бога»

«Едзеш у дарогу, пакланіся Богу»

«Язык i Варшавы дапытае»

«Пойдзеш нацянькі — згубіш дзянькі»

«Печка тучыць, а дарожка вучыць»

«Па крывой дарозе ўпярод не відаць»

«Да касьцёла дарога крыва, а да карчмы проста»

«У цэркву склізка, у кабак блізка»

«Бабіна дарога — ад печы да парога»

«Чорту дарога ня мерана»

«На торнай дарозе трава не расьцець»

«Няе конь вязе, але дарога, ня Бог памагае, але пуга»

«Беражыся, баба, будзе тут ухаба»

«Іголкай дарогу ня мерыць»

«Крывая дарога каля прамой сьмяецца»

«Каб ня еў ды ня спаў, дык далёка б стаў»

«Хто напрамкі лятае, той дома не бывае»
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG