Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнцкая адміністрацыя пайшла ў народ


Каб запісацца на прыём да Станіслава Буко, людзі выстройваліся ў чаргу.
Каб запісацца на прыём да Станіслава Буко, людзі выстройваліся ў чаргу.
Прадстаўнікі прэзыдэнцкай адміністрацыі цягам гэтага тыдня праводзяць пэрсанальны прыём грамадзян у розных рэгіёнах Беларусі. Кампанія праводзіцца ў рамках маніторынгу працы органаў улады розных узроўняў з насельніцтвам краіны. У Ленінскім раёне Менску з жыхарамі сталіцы сустракаўся начальнік Управы працы са зваротамі грамадзян Станіслаў Буко.

Першыя ахвотныя патрапіць на прыём да прадстаўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі пачалі выстройвацца ў чаргу за дзьве гадзіны да пачатку прыёму. Шумны натоўп пры ўваходзе ў будынак раённай адміністрацыі неўзабаве запрасілі ў актавую залю, дзе людзі працягвалі выказваць свае клопаты і крыўды дзяжурным чыноўнікам, адзін аднаму, а таксама карэспандэнту «Свабоды»:

Спадарыня: «Я вельмі дзякую, што вы зьвярнулі ўвагу на маё існаваньне, бо на мяне ніхто не зьвяртае ўвагі, а я не жыву, а існую ў сваёй кватэры. Бо я зьвязалася з будаўнічай арганізацыяй, празь якую не магу засяліцца ў новую кватэру. Я бясконца зьвяртаюся з гэтым пытаньнем, але ня маю ніякага выніку».

Карэспандэнтка: «Колькі гадоў вы ходзіце і па якіх інстанцыях?»

Спадар: «Мяне зваць Васіль Цімафеевіч Астапенка. Я ўжо два гады хаджу па самых розных інстанцыях, бо я чарнобылец, з Брагінскага раёну, а жыву ў бамжатніку. У Менгарвыканкаме зь іх жыльлёвай палітыкай ня могуць знайсьці мне 14 мэтраў жылой плошчы. А зьвярнуўся ў раённы аддзел, дык мяне паставілі на чаргу — 13 тысяч 313. Пагляджу, што мне скажуць тут, калі ня вырашаць пытаньня, значыць, парушаюцца мае правы. Тады буду зьвяртацца ў Страсбурскі суд».

Карэспандэнтка: «Ці вы спадзеяцеся сёньня вырашыць праблему, зь якой прыйшлі?»

Спадарыня: «Я прыйшла па судовых справах. Паводле Канстытуцыі, мае правы парушаныя. Паколькі прэзыдэнт зьяўляецца гарантам Канстытуцыі, то я і буду зьвяртацца да яго прадстаўніка як гаранта Канстытуцыі».

Паводле раскладу, Станіслаў Буко разам з кіраўніком раённай адміністрацыі мусіў праводзіць сустрэчу да 14-й гадзіны дня. Аднак у гэты час яшчэ працягваўся запіс на прыём, а чарга амаль ня зьменшылася, паведаміла супрацоўніца Ленінскага райвыканкаму Галіна Пашко:
У пераважнай бальшыні гэта людзі, якія прыйшлі паўторна, ня здолеўшы вырашыць свае пытаньні раней.

— На гэты момант запісалася 103 чалавекі, але гэта яшчэ ня ўсе — вось стаіць чарга і запіс працягваецца. Пытаньні самыя розныя — жыльлёвыя, судовыя, спадчынныя і шмат якія іншыя — самыя розныя. Людзі з розных раёнаў Менску, але пераважна — з нашага Ленінскага раёну. У пераважнай бальшыні гэта людзі, якія прыйшлі паўторна, ня здолеўшы вырашыць свае пытаньні раней.

— Ці былі ў вас раней такія прыёмы?

— Не, упершыню.

— Як вы іх ацэньваеце з пункту гледжаньня эфэктыўнасьці і выніковасьці?


— Пажывем — пабачым, наколькі эфэктыўны. Пэўныя высновы будуць зробленыя, пэўныя пытаньні будуць вырашаныя, але тыя, якія ў межах дзейнага заканадаўства — вы ж цудоўна разумееце.

Кіраўнік Адміністрацыі Ўладзімер Макей заявіў, што паводле першага этапу кампаніі ўжо зробленыя прапановы кіраўніку краіны адносна арганізацыйных зьменаў і кадравых перастановак. Аднак многія грамадзяне называюць кампанію чарговым фармалізмам і мала спадзяюцца на яе выніковасьць:

«Мяне зваць Валянцін, інвалід арміі. Я прыйшоў сюды са сваімі балючымі праблемамі, бо ўсюды сваволя. Адзін аднаго «дахуюць», ня хочуць прымаць рашэньні, перасылаюць адно аднаму. Сем гадоў я хаджу па пакутах і адусюль адны толькі адпіскі. Бо сёньня ўлада жыве паводле сваіх паняцьцяў і матываў».

Спадарыня: «Асаблівых спадзяваньняў на вынікі гэтага прыёму мы ня маем: прыехалі, пагаварылі зь людзьмі, а сапраўды нейкіх вынікаў наўрад ці мы дачакаемся. Падаецца, што ўсё гэта робіцца для чарговай «галачкі».

Тым часам кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі паведаміў, што арганізаваны прыём грамадзян высокапастаўленымі чыноўнікамі будзе праводзіцца ў некалькі этапаў. Уладзімер Макей сустрэнецца з жыхарамі Цэнтральнага раёну Менску 16 ліпеня. Многія зьвязваюць паходы чыноўнікаў адміністрацыі ў народ з падрыхтоўкай да прэзыдэнцкіх выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG