Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: "Праблемаў з выездам дзяцей у Брытанію на аздараўленьне няма"


Магілёўскія ўлады не пацьвярджаюць інфармацыі пра тое, што групе магілёўскіх дзяцей адмоўлена ў брытанскіх візах. Не прызнаюць такога факту і ў грамадзкіх дабрачынных арганізацыях, якія фармуюць дзіцячыя групы на аздараўленьне за мяжой.

Усе такія арганізацыі перад адпраўкай дзяцей за мяжу павінны ўзгадніць сьпісы ва ўправе адукацыі аблвыканкаму. Як сьцьвярджаюць там, усе дзеці, якія меліся выехаць у Вялікую Брытанію, візы атрымалі. Іншых зьвестак у нас няма, зазначыла супрацоўніца сэктару арганізацыі аздараўленьня.

Учора ў інтэрвію "Свабодзе" прадстаўнік дабрачыннай арганізацыі Chernobyl Children’s Life Line ў Вялікай Брытаніі паведаміў, што ім паступіла копія дакумэнту, паводле якога брытанскае памежнае агенцтва адмовілася адкрыць 15 візаў для магілёўскіх дзяцей, якія зьбіраліся на аздараўленьне ў гэтую краіну.

У менскім прадстаўніцтве гэтай арганізацыі такіх зьвестак не пацьвярджаюць:
Усе дзеці ад нашай арганізацыі атрымалі візы ...

"Усе дзеці ад нашай арганізацыі атрымалі візы. Бываюць складанасьці ў атрыманьні візаў для дзяцей, якія заканчваюць школу — калі недастаткова інфармацыі пра тое, што іх тут нешта можа трымаць. З гледзішча візавых службаў, яны й школу скончылі, і ў інстытут пакуль не паступілі, і іх у Беларусі нічога не трымае. Калі ўсе дакумэнты сабраныя, то ўсё выдаецца без праблемаў. Публікацыя ж, якая зьявілася ў "Independent", мелася выявіць праблемы, якія ствараюцца брытанскім бокам, бо візавыя службы занадта вялікія патрабаваньні выстаўляюць да афармленьня візаў", — паведаміў менскі супрацоўнік дабрачыннай арганізацыі Chernobyl Children’s Life Line.

На Магілёўшчыне каля дзясятка дабрачынных арганізацыяў маюць ліцэнзію на замежнае аздараўленьне дзяцей. У бальшыні зь іх пра складанасьці з атрыманьнем брытанскіх візаў даведаліся з публікацыяў у інтэрнэце.
У нас добрыя адносіны з брытанскай амбасадай, і ўсе візы, па якія зьвярталіся, мы атрымалі ...

"У нас добрыя адносіны з брытанскай амбасадай, і ўсе візы, па якія зьвярталіся, мы атрымалі. Я ня думаю, што калі ёсьць нейкія адмовы, яны без прычыны. Мы ўжо адправілі каля трохсот дзетак. За год выяжджае 500—600. Калі ёсьць уся інфармацыя, якую патрабуе амбасада, то ніякіх праблемаў для дабрачынных арганізацыяў", паведаміла супрацоўніца міжнароднай дабрачыннай арганізацыі з Магілёва "Рукі дапамогі".

Падобныя адказы атрыманыя і ў іншых дабрачынных арганізацыях Магілёва, якія вывозяць дзяцей на аздараўленьне за мяжу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG