Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялейскі інтэрнэт-рэсурс вінавацяць у "абразах" і "паклёпах"


Указ № 60, якім ад 1 ліпеня рэгулюецца нацыянальны сэгмэнт сеткі Інтэрнэт, яскрава дэманструе ўсю двухсэнсоўнасьць дэкляраванага "дзяржаўнага клопату" пра беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў. Цягам толькі першага тыдня апрабаваныя розныя спосабы ўзьдзеяньня на сайты, якія патэнцыйна трапляюць у шэраг "нядобранадзейных". Сярод першых мішэняў — "Хартыя-97", "Віцебскі кур'ер" і рэгіянальны рэсурс vialejka.org.

1 ліпеня, у дзень пачатку дзеяньня новай прававой базы, сайт "Хартыі-97" "упрыгожыла" так званая "заглушка". Чырвоным па чорным паведамлялася: рэдактарка Натальля Радзіна знаходзіцца на допыце ў пракуратуры, рэсурсу інкрымінуецца паклёп, зьдзейсьнены наведнікамі ў камэнтарах. Сама спадарыня Радзіна зьвязвае "кропкавае" прамацваньне незалежных сайтаў з указам № 60. Дарэчы, адказнасьць за невыкананьне патрабаваньняў дакумэнту нават ня вызначаная, таму зачыніць сайт без тлумачэньняў фармальна нельга.

Ужо тыдзень на папулярным рэгіянальным сайце vialejka.org вісіць аналягічная "заглушка". Уладальнікі інфармуюць: сайт прыпыніў працу пасьля пачатку дзьвюх крымінальных спраў "за паклёп і абразу". Пакуль праваахоўныя органы шукаюць адміністратараў рэсурсу, прапануецца сачыць за апошнімі навінамі рэгіёну праз твітэр. Дарэчы, адзін зь першых тут запісаў: "Беларускі інтэрнэт у дзеяньні! Палова мясцовых сайтаў не адчыняюцца. Усіх сагналі ў Беларусь, а потым — адключылі".

У вялейскай справе сьведкам у міліцыю выкліканы Мікалай Сусла. З-за падазрэньня, што менавіта ён адмініструе сайт, на экспэртызу забралі пэрсанальны кампутар. Заведзеная крымінальная справа за паклёп на дырэктара Вілейскай сярэдняй школы № 1: адзін з камэнтатараў малюнку, зьмешчанага на сайце, пакінуў запіс, у якім праваахоўнікі ўбачылі абразу настаўніцы. У другой справе гаворка пра паклёп у камэнтарах на яшчэ аднаго пэдагога — дырэктара Вялейскай музычнай школы. Цікаўлюся ў Мікалая Суслы: ці насамрэч у камэнтарах ёсьць крамола?
Як мне чыталі сьледчыя, не было наўпроставых абвінавачаньняў, што яна такая ці гэткая ...

"Каб штосьці сур'ёзнае, то ня думаю. Як мне чыталі сьледчыя, не было наўпроставых абвінавачаньняў, што яна такая ці гэткая. Проста агульныя словы, без аніякіх фактаў. Наўрад ці з гэтага можна штосьці выціснуць — кшталту, хтосьці яе абразіў. Гэта што тычыцца нават камэнтароў. Таксама паказвалі сам матэрыял, па якім завялі крымінальную справу. Дык там проста малюнак, ніхто канкрэтна ня ўзгадваецца — ні дырэктар, ні хто іншы. А ўжо ў камэнтарах нехта падхапіў: во, маўляў, дык гэта ж дырэктарка!"

Карэспандэнт:
"Па заяве жанчын пачатая справа ці міліцыя сама выявіла ініцыятыву?"

"Мне казалі, што дзьве заявы напісаныя. Але пры гэтым не ўдакладнілі, хто менавіта напісаў. Я не выключаю, што, можа, іх і "папрасілі" напісаць…"

Карэспандэнт: "Вас папярэдзілі, калі зноў прыходзіць? Што з кампутарам?"

"Наконт кампутара сказалі, што празь месяц ці паўтара, а можа, праз два месяцы мы вам затэлефануем, калі будзе нешта вядома. Адносна таго, ці будуць мяне яшчэ выклікаць, не казалі нічога. Таму знаходжуся ў такім падвешаным стане: здаецца, як і сьведка, але як кампутар забралі, дык нейкае падазрэньне, што не зусім ужо і сьведка".

У ноч 6 ліпеня спыніў працу сайт газэты "Віцебскі кур'ер". У рэдакцыі перакананыя: блякаваньне адбылося ў сувязі з уступленьнем у сілу прэзыдэнцкага ўказу, бо сайт не прайшоў рэгістрацыі. Між тым у "Белтэлекаме" сьцьвярджаюць: дамова на аказаньне паслугаў скасаваная з ініцыятывы заказчыка. Сам заказчык, праўда, гэтага не пацьвярджае. 12 ліпеня сайт аднавіў працу на новым адрасе vitebsk-kurier.info.

Напярэдадні Дзяржаўная інспэкцыя па электрасувязі абвясьціла папярэднія дадзеныя пра абавязковую рэгістрацыю інтэрнэт-рэсурсаў. Паводле ведамства, усяго разгледжана больш за 23 тысячы заявак, зь іх рэгістрацыю прайшлі каля 16 тысяч сайтаў. Блізу 2 тысяч заявак знаходзяцца на разглядзе, а 7 тысяч з розных прычынаў адхіленыя — з-за неадпаведнасьці пададзенай інфармацыі існуючым формам, а таксама… з-за граматычных памылак.

Нагадаем, што рэгістрацыя мелася быць завершанай яшчэ 1 ліпеня, аднак уладальнікі сайтаў праявілі неадпаведную важнасьці моманту інэртнасьць, і працэдуру давялося працягнуць на неакрэсьлены тэрмін. Калі ўлічыць, што дагэтуль у беларускім сэктары налічвалася блізу 50 тысяч сайтаў, казаць пра ажыятаж зь пераходам на беларускі хостынг па-ранейшаму ніяк не выпадае.

Пасьля заканчэньня рэгістрацыі ўсе зьвесткі пра легалізаваныя рэсурсы будуць перададзеныя ў Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце. Сайты без рэгістрацыі аўтаматычна апынуцца па-за законам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG