Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанцы адмаўляюць у візах і ўкраінскім, і беларускім дзецям


У нядзелю ў брытанскім штодзёньніку Independent быў апублікаваны артыкул пад назовам «Чарнобыльскіх дзяцей не пускаюць у Брытанію».

Гаворка ў ім ідзе пра тое, што дзецям, якія пацярпелі ад наступстваў чарнобыльскай аварыі, брытанскае памежнае агенцтва рэгулярна адмаўляе ў візах. У артыкуле падаюцца канкрэтныя выпадкі: толькі сямёра з 17 дзяцей, якія меліся паехаць у Вялікую Брытанію з дапамогай дабрачыннай ініцыятывы «Лінія жыцьця дзяцей Чарнобылю», атрымалі візы. Ці ўзьнікаюць праблемы зь візамі ў беларускіх дзяцей?

Спачатку мы зьвязаліся з дабрачыннымі фондамі, якія займаюцца аздараўленьнем дзяцей зь Беларусі ў Вялікую Брытанію. Яўген Украінцаў, старшыня Беларускага рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Дзеці ў бядзе», распавёў:

«У нас не было праблем. Такіх выпадкаў, каб нас, так бы мовіць, узялі і адфутболілі, не было. У нас зараз знаходзяцца на афармленьні ў Брытанію тры групы, візы пакуль не далі, але быццам бы ніякіх падставаў, што не дадуць».

Старшыня дабрачыннага фонду «Ў будучыню з надзеяй» Міхаіл Казлоўскі кажа:

«Ніколі ніякіх праблем не бывае — ні з брытанскай, ні з францускай, ні зь якай амбасадай. Ва ўсіх амбасадах ідуць насустрач пры афармленьні груп дзяцей. Можа, там нейкія фармальнасьці былі няправільна выкананыя, трэба ведаць канкрэтны выпадак, усе абставіны… Наагул, якіхсьці перашкод няма, каб немагчыма было дзіцяці выехаць, калі ў яго няма супрацьпаказаньняў паводле стану здароўя для выезду. Калі ўсё згодна з законам, то выяжджаюць без праблем».

У менскім прадстаўніцтве дабрачыннай ініцыятывы «Лінія жыцьця дзяцей Чарнобылю» (Chernobyl Children’s Life Line) Радыё Свабода паведамілі, што сапраўды былі праблемы з атрыманьнем візаў для ўкраінскіх дзяцей:

«Такі інцыдэнт быў у дачыненьні да ўкраінскіх дзетак. Мы працуем па аздараўленьні беларускіх і ўкраінскіх дзяцей, дык тут гэта закранула менавіта ўкраінскіх дзяцей. Беларускіх гэта не закранула ні ў групавым выезьдзе, ні ў якім іншым».

Мы датэлефанаваліся да дабрачыннай ініцыятывы Chernobyl Children’s Life Line у Вялікай Брытаніі. Арганізацыя працуе з 1991 году. І да 2008 году займалася выключна аздараўленьнем беларускіх дзетак — за гэты час прыняла 46 тысяч дзяцей з забруджаных раёнаў Беларусі. Ад жніўня 2008 году, пасьля гісторыі з Таняй Казырай, калі беларускія праграмы былі прыпыненыя, брытанцы пачалі запрашаць украінскіх дзяцей. А ўвесну 2009 году, калі была падпісаная дамова паміж Брытаніяй і Беларусьсю, зноў пачала прымаць беларусаў. І менавіта з Брытаніі сёньня нам паведамілі, што пачалі ўзьнікаць праблемы і зь візамі для беларускіх дзяцей. 15 дзецям з Магілёўскай вобласьці было адмоўлена ў візах. Прадстаўнік дабрачыннай ініцыятывы Chernobyl Children’s Life Line у Вялікай Брытаніі распавёў:
Сёньня паступіла копія дакумэнту з Магілёва, што ім было адмоўлена ў 15 візах. Адмовы ў візах ёсьць як дзецям з Украіны, так і дзецям зь Беларусі.

«Сёньня паступіла копія дакумэнту з Магілёва, што ім было адмоўлена ў 15 візах. Адмовы ў візах ёсьць як дзецям з Украіны, так і дзецям зь Беларусі. І праблема заключаецца ў крыху неканструктыўным падыходзе з боку брытанскай агенцыі па межах. З гэтага году прадстаўнікі гэтай агенцыі вырашылі ўкараняць новыя сыстэмы адсочваньня, быццам бы пад выглядам забесьпячэньня бясьпекі знаходжаньня дзяцей. На дадзены момант мы ня маем дакладнага адказу, самі не разумеем, у чым прычына адмоваў і чаму гэта адбываецца».

У артыкуле, апублікаваным у Independent, прыводзяцца прыклады, калі двое дзяцей меліся прыехаць у адну сям’ю і аднаму далі візу, а другому адмовілі. Прадстаўнік дабрачыннай ініцыятывы Chernobyl Children’s Life Line згадаў зусім незразумелыя факты, калі дзецям адмаўлялі ў візах. І паведаміў, што яны са свайго боку спрабуюць сустрэцца з прадстаўнікамі Брытанскай памежнай агенцыі, дамагаюцца, каб іх прыняў міністар:

«На дадзены момант яны кажуць, што вельмі шмат адкрытых пытаньняў, і калі сустрэча адбудзецца зараз — а брытанскія дабрачынныя арганізацыі вельмі эмацыйныя — то канструктыўнай размовы не атрымаецца. Таму, магчыма, усім трэба астудзіцца, пасьля гэтага сустрэцца, калі яны высьветляць больш пытаньняў самі для сябе».

Такім чынам, пакуль трывогу б’юць самі брытанскія дабрачынныя арганізацыі, якім працаваць стала больш складана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG