Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная воля” сьвяткуе 15-годзьдзе


Незалежная газэта «Народная воля» адзначае 15-годзьдзе выхаду з друку свайго першага нумару. Свабодная інфармацыя — галоўная ідэя, якая цягам 15 гадоў аб’ядноўвае творчы калектыў і чытачоў газэты, заяўляюць у рэдакцыі «Народнай волі» з нагоды юбілею.

Чытачы «Народнай волі» — частыя наведнікі рэдакцыі. Зь юбілеем некаторыя прыйшлі павіншаваць супрацоўнікаў ад самага ранку. Менавіта чытачы газэты і творчы калектыў — галоўны набытак «Народнай волі» за 15 год дзейнасьці, кажа намесьніца галоўнага рэдактара Сьвятлана Калінкіна:

Сьвятлана Калінкіна
«Галоўнае, што захаваўся немалы касьцяк чытачоў, якія выпісвалі, набывалі і шукалі газэту, калі яна не выдавалася ў Беларусі, калі нельга было на яе падпісацца, калі нельга было набыць у шапіках. Гэта ўжо больш, чым чытачы — гэта клюб аднадумцаў. І, зразумела, кожная газэта — гэта не папера, не сталы і не кампутары, а людзі, якія працавалі і працуюць у „Народнай волі“. Я лічу, што гэта прыклад аб’яднаньня вакол ідэі свабоднай інфармацыі — тых, хто выпісвае і чытае газэту і хто працуе ў „Народнай волі“. На жаль, сёньня адбываецца дэградацыя ў самых розных сфэрах, у тым ліку ў журналістыцы. У „Народнай волі“ я бачу прагрэс».

Цягам 15 гадоў «Народная воля» некалькі разоў патрапляла ў становішча напаўзабароненага выданьня, калі газэту даводзілася друкаваць у суседняй Літве, пасьля ў Расеі, дастаўляць падпісчыкам у канвэртах. Вядомыя ў Беларусі чыноўнікі і палітыкі, як, да прыкладу, лідэр адной з палітычных партый Сяргей Гайдукевіч, высокапастаўлены чыноўнік Алег Праляскоўскі і былы кіраўнік БТ, а зараз турэмны вязень Ягор Рыбакоў праз суд дамагаліся шматтысячных выплат за, нібыта, зьняважаныя гонар і годнасьць. Штрафы выплочвалі на складкі чытачоў, а таму прыхільнікаў у выданьня значна больш, кажа журналістка і намесьніца рэдактара Марыя Эйсмант:

У рэдакцыі «Народнай волі».
«Канечне, можна сёньня казаць, што працаваць у незалежнай газэце ў часы рэжыму Лукашэнкі вельмі цяжка. Але я б хацела сказаць пра тое, што мне працаваць у гэтай рэдакцыі вельмі прыемна, і вось чаму. Бо менавіта працуючы ў „Народнай волі“, я сустрэлася з многімі вельмі цікавымі людзьмі. Сярод іх — Ірына Казуліна, Зінаіда Бандарэнка, Вольга Клебановіч і многія іншыя».

Незадоўга да юбілею на працоўных месцах журналістак Сьвятланы Калінкінай і Марыны Коктыш адбыліся ператрусы, а напярэдадні газэта атрымала чарговае папярэджаньне Міністэрства інфармацыі. Працаваць у такіх умовах надзвычай складана, аднак надзвычай важна рабіць карысную справу і ў такой сытуацыі, на што і скіраваная «Народная воля», кажа спадарыня Калінкіна:

«Зразумела, што калі б былі іншыя ўмовы, то газэта была б іншая паводле аб’ёму і разнастайнасьці тэмаў, былі б карэспандэнты ў рэгіёнах. Але тое, што зараз ёсьць — гэта таксама нямала, бо вельмі многія газэты за гэтыя гады проста перасталі існаваць. Зразумела, што шмат якія праблемы мы ня вырашым, праблемы дзяржаўнага ўладкаваньня ня могуць вырашыць нават самыя сьветлыя галовы нашай апазыцыі. Але калі ты адчуваеш, што здольны дапамагчы нейкаму канкрэтнаму чалавеку, то гэта вельмі прыемна. Гэта дае спадзяваньне, што людзі і на гэтым, і на тым баку хочуць дабра Беларусі і некалі яны ўсё ж знойдуць агульную мову».

Інтэрвію з Іосіфам Сярэдзічам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:52 0:00


Іосіф Сярэдзіч: «Вытрымалі, не здаліся, не здадзімся»


Карэспандэнтка: «Зь якімі посьпехамі і набыткамі „Народная Воля“ сустракае 15-годзьдзе заснаваньня?»

Сярэдзіч: «Самы вялікі набытак — гэта тое, што сёньня „Народная Воля“ існуе. Вы ведаеце, колькі газэт у Беларусі за апошнія 10 год зьнішчылі? Вельмі шмат. А вось „Народная Воля“ выстаяла, вытрымала — і гэта яе самы вялікі набытак».

Карэспандэнтка: «Якія цяжкасьці давялося перажыць і што не ўдалося зрабіць за гэтыя 15 год?»

Сярэдзіч: «Пра ўсе тыя выпрабаваньні, празь якія прайшла „Народная Воля“, добра ведае ўся нашая дэмакратычная грамадзкасьць. Гэта і суды, і перасьлед, і шантаж, і выгнаньне. Мы ж тройчы былі ў эміграцыі: двойчы друкавалі газэту ў Вільні і больш за тры гады ў Смаленску. Гэта надзвычайныя выпрабаваньні. І тое, што мы вытрывалі — гэта велізарная заслуга ўсяго творчага калектыву і нашых чытачоў».

Карэспандэнтка: «Зь якімі словамі Вы б хацелі зьвярнуцца да чытачоў „Народнай Волі“ і слухачоў „Радыё Свабода“»?

Сярэдзіч: «Я хачу сказаць, што за заўтрашні дзень, за свабоднае слова, за Беларусь трэба змагацца. Не чакаць, што гэта ўсё само сабой упадзе ў рукі, а трэба змагацца і толькі разам. Мы без чытачоў нічога не маглі б зрабіць. Навошта выдаваць газэту, калі б не было чытачоў? А калі ёсьць падпісчыкі, калі ёсьць тыя, хто набывае газэту ў шапіках, хто прыходзіць і да нас сюды, у рэдакцыю — вось дзеля гэтага мы і працуем».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG