Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сотні ахвяраў генацыду ў Срэбраніцы перапахаваныя


Дзясяткі тысяч людзей наведалі цырымонію на 15-гадавіну масавых забойстваў у басьнійскай Срэбраніцы. У 1995 годзе вайсковыя фармаваньні басьнійскіх сэрбаў забілі каля 8 тысяч бяззбройных мусульманскіх мужчын і хлопчыкаў. Міжнародны суд ААН прызнаў генацыдам гэтыя дзеяньні – найгоршае масавае забойства ў Эўропе ад часоў Другой Ўсясьветнай вайны.

Падчас цырымоніі на могілках каля Срэбраніцы былі перапахаваныя парэшткі 775 нядаўна ідэнтыфікаваных ахвяраў. На гэтых могілках раней ужо былі пахаваныя 3,749 ахвяраў гэтай трагедыі.

Сярод наведнікаў цырымоніі былі прэзыдэнт Сэрбіі Борыс Тадзіч, прэм’ер-мінсітар Турэччыны Рэджэп Тайіп Эрдаган і міністар замежных справаў Францыі Бэрнар Кушнэр.

Каля 5 тысяч чалавек узялі ўдзел у сымбалічным Маршы міру. Цягам трох дзён яны прайшлі па маршруце тых, хто пакінуў Срэбраніцу перад наступам сэрбскіх войскаў у ліпені 1995 году.

Срэбраніца была зонай бясьпекі ААН пад аховай міратворцаў з Нідэрляндаў. Пасьля захопу Срэбраніцы войскі басьнійскіх сэрбаў на чале з генэралам Раткам Младзічам пачалі сыстэматычна вынішчаць мужчынскае насельніцтва. За некаклькі дзён былі забітыя каля 8 тысяч чалавек. Ахвяраў хавалі ў агульных магілах. Пазьней адбываліся перапахаваньні, каб схаваць сьляды злачынства.

На гэты час апазнаныя парэшткі каля 6,500 тысяч чалавек. Парэшткі астатніх ахвяраў яшчэ маюць прайсьці тэсты ДНК.
Ратка Младзіч, супраць якога вылучаныя абвінавачваньні судом ААН у ваенных злачынствах, дагэтуль не арыштаваны. Лічыцца, што ён хаваецца ў Сэрбіі. Былы кіраўнік басьнійскіх сэрбаў Радаван Караджыч, якога абвінавачваюць у плянаваньні генацыду, быў арыштаваны ў Белградзе ў 2008 годзе і цяпер ягоную справу разглядаюць у Міжнародным судзе.

Імёны ахвяраў генацыду на мэмарыяле

Труны з парэшткамі нядаўна ідэнтыфікаваных ахвяраў

Труны з парэшткамі нядаўна ідэнтыфікаваных ахвяраў

Труны з парэшткамі нядаўна ідэнтыфікаваных ахвяраў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG