Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рубінаў: расейскае кіраўніцтва рэжысуе гэтыя гнюсныя атакі


Анатоль Рубінаў
Анатоль Рубінаў
Расея не дае нам ніякіх фінансавых датацыяў, і мы ў іх ня маем патрэбы.

Пра гэта піша сёньня ў газэце "Советская Белоруссия" старшыня Савету Рэспублікі Анатоль Рубінаў. Ён апублікаваў артыкул "Нельга забывацца, што заўтра пачынаецца сёньня", прысьвечаны беларуска-расейскім дачыненьням.


"Беларусь ня просіць у свайго саюзьніка ніякіх датацыяў і ніякіх прэфэрэнцыяў. Мы толькі лічым, што ў саюзнай дзяржаве цэны на энэрганосьбіты павінны быць аднолькавыя ці, правільней сказаць, роўнадаходныя. То бок мы ня просім, каб Расея зьменшыла нам цэны на газ. Мы лічым, што ў абедзьвюх краінах яны павінны быць роўнымі", — адзначае А.Рубінаў. — "Расея не дае нам ніякіх фінансавых датацыяў, і мы ў іх ня маем патрэбы. Але калі мы ўжо зьвязалі свой лёс з Расеяй, то хочам мець роўныя ўмовы гаспадараньня і гандлю для абедзьвюх краін".

"Пуціна ў крэсла прэзыдэнта "за ручку" прывёў Ельцын, Мядзьведзева гэтак жа "за ручку" прывёў Пуцін. Ніхто зь іх не прыйшоў да ўлады ў выніку папярэдняй палітычнай дзейнасьці, не заваяваў свой аўтарытэт у адкрытай барацьбе з канкурэнтамі. Але, як водзіцца ў Расеі, як толькі нехта сядае ў кіраўнічае крэсла, тут жа на поўную моц уключаецца адміністратыўны рэсурс. І чалавек,якога раней ніхто ня бачыў і ня чуў, хутка становіцца "правадыром нацыі". Трэба прызнаць, што супрацоўнікі КДБ усяму гэтаму былі добра навучаныя яшчэ з савецкіх часоў. Дый савецкія мэтады кіраваньня народам, такія, як стварэньне ўсёмагутнай правячай партыі, яшчэ ня выветрыліся з галоваў і сёньня, як і ў мінулыя часы, з посьпехам пушчаныя ў справу", — піша А.Рубінаў.

Таксама А.Рубінаў выказаў незадаволенасьць расейскімі мэдыямі:

"Няспынныя грубыя мэдыйныя атакі на прэзыдэнта, на нашу краіну, якія сталі "фірменным стылем" найбуйнейшых маскоўскіх СМІ, выклікаюць абурэньне. Гэта паклёп і зьнявага ўсяго беларускага народу, гэта недапушчальнае хамства, непрыхаваны імпэрскі ціск на сувэрэнную краіну. Такая ступень бесцырымоннасьці і агрэсіўнасьці кіроўных расейскіх палітыкаў, якія рэжысуюць гэтыя гнюсныя атакі, выклікаюць значна больш моцныя пачуцьці, чым недаўменьне. Напрыклад, зусім прагматычнае пытаньне: а ці трэба нам наагул супрацоўнічаць з падобнымі "каналамі", якія паставілі сваёй мэтай цкаваньне і зьнявагу беларусаў?.. Нядобра, калі дзеля дасягненьня даволі эфэмэрных палітычных мэтаў у ход пускаецца такая "зброя масавага паражэньня", як адначасовая газава-тэлевізійная атака. Навошта мэтанакіравана атручваць будучыню нашых народаў? Няўжо з-за безадказных дзеяньняў некаторых палітыкаў мы выйдзем на новы віток гісторыі, калі расейцы і беларусы апынуцца па розныя бакі барыкад?"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG