Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка галадуе болей за 2 тыдні


Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка
У Бабруйскай калёніі працягвае галадоўку прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка. Палітвязень Мікалай Аўтуховіч дамогся лячэньня зубоў у прыватнай клініцы. Уладзімер Асіпенка пераведзены з карантыну ў атрад Івацэвіцкай калёніі.

Прадпрымальнік Андрэй Банадарэнка, які адбывае 7 гадоў зьняволеньня ў Бабруйскай калёніі дагэтуль не спыніў галадоўкі пратэсту супраць прысуду, які лічыць незаконным. Пра гэта «Свабодзе» паведаміла сястра вязьня Ірына Бандарэнка.

Андрэй Бандарэнка пачаў галадоўку 15 чэрвеня. У Бабруйскай калёніі гэтыя зьвесткі не камэнтуюць. Сваякі вязьня, са спасылкай на ягоныя лісты кажуць, што ён пачуваецца пакуль нармальна, хаця і паступова губляе вагу. Ірына Бандарэнка таксама паведаміла, што галадоўка яе брата не адбілася ў горшы бок на ягоных адносінах з адміністрацыяй калёніі:

«У яго там быццам ўсё добра. Лісты, праўда, дасылае такія вельмі кароткія, але нібыта здароўе пакуль нармальнае».

Важны крок да пэўнай перамогі адносна выпраўленьня здароўя зрабіў вязень менскага сьледчага ізалятару Мікалай Аўтуховіч. Ён дамогся кансультацыі незалежных лекараў, якія заявілі, што яму патрэбнае тэрміновае пратэзаваньне зубоў. На прапанову абароны Аўтуховіча апэрацыя хутчэй за ўсё пройдзе ў пэўнай менскай прыватнай клініцы. Адвакат Павал Сапелка спадзяецца, што міліцыя пагодзіцца завезьці туды Мікалая Аўтуховіча. Раней ніколі такія захады дзеля вязьня не рабіліся, зазначае праваабаронца, былы сьледчы Алег Воўчак:

Гэта ж трэба яму канвой забясьпечыць, іншыя захады. А яны з такім ніколі не сустракаліся. Баляць зубы — і хай баляць.
«Гэта ж трэба яму канвой забясьпечыць, іншыя захады. А яны з такім ніколі не сустракаліся. Баляць зубы — і хай баляць. У крайнім выпадку вырвуць. А тут трэба такія намаганьні рабіць! Ён іх гэтым праняў!»

З 16 чэрвеня Мікалай Аўтуховіч, якога болей за год трымаюць на Валадарцы, абвясьціў галадоўку і папярэдзіў, што праз 5 дзён, калі яму не арганізуюць сустрэчу з прадстаўніком Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў паводле пратэзаваньня, пачне сухую галадоўку. Праз 5 дзён вязьня наведаў супрацоўнік мэдычнай управы Дэпартамэнта выкананьня пакараньняў Аляксандр Красько і абмеркаваў правядзеньне кансультацыі і лячэньня. 1 ліпеня Аўтуховіча сапраўды наведалі лекары дзеля кансультацыі, а празь дзень была вызначаная прыватная клініка, дзе пройдзе лячэньне.

Былы вайсковец Уладзімер Асіпенка, які праходзіў паводле адной справы аб падрыхтоўцы тэракту зь Мікалаем Аўтуховічам, без праблемаў прайшоў карантын у калёніі і ўжо патрапіў у атрад. Працу Асіпенку не далі, ён бавіць час ў размовах зь вязьнямі івацэвіцкай калёніі і чакае амністыі, якая мусіць даць яму волю, паведаміла дачка Асіпенкі Людміла:

«Нічога такога не піcаў. Лісты дасылае, распавядае пра свой настрой, і ўсё. Вырашылі да яго на спатканьні ня езьдзіць, сам не запрашаў. Маўляў, мала засталося, дачакаемся без сустрэч у калёніі. А пакуль абмяжуемся пасылкамі.»

Між тым закон аб амністыі, на які спадзяецца Уладзімер Асіпенка, канчаткова ніяк не прымаюць.

Вязьні, чэрвень 2010

Даведка Свабоды
Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка, якіх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых чыноўнікаў, сваёй віны ў судзе не прызналі і заявілі, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Мікалай Аўтуховіч пакараны на 5 гадоў 2 месяцы зьняволеньня за незаконнае захоўваньне патронаў, Уладзімер Асіпенка атрымаў 3 гады за незаконнае абыходжаньне з зброяй. Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў, які нібыта дапамагаў Аўтуховічу і Асіпенку, пакараны 2 гадамі калёніі за невыкананьне службовых абавязкаў.

Актывіст АГП Андрэй Бандарэнка вінаватым сябе не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі. У прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году. Першы прысуд Бандарэнку, які летась вынес Першамайскі суд Менску, быў адменены, справу накіравалі на новы разгляд, але з другой спробы прадпрымальніка прызналі вінаватым у крадзяжы праз махлярства і асудзілі на 6 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG