Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купалоў-цыбулін на гатычным храме ў Наваградку ня будзе


Сучасны выгляд Барысаглебскай царквы ў Наваградку. Фота <a href="http://globus.tut.by/">globus.tut.by</a>
Сучасны выгляд Барысаглебскай царквы ў Наваградку. Фота <a href="http://globus.tut.by/">globus.tut.by</a>
Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, грамадзкасьць зьвярнуліся ў сродкі масавай інфармацыі, Беларускі экзархат Расейскай Праваслаўнай Царквы, Міністэрства культуры з пратэстам супраць усталяваньня купалоў-цыбулін на наваградзкай Барысаглебскай царкве, гатычным помніку, які зьяўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасьцю 1-й катэгорыі (то бок усясьветнага значэньня).

На старажытны гатычны храм рэканструктары — мясцовы прыход Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы — мелі намер усталяваць купалы-цыбуліны, якія фактычна зьнішчылі б гістарычнае аблічча помніка.

У звароце, у прыватнасьці, гаворыцца: «Лічым сваім маральным абавязкам апэляваць да грамадзянскай і культурніцкай супольнасьці краіны з мэтай выказаць рашучы пратэст супраць антыкультурнай, антыбеларускай дзейнасьці РПЦ… Мы патрабуем спыніць разбурэньне нашай спадчыны!»

Зварот падпісалі філёзафы Алесь Анціпенка і Валянцін Акудовіч, архітэктарка Ірэна Лаўроўская, мастацтвазнаўцы Сяргей Харэўскі і Максім Жбанкоў.

Філёзаф Валянцін Акудовіч выказаў такое меркаваньне:

Мы перасталі даваць адпор такім праявам.
«Бясспрэчна, гэта ўсё — наступствы каляніяльнай спадчыны. У гэтым адыгрывае ролю нацыянальная нескансалідаванасьць, нацыянальная недааформленасьць грамадзтва, проста культурная неадукаванасьць, няўвага да спадчыны як каштоўнасьці. Але ёсьць яшчэ адно: мы перасталі даваць адпор такім праявам. Ну, гэтае барбарства павінна ж некалі скончыцца! Тое, што новыя храмы будуюць — ну стаўце вы свае гэтыя цыбуліны, колькі вам хочацца. Але лезьці ў старую архітэктуру з гэтымі дадаткамі з чужой абсалютна культуры, візантыйшчыны, адносна аўтэнтычнага беларускага дойлідзтва і культурнай мадэлі культавых пабудоваў — не хапае слоў…»

Архітэктарка Ірына Лаўроўская кажа:

«Форма, сылюэт — яны таксама прамаўляюць для чалавека. У нашай краіне так склалася, што асяродзьдзе, прастора нашай Беларусі — яны такія, якімі фармаваліся цягам тысячагодзьдзя. Яно не было выключна створана ў ХІХ стагодзьдзі. Зараз адбываецца так, што, на жаль, кіраўніцтва Рускай праваслаўнай царквы, сьвятары, якія ствараюць і адраджаюць прыходы беларускія, чамусьці навязваюць нам вонкавы вобраз, уласьцівы Расеі ХІХ стагодзьдзя. Прычым паўсюль пачынаюць усталёўваць залатыя цыбуліны, золатам пакрываюць, што таксама неўласьціва нашай мэнтальнасьці. Гэта ня толькі матэрыяльная каштоўнасьць, гэта яшчэ і каштоўнасьць разуменьня таго, што ёсьць для нас добрае».

Як стала вядома Радыё Свабода, Міністэрства культуры накіравала ў Наваградзкі райвыканкам жорсткае патрабаваньне спыніць усе працы па рэканструкцыі Барысаглебскай царквы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG