Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі -- "стабільны аўтарытарызм"


Штогадовая справаздача досьледнай арганізацыі Freedom House ацэньвае сытуацыю ў 29-ці посткамуністычных краінах: ад Балтыі і Цэнтральнай Эўропы да Цэнтральнай Азіі. Паводле справаздачы, 8 з 12-ці постсавецкіх краін зьяўляюцца аўтарытарнымі дзяржавамі, у якіх асноўныя стандарты правоў чалавека, дэмакратычных нормаў і правапарадку адсутнічаюць. Армэнія і Малдова расцэньваюцца як напаўаўтарытарныя сыстэмы, Грузія і Ўкраіна – як пераходныя. Да краін са стабільнымі аўтарытарнымі ўмовамі справаздача адносіць і Беларусь.

Аўтар беларускага разьдзелу дакладу Freedom House – вядомы беларускі палітоляг Віталь Сіліцкі. Кожная краіна ацэньваецца ў справаздачы паводле 7-мі крытэрыяў, найвышэйшая ацэнка 1 бал, найніжэйшая – 7 балаў. У параўнаньні зь мінулым годам становішча ў Беларусі крыху палепшылася паводле пазыцый “грамадзянская супольнасьць” і “незалежныя мэдыі”.

У прыватнасьці, адзначаецца, што беларускія ўлады працягвалі перасьлед актывістаў грамадзянскай супольнасьці, але выпадкі пазбаўленьня волі і жорсткіх пакараньняў сталі менш распаўсюджанымі.

Беларуская грамадзянская супольнасьць імкнулася ў максымальнай ступені выкарыстаць магчымасьці, якія прадстаўляў працэс палавіністай лібэралізацыі і дыялёгу ўладаў з Эўразьвязам. З прычыны гэтых паляпшэньняў ацэнка пазыцыі “грамадзянская супольнасьць” была зьмененая з 6.25 да 6.

Адносна становішча незалежных мэдыяў у справаздачы адзначаецца, што ня спраўдзіліся перасьцярогі, што новы закон аб СМІ істотна пагоршыць становішча СМІ. “Эўрапейскае радыё для Беларусі” атрымала дазвол на працу ў Беларусі, хаця іншым замежным мэдыям, у тым ліку і тэлеканалу “Белсат”, было адмоўлена ў акрэдытацыі. У дакладзе адзначаецца шмат праблем беларускіх незалежных мэдыяў, у тым ліку і папярэджаньні журналістам, якія працуюць на замежныя СМІ. І ўсё ж такі рэйтынг, паводле пазыцыі “Незалежныя СМІ”, быў палепшаны з 6.75 да 6.5.

Паводле іншых крытэрыяў – “электаральны працэс”, якасьць нацыянальнага і мясцовага кіраваньня, стан юрыдычнай сыстэмы і карупцыя – зьменаў у параўнаньні зь леташняй справаздачай не адбылося, па ўсіх парамэтрах, за выключэньнем карупцыі, Беларусь у сёлетняй справаздачы атрымала ацэнку 6.75, а па карупцыі – 6 балаў.
Беларусь мае сумарную ацэнку 6.5 балаў. Горшыя за Беларусь адзнакі атрымалі Ўзбэкістан і Туркмэністан, лепшыя – Азэрбайджан, Расея і іншыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG