Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салодкая вада для хлопчыкаў… з горкім вынікам


Перад абвяшчэньнем выраку пэдафілы хаваюць твары.
Перад абвяшчэньнем выраку пэдафілы хаваюць твары.

Сёньня суд Цэнтральнага раёну Гомеля абвясьціў вырак у дачыненьні да двух пэдафілаў — 47-гадовага грамадзяніна Ізраілю Генадзя П. і 27-гадовага жыхара абласнога цэнтру Івана Р. Першы зь іх пакараны 13,5 гадамі турэмнага зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, другі — 10 гадамі.


Суд прызнаў мужчын вінаватымі ў дзеяньнях сэксуальнага характару, учыненых супраць волі непаўналетніх пацярпелых з прымяненьнем да іх гвалту. Мужчыны спойвалі заведама непаўналетніх хлапчукоў, а таксама выраблялі парнаграфічныя відэаматэрыялы.

У залі суду падчас абвяшчэньня выраку пэдафілы старанна хавалі свае твары. Маладзейшы нацягнуў на галаву футболку, а старэйшы, грамадзянін Ізраілю, які раней жыў у Гомелі, а цяпер мае ў Беларусі від на жыхарства, закрываўся папкай для папераў.

Маці аднаго з пацярпелых хлапчукоў так адрэагавала на вырак суду:

«Тэрмінамі пакараньня я крыху незадаволеная. За такія ўчынкі, за мае нэрвы й перажываньні… Карацей, такая брыда не павінна знаходзіцца ў грамадзтве. Лічу, што ізаляваць іх трэба пажыцьцёва».
Такая брыда не павінна знаходзіцца ў грамадзтве. Лічу, што ізаляваць іх трэба пажыцьцёва.


Інтэрнацыянальны дуэт пэдафілаў паляваў на гомельскіх школьнікаў у мінулым годзе. У крымінальнай справе дасьледавана 16 розных эпізодаў. У іх фігуруюць шасьцёра дзяцей, пяцёра зь якіх — маладзейшыя за 14 гадоў.

Для сэксуальных уцех пэдафілы выбіралі найперш хлапчукоў зь няпоўных сем’яў. Маці пацярпелага апавяла, што яе сына злачынцы сустрэлі ля фантану побач з цыркам:

«Пазнаёміліся ля фантану, што побач з цыркам. Падышлі, прапанавалі салодкай вады, пастраляць у ціры».

Падобныя хітрыкі пэдафілы выкарыстоўвалі і ў дачыненьні да іншых ахвяраў. Гэта было, відаць, нескладана. На вакацыях дзеці падоўгу заставаліся на вуліцы без дагляду дарослых.

Маці аднаго з хлапчукоў паведаміла, што яе сын з захапленьнем апавядаў пра «добрага хлопца й дарослага мужчыну»:

«Натуральна, усё гэта мяне насьцярожыла. Я забараніла сыну зь імі сустракацца. Але калі я на працы, я не магу яго поўнасьцю кантраляваць — дзе ён і што зь ім. Яны, пэўна, падыход да дзяцей мелі, бо сын ішоў зь імі на кантакт з радасьцю. Яны куплялі хлапчукам салодкія ласункі, глядзелі зь імі парнафільмы, частавалі іх півам».

Пра дзіўнае «сяброўства» дарослых мужчын з малалетнімі хлапчукамі ў міліцыю паведамілі пільныя гараджане. Апэратыўнікі затрымалі дуэт пэдафілаў у кватэры, дзе яны «апрацоўвалі» двух малалетніх хлапчукоў і дзе была абсталявана хатняя відэастудыя.

У кватэры вынята шмат відэакасэтаў і дыскаў відэазапісаў з удзелам гомельскіх хлапчукоў. Парнасэсіі злачынцы арганізоўвалі і ў намёце на прыродзе.
Пра дзіўнае «сяброўства» дарослых мужчын з малалетнімі хлапчукамі ў міліцыю паведамілі пільныя гараджане.


Яшчэ адна маці расказала, што таварыства Чырвонага крыжа ўзяла згвалтаваных дзяцей на рэабілітацыю. Яе сын надзвычай зьмяніўся:

«Нярвознасьць праяўляецца — гэта вельмі адбілася на дзіцяці. Гэта вельмі сур’ёзная траўма. Як будзе усё далей, нават ня ведаю».

У судзе грамадзянін Ізраілю сваю віну адмаўляў. 27-гадовы гамяльчук прызнаў сябе вінаватым толькі часткова.

Апрача турэмнага зьняволеньня, суд абавязаў пакараных выплаціць сем’ям пацярпелых па 10 мільёнаў рублёў як кампэнсацыю маральнай шкоды. Агулам Генадзь П. мусіць заплаціць 50 мільёнаў рублёў, Іван Р. — 20 мільёнаў. Але гэта толькі ў тым выпадку, калі вырак набудзе юрыдычную моц, бо ў пакараных пэдафілаў яшчэ ёсьць права абскардзіць сёньняшні прысуд у вышэйшую судовую інстанцыю.



Намесьнік галоўнага лекара Рэспубліканскага псыхіятрычнага шпіталя ў Навінках Уладзімер Склема перакананы, што ў сваёй пераважнай бальшыні пэдафілы кантралююць сытуацыю і не пакутуюць на расстройствы псыхікі:

«Гэта найскладейшаная тэма, бо мы можам стрымліваць сябе адносна харчаваньня, кантактаў зь людзьмі, а вось гэта — самы старажытны інстынкт. Полавае жыцьцё — значная частка нашага існаваньня. І бываюць такія пэрыяды, што чалавек губляе галаву з-за гэтай праблемы. Але я хачу сказаць, што калі такіх людзей караюць, то гэта правільна. Бо ў пераважнай бальшыні пэдафілы кантралююць сытуацыю і нельга сказаць, што яны маюць адхіленьні псыхікі. Гэтае задавальненьне сэксуальнасьці зь дзецьмі — яно ўва ўсіх краінах лічыцца вычварэнствам і недапушчальнае».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG