Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Малады Фронт” задумаў скараціць службу ў войску да 1 году


“Малады Фронт” распачаў грамадзкую кампанію “Наша армія”. Асноўныя мэты – скарачэньне тэрміну службы, ільготы пры паступленьні пасьля службы, магчымасьць атрымоўваць адукацыю завочна і ўдзельнічаць ва ўступнай кампаніі, павялічэньне адпачынку і магчымасьць рэгулярна карыстацца мабільным тэлефонам.

Валянтэры кампаніі плянуюць арганізаваць збор подпісаў пад прапановамі кампаніі і распрацавалі комплекс мераў, якія будуць здольны падвысіць прывабнасьць тэрміновай службы. Па выніках збору подпісаў плянуецца сустрэча з міністрам абароны.

Сярод удзельнікаў кампаніі ёсьць былыя салтады – Іван Шыла і Франак Вячорка.

"Мы прапануем скараціць тэрмін службы да аднаго года для прызыўнікоў без вышэйшай адукацыі і да дзевяці месяцаў — для прызыўнікоў з вышэйшай адукацыяй", — сказаў у інтэрвію БелаПАН Іван Шыла.

Збор подпісаў плянуецца праводзіць каля ваенкаматаў сярод патэнцыяльных прызыўнікоў. "Мы маем намер зьбіраць подпісы і пад іншымі прапановамі: павялічыць адпачынак ваеннаслужачым; даць ільготы тым, хто адслужыў у арміі, пры паступленьні ў ВНУ; даць магчымасьць ваеннаслужачым атрымліваць завочную вышэйшую адукацыю падчас службы і гэтак далей", — сказаў Шыла.

Кампанія "Наша армія" будзе праводзіцца ў ліпені—жніўні.

"Мы лічым, што скарачэньне тэрміну службы і даваньне дадатковых магчымасьцяў вайскоўцам тэрміновай службы зможа паменшыць колькасьць тых, хто ўхіляецца ад ваеннай службы, паменшыць колькасьць выпадкаў "дзедаўшчыны" і нестатутных адносінаў. Потым гэтыя подпісы будуць перададзены ў Міністэрства абароны, і мы спадзяемся, што Мінабароны зойме канструктыўную пазыцыю. Акрамя таго, мы спадзяемся, што зможам сустрэцца зь міністрам абароны і абмеркаваць нашы прапановы", — сказаў актывіст "Маладога фронту".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG