Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шацікаву аштрафавалі за “Наш дом”


Кастрычніцкі суд Магілёва сёньня пакараў грамадзкую актывістку Крысьціну Шацікаву штрафам у памеры 20 базавых велічыняў — гэта 700 тысяч рублёў. Судзьдзя Натальля Крашкіна прызнала яе вінаватай у дастаўцы й распаўсюджваньні друкаванай прадукцыі, не зарэгістраванай паводле беларускага заканадаўства.

Паводле судовай пастановы ў Шацікавай канфіскуюцца 12383 асобнікі газэты "Наш дом", якія ня маюць выходных дадзеных. Актывістка лічыць вырак незаконным і будзе яго абскарджваць у Магілёўскім абласным судзе.

"Я не вінаватая. Вось гэты артыкул адміністрацыйны па распаўсюджваньні ня можа дзейнічаць у нас, бо ў нас у Канстытуцыі вызначана, што распаўсюджваць інфармацыю я магу любую. Гэта ж замацавана і ў міжнародным праве. Тое, што тут адбывалася — яно ў чарговы раз паказвае, што ў нас не прававая дзяржава і ў прынцыпе чакаць іншага нельга",-- заявіла "Свабодзе" адразу ж пасьля суду Крысьціна Шацікава.
Шацікаву судзілі за нейкія намеры. То бок стаяў чалавек каля цяжкіх шасьці торбаў, якія жанчына проста адна падняць не магла


Як высьветлілася ў працэсе суду, у матэрыялах справы няма трох аркушаў тлумачэньняў Крысьціны Шацікавай. У іх, сьцьвярджае актывістка, было напісана, як яе затрымлівалі і дапытвалі. Яны маглі паўплываць на пазыцыю суду, зьвярталася да судзьдзі Шацікава. Судзьдзя на гэта адказала, што ёй дастаткова таго, што яна пагаварыла зь ёй.

Сёньняшняе судовае паседжаньне наагул праходзіла дыскусійна. Судзьдзя нават дазваляла выступаць праваабаронцам, якія не былі дапушчаныя да працэсу. Тыя спрабавалі давесьці суду, што арышт актывісткі й канфіскацыя газэт незаконныя. Заклікалі судзьдзю закрыць справу, бо ў дзеяньнях актывісткі няма складу правапарушэньня.

"Шацікаву судзілі за нейкія намеры. То бок стаяў чалавек каля цяжкіх шасьці торбаў, якія жанчына проста адна падняць не магла. Усе сьведкі паказалі, што ў руках у яе нічога не было, нічога яна не распаўсюджвала, аднак судзьдзя асудзіла яе за намеры, што гэтыя газэты меркавала распаўсюдзіць менавіта Шацікава. Але гэта нейкі нонсэнс", — зазначае віцебскі праваабаронца, сябра Беларускага Хэльсынскага камітэту Павал Левінаў.

Судзьдзя Натальля Крашкіна выслухала Крысьціну Шацікаву, выступы ў яе падтрымку і, не абвяшчаючы перапынку, зачытала: "Прызнаць Шацікаву вінаватай, пакараць яе штрафам у памеры 700 тысяч рублёў, а газэты канфіскаваць як прадметы, вынятыя з абароту".

Сёньняшняе судовае паседжаньне было чацьвёртым. Першае адбылося яшчэ 19 траўня. Затрымалі ж Крысьціну Шацікаву 4 траўня супрацоўнікі Кастрычніцкага аддзелу міліцыі каля пад’езду ейнага дома. Спачатку міліцыянты яе вінавацілі ў тым, нібыта яна абрабавала кватэру і ў яе торбах знаходзяцца скрадзеныя рэчы. Пасьля таго як у прысутнасьці панятых торбы перагледзелі і, акрамя газэт, нічога не знайшлі, яе на міліцэйскай машыне даставілі ў аддзел міліцыі. Там канфіскавалі 12383 асобнікі газэты "Наш дом".

У час судовага разбору суд дапытаў двух міліцыянтаў і двух панятых. Адзін міліцыянт у суд не зьявіўся. За час працэсу судзьдзя зьмяніўся. Першы, Раман Касьцюк, пасьля двух паседжаньняў сышоў у адпачынак. Азнаёміўшыся з матэрыяламі справы, ён вымушаны быў вярнуць іх міліцыі на дапрацоўку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG