Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сучасныя Грунвальдзкія кронікі: Крэва ад узвышша да… заняпаду?


Міні-цыкль падарожжаў, прысьвечаных 600-годзьдзю Грунвальдзкай сечы, мог пачынацца толькі тут — у вёсцы Крэва. Гэта мне з навуковай дакладнасьцю давёў наш сёньняшні і будучы дарадца — доктар гісторыі, спадар Юры Бохан.

Юры Бохан

Бохан
: «Гэта самае значнае месца, бо ў Крэве была заключана тая унія, якая і абумовіла паражэньне Тэўтонскага ордэна і абсалютна зьмяніла лёсы Беларусі, ВКЛ і Польшчы.

Перадгісторыя наступная. Пасьля сьмерці Альгерда (1377 г.) у яго засталося 12 сыноў ад дзьвюх жонак — Марыі Віцебскай і Ўльяны Цьвярской. Апошняя прыклала ўсе намаганьні, каб князем быў абраны старэйшы сын — Ягайла. Гэта справакавала незадавальненьне Андрэя Альгердавіча Полацкага, і становішча Ягайлы было хісткім. Самым натуральным яго саюзьнікам сталася Польшча. Яна страціла шэраг тэрыторый на Захадзе, частку тэрыторый адабралі імпэрскія немцы, частку — Тэўтонскі ордэн.

У той час памёр польскі і адначасова вугорскі кароль Людвік Анжуйскі. У яго былі дзьве дачкі — Марыя і Ядзьвіга. Абедзьве маглі прэтэндаваць на трон Польшчы. Марыя была заручана з Жыгімонтам Люксэмбурскім, сынам германскага імпэратара, і палякі баяліся, што Польшча стала б яшчэ большым дадаткам імпэрыі.

Але Ядзьвіга была заручана таксама зь нямецкім прынцам Вільгельмам Габсбургам. Палякі намагаліся да яе паўналецьця ў 1386-м, калі ёй будзе 12 год, падшукаць ёй другога мужа. Выбар паў на Ягайлу. Таму што быў літвінам, прадстаўніком „дзікай“ краіны, і лічылі, што, наадварот, таму ператворыць Літву ў дадатак Польшчы. І хрост Літвы — што было ўмовай каранацыі — вельмі ўзьняў бы прэстыж Польшчы ў вачах сусьветнай грамадзкасьці.

Таму ў 1385-м у Крэве было заключана пагадненьне, якое агаворвала ўмовы будучай уніі. Ягайла ахрысьціўся сам і ахрысьціў паганскую частку ВКЛ, абяцаў далучыць ВКЛ да Польшчы. Акурат у Крэве і былі закладзены ўсе падваліны будучай Грунвальдзкай перамогі.

Яшчэ раней у вежах Крэўскага замка быў задушаны Кейстут, бацька найвядомейшага нашага кіраўніка ВКЛ — Вітаўта. І калі б Кейстут ня быў задушаны, тады б Вітаўт не скіраваўся да Тэўтонскага ордэна, не пачаў барацьбу за ўладу, і Ягайла не перадаў бы яму ў 1392 годзе ўладу, і ВКЛ не атрымала б такога ўладара-пераможцу…»

Карэспандэнт: «А колькі Крэва магло паставіць тады вершнікаў?»

Бохан: «Усе харугвы ВКЛ мелі ўнармаваную колькасьць у 300 чалавек. Самы лепшы помнік таго часу — сам Крэўскі замак…»

Я ўпершыню пасярод развалаў былых каменных муроў ды зарасьцяў кустоўя ў непераможнай некалі крэпасьці. Хоць азначэньне «помнік» яўна не пасуе да перакошанага драўлянага дамка тыпу «шпакоўня», збудаванага невядома як на месцы адной з байніцаў. Перад уваходам — на іржавых жалязяках надпіс на расейскай мове пра тое, што «охраняется государством». Крэўскі краязнаўца ды гісторык Алесь Камінскі побач са мной чухае патыліцу: маўляў, сапраўды выглядае «цынічна».

Камінскі: «Колькі замак існуе, на нас нападаюць захопнікі. І час разбурае. Асабліва быў пашкоджаны ў Першую сусьветную вайну. Немцы якраз стаялі ў гэтым месцы. Расейцы білі. Генэрал Доўбар-Мусьніцкі камандаваў тут. Піша ва ўспамінах, што „шкада, толькі 10 стрэлаў можна было зрабіць па Крэўскім замку“. Студэнцкія групы з валянтэраў некалькі год прыяжджалі. Але рабілі бессэнсоўна — „шпакоўню“ паставілі гэтую. Цяпер жа разбураць нельга паводле закону — „у статусе“. А забярыся туды, паспрабуй! Канечне, дзяржава гэтым павінна займацца, але чым далей, тым болей ад гэтага адыходзіць. Крэўскі замак быў помнікам першай катэгорыі, цяпер другой, што ніжэй…»


Пасьля падзеліцца сваімі ўражаньнямі і сакратарка сельсавету, настаўніца, Алена Жабінская.

Жабінская: «У нас многія лічаць, што мы брама Эўразьвязу. Я таксама. Хацелася б, канечне, каб аднавіўся замак — больш народу б падцягнулася сюды. Але для гэтага трэба цаніць нашу гісторыю, а ў нас чамусьці цэніцца зямля, што каля вадаёмаў. Ацэньваюць тыя, хто лічаць, што можна будаваць жыцьцё, ня ведаючы гісторыі продкаў…»

А што ж думаюць самі крэўскія — нашчадкі, нібыта, слаўных грунвальдзкіх ваяроў? Папярэдне я ўжо пагутарыў зь некаторымі ў краме ды на вуліцах:

Карэспандэнт: «А пра замак у Крэве што-небудзь ведаеце?»

Спадарства: «Нічога я ня ведаю… Ну што замак — пра Грунвальдзкую бітву чулі… Гісторыя гісторыяй, а ніхто намі не займаецца. А самі — гаспадаркай…»

Зрэшты, як той казаў, я быў «маральна гатовы» да пачутага, разгаварыўшыся ў аўтобусе з 39-гадовым Алесем.


Алесь: «Пра Крэва ходзяць чуткі, што ў кожнай дзясятай хаце прадаюць самагон, што за 3 месяцы поп адпеў на той сьвет больш чым 100 чалавек. І вядомыя байкі пра Крэўскую сынагогу, куды ўначы прыехалі габрэі і забралі сваё схаванае золата. І мясцовыя жыхары могуць паказаць, дзе пасьля вайны стаялі шклянкі з гэтым золатам…»

71-гадовы дзядзька Ясь, да якога падсеў, каб вызначыцца з кірункамі мясцовай геаграфіі, дадаў:


Ясь: «Жытнюю выгнаць — добрая. „Бровары“ ў лесе. Бралі пральныя машыны з-пад бялізны — бачкі пад самагон ішлі. А пляшачка — 4-5 тысяч…»

Словы памянёнай ужо спадарыні Жабінскай прагучалі як падсумаваньне.

Жабінская: «Памірае больш, чым нараджаецца! Аграгарадок адкрыўся ў 2008-м, СВК называецца „Ракаўцы“ — нас зь вёскай аб’ядналі. Прэзыдэнцкіх домікаў 5 будуецца, тры заселеныя ў 2009-м. Сельсавет таксама пераехаў, бо ў хатцы былі вясковай. Паклалі асфальт, гравійнае пакрыцьцё падрамантавалі. Даяркі — ёсьць па 300 атрымліваюць, ёсьць і па 800…»

51-гадовая школьная прыбіральшчыца Тацьцяна Магель круцілася ў хаце з саганамі ды патэльнямі. Назвала сваё сямейства па старой савецкай завядзёнцы «сярадняцкім».

Карэспандэнт: «Аграгарадок — ці што зьмянілася?»

Магель: «Нам усё роўна, ніхто ж нам болей не дабавіў. Заробак 300, муж у лясьніцтве. У нас кожны па 2 каровы трымае — каляіна раз на паўтара месяца, бо 60 кароў. Кошты на малако малыя, але ж дзяцей трэба вучыць. Мы купілі трактарок на га зямлі — 30 сотак бульбы, а так жыта, ячмень…»

Карэспандэнт: «А каб у замак уся Эўропа прыяжджала, мо не за 300 мелі б?»

Магель: «Можа б — ня нам рашаць…»

Спадар: «Сашка, ідзі сюды!»

Гэта я ўжо на ўскраіне Крэва, на ганку побач зь дзедам Іванам Балундам, які кліча свайго 32-гадовага сына-трактарыста. Апошні атрымаў ад калгаса два гады таму так званы «фінскі» домік. Насупраць, «як на злосьць», па яго словах, — тры сьвежапабеленыя «прэзыдэнцкія», з гранітнымі платамі, прасторнымі хлявамі ды «аўто» на падворку.


Спадарства: «У іх старшыня, інжынэр і ўчастковы. Каму прэзыдэнцкія, каму фінскія. „Фанэрку“ гэту ўжо год далі… „Фінскія“ домікі г…чыя! Падлога на 5 цаглінаў пакладзеная, а ўнутры — „пустое цела“. Халодныя — дроў трэба да чорцікаў — у 4 раніцы ўставай, у 10 вечара ізноў дровамі да ночы… Карацей, каб таму, хто гэты домік рабіў, рукі адваліліся. У сьценах гэтыя дошчачкі — кулакі праваляць…»

Карэспандэнт: «Прыватызаваць хату даюць?»

Спадарства: «Патрэбная яна — аж 45 мільёнаў! (Сьмяюцца.) 500 тысяч пэнсіі атрымліваю. А тут аграгарадок — ані хлява, ані паветкі, ані платоў — шукай жэрдак. Які гэта дом?!»

* * *

Тым часам у мясцовай школе скончыліся ўрокі. Ля майго мікрафона сабраліся 11-клясьнікі са значкамі БРСМ на аднаколерных сініх пінжаках ды добрым беларускім маўленьнем — Аўген ды Елісей Папковы з Алесем Чэкам.


Карэспандэнт: «А Крэва як вёска — падабаецца?»

Маладзёны: (хорам ) «Так, лепш, чым астатнія!.. Гэты замак, царква, бліндажы зь Першай сусьветнай… »

Карэспандэнт: «А што ў 1385 годзе ў Крэве было?»

Маладзёны: «Крэўская унія была заключаная… Усе ведаем… Шкада — правоў не атрымаем, вучэльні ня трэба было б канчаць…»

Яшчэ нядаўна Крэўская школа мела статус «аграрнай», што ўздымала яе прэстыж і прываблівала вучняў з навакольля. Але, як цьвердзіць дырэктар, 42-гадовы спадар Капыш, ва ўсім вінавата зайздрасьць,бо гэта адбірала навучэнцаў у галіновай Смаргонскай СПТВ. Але самотны выгляд Сяргей Леанідавіч, пэдагог па прызваньні, які толькі што вынес на сабе школьны рамонт ды ўзрасьціў за 7 год працы разам з вучнямі 68 га прысядзібнай лясной гаспадаркі, меў і з-за таго, што яго празь дзень пераводзілі на пасаду старшыні сельсавету.


Карэспандэнт: «Дык а ў сельсавет каб не ісьці, спрабавалі ўпірацца? Вы так асуджана пра гэта сказалі, што я віншаваць вас ня буду…»

Капыш: «Можа… Мы рыхтавалі хлопцаў на трактарыста-машыніста катэгорыі „А“, дзяўчаткі былі гаспадынямі сядзібы, і быў павышаны ўзровень навучаньня па беларускай мове і біялёгіі. З 2005 году ў нас ішоў рост паступленьня ў ВНУ і ў мінулым годзе склаў 18 выпускнікоў…»

Карэспандэнт: «Як ударыць ліквідацыя статусу аграшколы?»

Капыш: «Канечне, кепска. Многа ж хлопцаў і дзяўчат паступалі пасьля нас у аграрным кірунку. І тэхніка была, і аўтадром, і майстар вытворчага навучаньня — усё забралі і ліквідавалі…»

Так атрымалася, што празь некалькі хвілін пазнаёміўся і з былым майстрам, спадаром Маршалкам, які з роварам ішоў ля былога месца працы.


Маршалак: «Давялося ісьці на пэнсію ў 58 гадоў — мог бы працаваць, заробку тысяч 200 страціў. А я ўсё жыцьцё рабіў — 250 рублёў пэнсіі. Але гаспадарку дзяржым, малако на продаж, коней, сьвіней трымаем, зямлі паўгектара. Я вам скажу — у параўнаньні з 60-70-мі мінулага веку жывем вельмі добра. Бацькі хадзілі па кустах, касілі сена. У лес нельга было зайсьці жэрдку ўзяць. Цяперака ўсё выпісваюць, і сенакосу шмат. Цялят здамо — за кілю жывой вагі столькі ж даюць зерня. А бацьку працадні налічвалі. Адзінае, ня хочуць рабіць самі…»

Вучні спадара Вячаслава зь ім яўна нязгодныя.

Карэспандэнт: «А ці будзеце заставацца ў Крэве, задумваліся?»

Маладзёны: «Так, шмат разоў. Жаданьне застацца ёсьць, працаваць — ня надта знойдзеш, каб і заробак быў добры… А мы вучыцца ў Менск паедзем… А я паеду ў Вілейку на цесьляра… А я яшчэ не вызначыўся…»

А цяпер — ізноў да размовы пра будучыню Крэўскага замка і жыцьця крэўчанаў з Алесем Камінскім, дасьведчаным краязнаўцам і, як мне падалося, чалавекам энэргічным.


Карэспандэнт: «Гістарычная спадчына здолела б вёску зрабіць не паміраючай, а падняць яе?»

Камінскі: «Зразумела! Ня толькі тым, што экскурсаводы раскажуць пра агульнавядомае. Каб мясцовым жыхарам было ня проста цікава, але яшчэ і грошы зараблялі. Восеньню „прадалі“ з вучнямі гульню „Крэўскі кірмаш“. Гасьцей вадзілі па знакамітых месцах, і на кожным — „гандлёвая“ пляцоўка. Дзе дзеці нешта ў строях пра яго расказваюць. Гасьцям прапануюць, хто першы ўзьбярэцца на гарадзішча 10-11 стагодзьдзя, у бліндажы ваенным, хто хутчэй касьцёр распаліць. Тут ёсьць і рэчка, возера. Думаю, што можна крэўскімі легендамі ўвагу прыцягнуць.

Тая ж самая Юр’ева гара! Чаму так называецца, знайшоў у кнізе Балінскага, выдадзенай у 1842-м. Апісваецца зьява, якая цяпер называецца палтэргейст. Пазначаецца дата — 1804, дзейныя асобы, хто дасьледаваў. Аднойчы мясцовы ганчар зьляпіў прыгожы гаршчочак і — бац — ён ператварыўся ізноў у камяк гліны. Пачаў ляпіць наноў — ізноў! Спалохаўся, пайшоў да ксяндза. Ксёндз раззлаваўся — „хай гэты чорт сам да мяне прыйдзе!“ Празь нейкі час сядзіць ля коміна і бачыць, як вылятае галавешка і праз падворак, нібы хто нясе, падлятае да адрыны і падпальвае яе. І згарэла. Прыехала камісія разьбірацца, вучоны-фізык зь Віленскага ўнівэрсытэту. І патрапіла пад град камянёў, што аднекуль сыпаліся. Ксёндз даведаўся, што некага пахавалі, але не адпелі, і душы давалі пра сябе знаць…»

Карэспандэнт: «А калі ўсур’ёз, якія эканамічныя грунты пад будучыню Крэва можна падвесьці? Алесь, я інвэстар, куды сотні тысяч даляраў укласьці?»

Камінскі: «Гатэлю не хапае. Але каб сюды ехалі — частку грошай трэба на рэстаўрацыю замка. А ці яна магчымая? Яшчэ ў 30-я гады, калі гэтым палякі займаліся, Станіслаў Лорэнц казаў, што ніхто ня ведае, як ён выглядаў, чарцяжоў няма…»

Карэспандэнт: «Наколькі безнадзейныя гэтыя руйнаваньні для рэстаўрацыі?»

Камінскі: «Кансэрвацыю зрабіць хаця б, каб тое, што ёсьць, захаваць, дах зрабіць над гэтымі сьценамі. Усё роўна цікавяцца, сюды едуць. Сяргей Гапон 2 разы праводзіў фотапленэры з мастакамі. Тут былі габрэйскія мястэчкі, палякі тыя самыя. Я сустракаў з Амэрыкі гэткага ж захопленага нашымі мясьцінамі — магілы сваякоў тут шукаў! Нават зямлі ўзяць хацеў, дзе былі яго продкі. А каб былі сувэніры? Традыцыі ганчарства адрадзіць — ёсьць у Смаргоні чалавек, што заўзята займаецца гэтым. Былі б умовы — сюды зь сям’ёй перабраўся б!»

Карэспандэнт: «А сам гатовы пакласьці жыцьцё на аднаўленьне Крэва?»

Камінскі: «Я стараюся, раблю, пляны ёсьць…»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG