Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрушаў і Лаўроў пра газ не гаварылі


Мікалай Патрушаў
Мікалай Патрушаў

Сёньня ў Менску сустракалі двух высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў: сакратара Рады бясьпекі Мікалая Патрушава і міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова. Адметнасьцю абодвух візытаў стала тое, што яны адбываюцца на тле газавай вайны паміж Расеяй і Беларусьсю.

Першым у Менску зьявіўся Мікалай Патрушаў. У размове зь ім Аляксандар Лукашэнка ізноў паўтарыў сваю нязьменную тэзу пра тое, што ў Расеі на заходнім рубяжы ёсьць надзейны сябар — Беларусь:

"Тут на заходніх рубяжах у рускага чалавека ёсьць надзейная апора і ёсьць надзейныя сябры. І ў якіх бы абставінах мы ні знаходзіліся і ні працавалі, мы заўжды былі і будзем разам".

Абставіны ў апошнія дні і сапраўды моцна зьмяніліся. Расея патрабуе выплаты доўгу за скарыстаны газ, абмяжоўвае пастаўкі для Беларусі. Для афіцыйнага Менску гэта вялікая праблема. Што і прызнаў сёньня Аляксандар Лукашэнка, калі казаў сакратару Рады бясьпекі Расеі:

"Калі б нашы грамадзянскія ведамствы мелі такія стасункі і вынікі супольнай працы, як Міністэрствы замежных спраў і асабліва абароны, бясьпекі, то ў нас не было б ніякіх праблем".

Ні Мікалай Патрушаў, ні яго беларускі калега Леанід Мальцаў, які таксама прысутнічаў на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, ніякіх гучных заяваў пасьля яе заканчэньня не зрабілі. Спадар Мальцаў толькі паведаміў, што сакратарыяты Рад бясьпекі цяпер будуць зацьвярджаць плян супольных дзеяньняў. А Мікалай Патрушаў казаў, што размова ішла пра тое, як лепш супрацьстаяць пагрозам і як гэтаму запабегчы.

Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў называе сёньняшнюю сустрэчу звычайнай:

Андрэй Фёдараў
"Іх было ўжо шмат, і звычайна яны вельмі падобныя адна да адной. Усе кажуць, што тут супрацоўніцтва ідзе больш плённа і актыўна, чым у іншых галінах. Паўтараюць, што ёсьць пагрозы для бясьпекі абедзьвюх краін, хаця апошнім часам, як я разумею, крыніцы небясьпекі не называюцца.

Таму, падаецца, на сёньняшняй падставе рабіць высновы пра нейкія іншыя праблемы не выпадае. Тэматыка перамоваў — традыцыйная і звыклая. І нічога асаблівага я тут ня бачу".

Сяргей Лаўроў свае меркаваньні наконт газавага канфлікту выказаў сёньня яшчэ ў Маскве. Ён сказаў, што гэты канфлікт не ўваходзіць у кампэтэнцыю МЗС. Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства дадаў, што Расея на перамовах зь Беларусьсю пра газавае пытаньне будзе сыходзіць толькі з тых дамоўленасьцяў, якія ўжо існуюць. "Дыялёг грунтуецца на падпісаных кантрактах, і, мне падаецца, тут не павінна быць непаразуменьняў", — адзначыў Сяргей Лаўроў.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расеі Андрэй Несьцярэнка сказаў, што візыт Сяргея Лаўрова носіць працоўны характар у рамках рэгулярнага дыялёгу, які вядуць міністэрствы замежных спраў абедзьвюх краін.

У Менску зьвяртаюць увагу на тое, што візыт міністра замежных спраў Расеі не зьяўляецца нечаканым. Ён быў заплянаваны задоўга да абвастрэньня газавага канфлікту.

Чакаецца, што Сяргей Лаўроў прыляціць у Менск увечары. Афіцыйнага пацьверджаньня яго сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам пакуль няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG